Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Рэцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэцыя як правінцыя Рымскай імперыі
Рымскія правінцыі

Рэцыя (Рэтыя) (лац.: Raetia, Rhaetia, рэтарам.: Raetia), з Віндэліцыяй ці Віндэлікіяй — самая заходняя з дунайскіх правінцый Рымскай імперыі, якая ўваходзіла ў склад італійскай дыяцэзіі.

Была абмежавана з усходняга боку Норыкам і зямлёй венетаў, з паўднёвай — Транспаданскай Галіяй, з заходняй — Гельвеціяй, з паўночнай — Германіяй; у склад яе ўваходзілі паўднёвыя часткі цяперашніх Бадэна, Вюртэмберга і Баварыі, паўночна-ўсходняя і ўсходняя частка Швейцарыі, Ціроль і частка Ламбардыі.

Асноўная маса рэтаў (Raeti, Ραιτοί, гэта значыць «горцы», ад кельцк. raiti), роднасных, верагодна, італійскім разенам ці этрускам, займала горную краіну паміж Норыкам, Гельвеціяй, П.-Гатардам, Бодэнскім возерам і далінай ракі Іна, распаўшыся на плямёны камунаў, ленонціяў, веностаў, брыксентаў, мезіятаў, эўганеяў, трыдэнцінцаў і інш. На поўнач ад іх жылі віндэлікійцы. Насельніцтва Рэцыі займалася жывёлагадоўляй, вінаробствам і часткова земляробствам.

У 15 годзе да н.э. рымскі ўрад вырашыў засцерагчы паўночную мяжу Італіі. Пасербы Аўгуста, Тыберый і Друз, першы праз Гельвецыю, другі з Італіі, уверх па даліне ракі Эч, уварваліся ў Рэцыю і ў адзін летні паход разбілі плямёны, якія адчайна абараняліся, але дзейнічалі без агульнага плана. Мноства людзей было перабіта і прададзена ў рабства; з мэтай раманізацыі края частку насельніцтва высялілі і замянілі надзейнымі каланістамі. Тады ж былі пракладзены найважнейшыя ў гандлёвым і стратэгічным планах дарогі, якія злучалі галоўныя пункты Паўночнай Італіі з верхнім Дунаем, Бодэнскім возерам і ўсходняй Швейцарыяй. Цэнтрам рымскага кіравання і культуры стаў горад Augusta Vindelicorum (Аўгсбург) на Леху, дзе сыходзіліся дарогі з Італіі. Адна з іх ішла ад Кома на Кіявену і Кур да Брыганцыі (Брэгенц) на Бодэнскім возеры, а адтуль у Аўгсбург; іншая з Аквілеі, праз Карнійскія Альпы, да Вельдыдэны (Вільдэн) на Іне ў Рэцыі; тут з ёю сустракалася трэцяя, самая значная дарога з Вероны на Трыент, уверх па даліне ракі Эч, затым Брэнерам, далінай Іна і Баварскімі Альпамі да Вельдыдэны і Аўгсбурга. Гэта дарога ў 47 годзе была завершана Клаўдзіем і працягнута да верхняга Дуная; па яго імі яна стала называцца via Claudia.

Рэцыя кіравалася чыноўнікамі невысокага рангу, падпарадкаванымі імператару: моцны атрад, які займаў правінцыю і ахоўваў шляхі, якія злучалі Італію з поўначчу, небяспечна было даручаць чалавеку з сенацкай партыі. Рэцыя адміністрацыйна была падзелена на Raetia prima, гэта значыць уласна Рэцыю, і на Raetia secunda ці Віндэліцыю: галоўныя гарады першай — Сuriа Raetorum (Кур), Tridentum (Трыент), Clavenna (Кіявена), Вilitiа (Белінцона), Bauzânum (Боцэн).

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).