Аруба
| |||||
Гімн: «Aruba Dushi Tera» | |||||
Дата незалежнасці | 1 студзеня 1986 (ад Нідэрландскія Антыльскія астравы) | ||||
Афіцыйныя мовы | нідэрландская і пап'ямента | ||||
Сталіца | горад Араньестад | ||||
Найбуйнейшыя гарады | горад Араньестад | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
Каралева Генерал-губернатар Прэм'ер-міністр |
Беатрыкс Фрэдыс Рэфуньёл Майк Эмам | ||||
Плошча • Усяго |
178,91 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2010) • Шчыльнасць |
101484 чал. 567 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2007) • На душу насельніцтва |
$2400 млн $ | ||||
Валюта | флорын Арубы | ||||
Інтэрнэт-дамен | .aw | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AW | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ABW | ||||
Код МАК | ARU | ||||
Тэлефонны код | +297 | ||||
Часавыя паясы | -4 |
Аруба (нідэрл.: і пап’ям.: Aruba) — краіна на аднайменным востраве ў Карыбскім моры. З’яўляецца адной са складовых частак Каралеўства Нідэрланды, мае агульнае з Нідэрландамі грамадзянства. Плошча — 178,91 км². Насельніцтва (2010) — 101 484 чалавек. Сталіца — горад Араньестад.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі насельнікамі Арубы былі індзейцы-аравакі з племені какетыя, якія прыбылі з тэрыторыі сучаснай Венесуэлы ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. Яны жылі малымі сямейнымі групамі на ўзбярэжжы, займаліся ловам рыбы, вырошчвалі кукурузу і клубневыя культуры. На мове аравакаў orubo значыла «добра размешчаны»[1].
У 1499 г. востраў был адкрыты іспанскай экспедыцыяй на чале з Алонса дэ Ахеда. У 1513 г. іспанцы гвалтоўна перасялілі мясцовых індзейцаў на Эспаньёлу для працы на рудніках, але ў 1515 г. па каралеўскаму загаду ўцалелыя какетыя вярнуліся на радзіму, дзе заняліся развядзеннем буйной рагатай жывёлы. Яшчэ ў XIX ст. індзейцы складалі прыкладна траціну ад усіх жыхароў Арубы[2].
У 1636 г. востраў быў захоплены галандскай Ост-Індскай кампаніяй, якая валодала ім да брытанскай акупацыі 1805—1816 гг. У 1816 г. востраў быў перададзены нідэрландскай манархіі. Галандцы і брытанцы амаль не клапаціліся пра Арубу, тут не існавала плантацыйных гаспадарак і сталых еўрапейскіх паселішчаў. Востраў часта наведвалі піраты[3].
Сітуацыя рэзка змянілася ў 1826 г., калі на Арубе было знойдзена золата. Здабыча золата і гуана прыцягвала перасяленцаў з іншых Антыльскіх астравоў і Еўропы. У выніку неміласэрнай эксплуатацыі абмежаваных прыродных рэсурсаў на востраве зніклі лясы, вычарпаліся многія крыніцы пітной вады. Але запасы каштоўных выкапняў аказаліся малымі і да 1916 г. былі практычна вычарпаны.
У 1928—1929 гг. на Арубе быў пабудаваны нафтаперапрацоўчы завод. На ім працавала каля 8000 чал. Да 1970-х гг. завод заставаўся адным з найбуйнейшых у свеце. Дзякуючы наяўнасці прамысловасці астравіцяне мелі высокі ўзровень жыцця адносна іншых краін Карыбскага мора. Ужо ў сярэдзіне XX ст. амаль не засталося непісьменных. У пасляваенны перыяд пачаў развівацца турызм, які ў нашы дні складае аснову мясцовай эканомікі.
У 1956 г. Аруба ўвайшла ў склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Але ў 1971 г. на востраве разгарнуўся рух за незалежнасць. 1 студзеня 1986 г. Аруба выйшла са складу Нідэрландскіх Антылаў і набыла асобны аўтаномны статус. Меркавалася, што ў 1996 г. будзе абвешчана незалежнасць. Аднак на сходзе ў Гаазе ў 1994 г. пераход да поўнай самастойнасці быў адкладзены на няпэўны тэрмін[4].
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Аруба ўваходзіць у групу Паўднёвых Падветраных Малых Антыльскіх астравоў. Знаходзіцца ў 27 км на поўнач ад узбярэжжа Венесуэлы. Выцягнута ў даўжыню на прыкладна 30 км, у шырыню — на 8 км[5]. Утворана каля 90 — 95 млн гадоў таму ў выніку вулканічнай актыўнасці. Частка паверхні сфарміравана пазнейшымі асадкавымі пародамі, пераважна вапнякамі[6]. Найвышэйшы пункт — узгорак Джаманота (188 м). Узбярэжная зона славіцца сваімі пляжамі з белым пяском і спакойнай вадой. Частку ўзбярэжжа атачае каралавы рыф, за якім месціцца Іспанская лагуна. На заходнім узбярэжжы — 3 глыбакаводныя залівы, што выкарыстоўваюцца як марскія парты.
Клімат марскі трапічны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 27 °C да 29 °C на працягу года. Сезон дажджоў цягнецца з кастрычніка па снежань, аднак агульная колькасць ападкаў вельмі малая, каля 200 мм у год. На востраве ўвесь час не хапае пітной вады. Для забеспячэння ёю насельніцтва выкарыстоўваюцца апрасняльныя ўстаноўкі[7].
Флора паўпустынная, шмат кактусаў, акацый, а таксама Malpighia emarginata, Coccoloba swartzii і інш. Фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, чарапахамі і амаль знішчаным мясцовым відам грымучых змей Crotalus unicolor[8].
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Аруба з’яўляецца часткай Каралеўства Нідэрландаў, аднак пры гэтым разглядаецца як самастойная дзяржава, якая захоўвае федэратыўную сувязь з Нідэрландамі і агульнае з імі грамадзянства. Абарона вострава і знешнія сувязі фактычна кантралююцца Нідэрландамі.
Главой выканаўчай улады з’яўляецца Каралева Нідэрландаў Беатрыкс, прадстаўленая на Арубе генерал-губернатарам (прызначаецца на шасцігадовы тэрмін па рэкамендацыі Кабінета Міністраў), і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Кабінет Міністраў (ад 7 да 9 міністраў, паўнамоцны міністр прадстаўляе інтарэсы Арубы ў Гаазе).
Заканадаўчая ўлада прастаўлена аднапалатным паламентам (Staten). У яго склад уваходзіць 21 прадстаўнік, выбраны тэрмінам на 4 гады. Грамадзяне карыстаюцца выбарчым правам з 18 гадоў. На выбарах 2009 г. амаль палову галасоў выбаршчыкаў атрымала Арубская Народная Партыя (Arubaanse Volkspartij).
Вярхоўным органам судовай улады з’яўляецца Сумесны Вярхоўны Суд, які прызначаецца манархам[9].
Дзейнічае Канстытуцыя 1985 г.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Насельнікі Арубы адносяць сябе да некалькіх дзясяткаў этнічных супольнасцяў, што вызначае значную стракатасць мясцовай культуры. Гэта выяўляецца ў святкаванні памятных дат, характэрных для Нідэрландаў, Карыбскіх краін, Лацінскай Амерыкі і ЗША. Асабліва яркім мясцовым святам з’яўляецца зімовы карнавал, які суправаджаецца адначасова карыбскай, лацінаамерыканскай і галандскай музыкай і скончваецца маляўнічым нядзельным гранд-парадам. У мінулым карнавалы прымяркоўваліся да заканчэння вялікага посту. Спаленне пудзіла мома сімвалізавала завяршэнне зімовага святочнага цыкла. Гэты звычай падтрымліваецца і ў нашы дні[10].
З 2009 г. на Арубе праводзіцца міжнародны фестываль кіно[11], які набывае ўсё большы прэстыж.
Традыцыйная кулінарыя складаецца са страў з кукурузы і бабовых, якія звычайна тушацца ў печы і падаюцца з мясам (ялавічына, казляціна) або рыбай. Дзякуючы запазычванню іншаземных традыцый і зменам у ладзе жыцця большасць сучасных жыхароў Арубы аддае перавагу імпартным прадуктам: рысу, кураціне, гародніне. Пераважаюць італьянскія і кітайскія закусачныя. Аднак у кавярнях таксама можна пакаштаваць традыцыйныя пірагі пастэчы з сырам ці мясам і чорныя (па колеру) салодкія выпечкі[12][13].
Звычайна кожны насельнік Арубы з дзяцінства ведае некалькі моў. Адной з афіцыйных моў з’яўляецца галандская. Шырока распаўсюджаныя англійская і іспанская мовы. Многія размаўляюць на партугальскай, французскай, кітайскай і інш. Французская мова выкладаецца ў школах і карыстаецца папулярнасцю з-за магчымасці працягваць адукацыю ва ўплывовых універсітэтах Францыі і Бельгіі. Аднак галоўнай мовай лічыцца мясцовая крэольская мова пап'ямента. Яна выкладаецца ў школах і выкарыстоўваецца на дзяржаўным узроўні. З пашырэннем іміграцыі і ўплыву іншаземных культур, перш за ўсё амерыканскай, карыстанне пап’ямента набыло важнае значэнне для вылучэння культурных асаблівасцяў менавіта тубыльцаў самой Арубы[14].
Сістэма адукацыі ў агульных рысах нагадвае галандскую. На Арубе дзейнічае 68 школ, якія даюць пачатковую адукацыю, 12 школ — сярэднюю, 5 устаноў — вышэйшую адукацыю. Аднак да вышэйшай адукацыі адносяць таксама атрыманне прафесійных ведаў. Універсітэт Арубы рыхтуе спецыялістаў са званнямі бакалаўраў і магістраў у галінах права, фінансаў, эканомікі, а таксама кіравання турыстычнымі прадпрыемствамі[15]. Акрамя таго, працуюць 2 медыцынскія школы, якія забяспечваюць выпускнікоў універсітэцкімі дыпломамі[16][17].
Установы адукацыі фінансуюцца дзяржавай, а іх якасць лічыцца адной з найвышэйшых у Карыбскім рэгіёне.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ History
- ↑ Our History
- ↑ The Pirate Priest Treasure of Aruba
- ↑ Timeline: Aruba
- ↑ Geography of Aruba Архівавана 16 мая 2013.
- ↑ Geological Origins of Aruba(недаступная спасылка)
- ↑ The World Geographical Encyclopedia / John F. McCoy, Project Editor. — Thompson Gale, 2003. P. 30.
- ↑ Rebecca Elliott, Birds, flora and fauna of Aruba
- ↑ POLITICAL STABILITY Архівавана 25 сакавіка 2012.
- ↑ Experiencing the Carnival of Aruba
- ↑ arubainternationalfilmfestival.com Архівавана 8 мая 2021.
- ↑ Countries and Their Cultures:Aruba
- ↑ Culinary tips from top Aruban chefs
- ↑ The role of Papiamento in Aruban nationalism Архівавана 10 ліпеня 2012.
- ↑ University of Aruba Архівавана 11 мая 2011.
- ↑ Аureus University Aruba(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2012. Праверана 4 кастрычніка 2012.
- ↑ Xavier University School of Medicine Foundatio