Ярыла
Яры́ла — ва ўсходнеславянскай міталёгіі бог сонца, вясны, урадлівасьці й пачуцьцёвага каханьня[1].
Малады, прыгожы юнак, які разьяжджае на белым кані й у белым плашчы, на галаве ў яго вянок, у руках каласы, ногі босыя. У Юр’еў дзень Ярыла на загад маці адмыкае вароты неба й на белым кані прыяжджае на зямлю, а зь яго ўзьнікненьнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле. І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу. Яшчэ нядаўна сьвяткаваньне яго суправаджалася карагодам, песьнямі, потым папойкаю.
Паданьне малявала Ярылу як апекуна пачуцьцёвага каханьня. Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханьні. Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу акружаюць ня толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных вянок са сьвежых кветак. Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод сьпявае песьні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасьці зямлі й нараджэньню дзяцей.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярыла // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. - Мн.: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5
- Ярила, Ярило, Ярыло // Мифологический словарь (рас.)