Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Кінамастацтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кіно)

Кінамастацтва (скарочана — кіно; ад грэч. kinesis — рухаюся, рухаю) — від мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных ці ўзноўленых сродкамі мультыплікацыі падзей.

Асноўныя рысы

[правіць | правіць зыходнік]

У кінамастацтве сінтэзуюцца некаторыя рысы іншых відаў мастацтва — літаратуры, тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва. Кіно з’яўляецца важным сродкам фармавання эстэтычных густаў гледачоў. Падзяляецца на мастацкі, дакументальны, навукова-папулярны, мультыплікацыйны (анімацыйны) віды.

Асноўныя жанры кіно — меладрама, камедыя, баявік, трылер, фільм жахаў, гістарычны фільм, фантастыка, прыгодніцкі фільм і інш. Асноўныя выразныя сродкі ў кінамастацтве — кінавыява і мантаж.

Кіно ўзнікла як мастацтва «жывой фатаграфіі». Вынаходнікамі кіно з’яўляюцца браты Люм’ер (1895, Францыя). У першыя дзесяцігоддзі кіно было «нямым», у якім не было агучвання роляў, а ў якасці гукавога афармлення фільмаў у кінатэатры граў музыка або нават невялікі аркестр. У 1927 годзе выйшаў на экраны першы гукавы фільм «Спявак джазу» (ЗША). У сярэдзіне 20 ст. з’явілася магчымасць выпускаць першыя каляровыя фільмы; некалькі пазней узнікла шырокафарматнае і шырокаэкраннае кіно. У другой палове 20 ст. на сусветнае кінамастацтва аказалі прыкметны ўплыў італьянскі неарэалізм і французская «новая хваля», якая ў даступнай, нярэдка забаўляльнай форме ўвасобіла інтэлектуальныя пошукі чалавека, стварыла новую эстэтыку кіно (А. Рэнэ, Ф. Труфо, Ж.-Л. Гадар, К. Шаброль).

У сярэдзіне 20 ст. узнікла т.зв. «аўтарскае кіно», дзе ў параўнанні з калектыўнымі «жанравымі фільмамі» больш выяўлялася аўтарская індывідуальнасць. Яго найбольш яркімі прадстаўнікамі былі італьянскія рэжысёры Ф. Феліні, іспанскі рэжысёр Л. Бунюэль, шведскі І. Бергман, японскі А. Курасава, расійскі А. Таркоўскі, армянскі С. Параджанаў і інш. Да ліку найбольш вядомых і папулярных кінаакцёраў 20 ст. адносяцца М. Ліндэр, Ч. Чаплін, Б. Кітан, М. Дзітрых, С. Ларэн, Б. Бардо, М. Манро, Р. дэ Ніра, Ж.-П. Бельмандо, А. Дэлон, Д. Нікалсан, Р. Рэдфарт, Х. Форд, А. Чэлентана, М. Стрып, Д. Хофман, Ж. Дэпардзье, І. Аджані, С. Марсо і інш.

За апошнія дзесяцігоддзі прыкметна павялічылася роля спецэфектаў у стварэнні мастацкіх кінастушак, а таксама ўзрасла колькасць відовішчных фільмаў — блокбастэраў. Вядучую ролю ў сусветным кінапрацэсе (па колькасці фільмаў, іх распаўсюджанасці і папулярнасці ў свеце) грае амерыканская кінаіндустрыя з яе цэнтрам у Галівудзе.

  • Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6

Кінафестывалі