Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Ілірыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Асноўныя народы Ілірыі

Ілірыя, або Ілірык (стар.-грэч.: Ιλλυρια, лац.: Illyricum) — старажытная назва заходняй часткі Балканскага паўвострава, якую насялялі ілірыйцы. Іх міфычным прабацькам лічыўся Ілірый. Гэта зямля мела велізарнае гаспадарчае і ваенна-стратэгічнае значэнне для Рымскай імперыі, бо служыла сувязным звяном паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.

Ва ўяўленнях старажытных, Ілірыя распасціралася на захад ад Фесаліі і Македоніі і на ўсход ад Італіі і Рэцыі аж да Істрыі на поўначы. Пазней сталі адрозніваць так званую грэчаскую Ілірыяй і Ілірыяй варварскую. Першая называлася таксама новым Эпірам і ўяўляла сабой поўную вапнавых горных ланцугоў і цудоўных паш краіну, якую абмяжоўвалі Эпір, Македонія, горы Скард і р. Дрыдан.

Паўночная, або варварская Ілірыя, частка якой уваходзіла ў склад царства Аграна і яго пераемнікаў, была краінай вельмі гарыстай. З горных сістэм старажытныя называюць Албанскія горы, на ўсход ад іх Бебійскія, якія аддзялялі Лібурнію і Далмацыю ад Паноніі, Ардыйскія і, нарэшце, Скардыйскія паміж Ілірыяй, Мёзіяй і Македоніяй.

Краіны, якія ляжалі тут, былі ўрадлівымі, выраблялі дастаткова аліўкавага алею і віна, хоць мала апрацоўваліся мясцовым насельніцтвам, якое больш зарабляла рабаваннямі (Страбон, кн. VII). Пра адно з плямёнаў Ілірыі, япадаў, Страбон паведамляе, што яны былі татуяваны (грэч. κατάστικτοι), як і іншыя ілірыйцы і фракійцы. Іншыя плямёны Ілірыі: лібурны на поўдзень ад япадаў, далматы і аўтарыяты.

Самым важным з народаў Ілірыі былі далматы (у грэч. пісьменнікаў дэлматы), першапачаткова саюз плямёнаў (булінаў, гілінаў, нестаў, маніяў), якія гуртаваліся вакол горада Далміёна, або Дэлмініяна. Лібурны, або лібірны, першапачаткова мелі паселішчы і ў верхняй Італіі, яны займаліся мараходствам, і асабліва славіліся сваімі невялікімі, хуткаходнымі баркамі (лембамі); лібурны былі рана падпарадкаваны рымлянам.

Грэчаская Ілірыя

[правіць | правіць зыходнік]
Руіны Апалоніі ў Ілірыю.

У Ілірыю рана пасяліліся грэчаскія каланісты. У 627 годзе да н.э. выхадцы з Карынфа і Керкіры заснавалі на паўднёвым канцы вузкай мацерыковай касы горад Эпідамн, пазней пераназваны ў Дырахій (суч. Дурэс), а ў 588 годзе да н.э. Апалонію на рацэ Аоя.

Ілірыйскія войны

[правіць | правіць зыходнік]

Унутры краіны жылі шматлікія паўдзікія разбойніцкія плямёны ілірыйцаў, якія часам аб'ядноўваліся пад уладай племянных старшынаў і цароў. Царок гэтай Ілірыі Бардаліс уступіў у барацьбу з Філіпам Македонскім, быў пераможаны і вымушаны саступіць большую частку сваіх уладанняў. Царская ўлада, аднак, захавалася ў пераемнікаў Бардаліса, і Ілірыйскае царства неўзабаве, апроч часткі новага Эпіра, стала ахопліваць землі на поўнач ад р. Дрына да астравоў Фара і Ісы.

Вялікае значэнне Ілірыя атрымала пры цары Агране (пам. 231 да н.э.) з племя ардыэяў, якому ўдаўся набег на грэчаскую Акарнанію. Пасля яго кіравала яго ўдава Тэўта, якой удалося перамагчы ахейцаў і эталійцаў і ўзяць Керкіру. Пры ёй рабаванні ілірыйцаў выклікалі ўмяшанне рымлян, якія паслалі на Ілірыю войска, якое за два гады скарыла ўсю краіну. У выніку грэчаскія гарады Ілірыі былі абвешчаны свабоднымі, гэтак жа як і частка народаў новага Эпіра, а Тэўта абавязалася плаціць даніну (228 да н.э.).

У 168 да н.э. нашчадак Аграна Гентый заключыў саюз з Персеем Македонскім і пачаў вайну з рымлянамі; за 30 дзён вайна была скончана, ён узяты ў палон, а Ілірыя, якая была пад яго ўладай, падзелена на тры рэспублікі.

Рымская Ілірыя

[правіць | правіць зыходнік]
Карта 4-х правінцый

Частка Ілірыі ад Ліса да Кераўнскіх гор канчаткова перайшла да рымлян і была злучана з правінцыяй Македоніяй. Яшчэ пасля вайны з Гентыем запатрабаваўся цэлы шэраг паходаў (конс. Г. Марцыя, Цэц. Метэла, Сцыпіёна Назікі, потым Юлія Цэзара, Антонія і Аўгуста), каб канчаткова скарыць далматаў; апошні паход супраць іх быў прадпрыняты Стацыем Таўрам у 23 г. да н.э. Замацавана было набыццё Ілірыі падпарадкаваннем Рэцыі і Віндэліцыі ў 15 г. і Норыка і Паноніі у 14 і 12-10 гг. да н.э.

Заваяваныя рымлянамі ў 167 да н.э. тэрыторыі ардыяў (Illyricum regnum) у 148 да н.э. увайшлі ў склад рымскай правінцыі Македонія. Пазней Ілірыя — самастойная рымская правінцыя, утвораная, верагодна, ва II стагоддзі да н.э. (самае позняе пры Цэзары, сярэдзіна I стагоддзя да н.э.) на тэрыторыі рассялення астатніх ілірыйскіх плямёнаў, заваяваных рымлянамі да канца I стагоддзя да н.э.

Пасля вялікага панонскага паўстання (6-9 н.э.), Ілірыя разам з ізноў набытымі і заваяванымі землямі, была падзелена на дзве правінцыі, Панонію і Далмацыю. З часоў Траяна і імператара Марка Аўрэлія траціна рымскай арміі стаяла ўвесь час лагерам у Ілірыі, бо ўся гэта правінцыя мела характар узброенага лагера. Пачынаючы з Септымія Севера, абвешчанага імператарам у Саварыі або Карнунце, Ілірыя адыгрывала ключавую ролю ў гісторыі Рымскай імперыі.

У перыяд Рымскай імперыі Ілірыкам называлася мытная акруга, якая ўключала дунайскія правінцыі: Рэцыю, Норык, Панонію, Дакію, Далмацыю, Мёзію. Пры імператары Дыяклетыяне (канец III стагоддзя) Ілірык быў падзелены на Заходні Ілірык (Illyricum occidentale) і Усходні Ілірык (Illyricum orientale). У Ілірыі таксама пачыналася Эгнацыева дарога, якая злучала Дырахій (суч. Дурэс) на адрыятычным узбярэжжы і Візантый на ўзбярэжжы Мармуровага мора.

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).
  • Р. О. Bahr, «Der Ursprung der röm. Provinz Illyrien» (Diss. 1876);
  • Zippel, «Questionum illyricarum specimen» (1876);
  • его же, «Die römische Herrschaft in Illynen bis auf Augustus» (Лпц., 1877);
  • H. Cons, «La province Romaine de Dalmatie» (П., 1882);
  • J. Jung, «Römer und Romanen in den Donauländern» (1887);
  • яго ж, «Die romanischen Landschaften des r ö misches Reiches» (1881, з поўным зборам літаратуры);
  • Момзен, «Рымск. гістор.» (т. V, гл. 6) і «Corpus inscript. lat.» (т. III, Б., 1873);
  • Tomaschek, «Die vorslavische Topographie der Bosna, Crna-gora u. der angrenzenden Gebiete» («Mitteil. d. geograph. Geselsch. in Wien», 1880, 497—528, 545—567);
  • A. J. Evans, «Antiquarian researches in Illyricum» (I, II, I II, IV; from the Archaeologia vol. XLVIII, XLIX, Westminster, 1884, 1885, с хорошими картами).