Тыгр
Тыгр | |
Каралеўскі тыгр | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Сысуны |
Падкляса | Зьвяры |
Інфракляса | Пляцэнтарныя |
Надатрад | Ляўразыятэрыі |
Атрад | Драпежныя |
Падатрад | Коткападобныя |
Сямейства | Каціныя |
Падсямейства | Pantherinae |
Род | Panthera |
Від | Тыгр |
Даччыныя таксоны | |
| |
Бінамінальная намэнклятура | |
Panthera tigris (Linnaeus, 1758) | |
Арэал | |
Тыгр (тыгра; па-лацінску: Panthera tigris) — жывёла зь сямейства каціных.
Тыгр займае ганаровае месца сярод буйных драпежнікаў. Двума асноўнымі і самымі буйнымі падвідамі тыгра зьяўляюцца індыйскі (бэнгальскі) і амурскі (сыбірскі) — маса самцоў складае 180—275 кг, але ў асобных выпадках маса можа перавышаць 300 кг. Даўжыня цела тыгра без хваста ў залежнасьці ад падвіда вагаецца ад 1,4 да 2,8 м, хваста ад 60 да 110 см. Вышыня ў карку да 1,15 м. Звычайны дарослы самец у прыродзе важыць у сярэднім 200—240 кг (бэнгальскі каля 220 кг, амурскі каля 225 кг, бэнгальскі ў паўночнай Індыі і Нэпале каля 240 кг) пры даўжыні цела 2,9—3 м разам з хвастом і ў карку 95—102 см. Маса самак складае 100—180 кг, у асобных выпадках да 200 кг. Сярэдняя — 130—150 кг пры даўжыні цела карацей чым у самца на 30—45 см.
Тыгр — від выключна азіяцкі. Яшчэ некалькі стагодзьдзяў назад вобласьць яго расьсяленьня дасягала Казахстану і Паўночнага Ірану. Цяпер на большай частцы ранейшага арэалу тыгры знішчаныя; найбольшыя папуляцыі захаваліся ў Індыі і Індакітаі. Невялікая папуляцыя тыграў у Расейскай Фэдэрацыі ёсьць на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі.
Тыгры засяляюць розныя месцапражываньні, уключаючы мангравыя балоты і бамбукавыя гушчары ў тропіках, густыя лясы ў больш прахалодных абласьцях, голыя камяністыя сопкі і тайгу на поўначы.
Здабычай тыгру служаць капытныя (дзікі, алені, казулі) і шматлікія іншыя жывёлы, уключаючы малпаў, чарапах, неядавітых змей, рыбу, крабаў, жаб і казурак.
Калі не лічыць шлюбнага сезону і пэрыяду догляду маці за патомствам, тыгры вядуць адзіночны спосаб жыцьця. За ўсё сваё жыцьцё самка прыносіць 10—20 тыгранятаў, зь якіх выжывае меншая частка. Пражыць тыгр можа да 26 гадоў.
Падвіды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адрозніваюць дзевяць падвідаў тыграў, тры зь якіх ужо вымерлі:
- Сыбірскі тыгр, Амурскі альбо Усурыйскі тыгр (Panthera tigris altaica)
- Паўднёвакітайскі тыгр (Panthera tigris amoyensis)
- Балійскі тыгр (Panthera tigris balica)
- Індакітайскі тыгр (Panthera tigris corbetti)
- Малайскі тыгр (Panthera tigris jacksoni)
- Суматрыйскі тыгр (Panthera tigris sumatrae)
- Яванскі тыгр (Panthera tigris sondaica)
- Бенгальскі тыгр, Індыйскі тыгр альбо Каралеўскі тыгр (Panthera tigris tigris)
- Каспійскі тыгр, Персідскі тыгр, Туранскі тыгр (Panthera tigris virgata)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тигры.ru — усё аб тыграх, фатаграфіі тыграў, шпалеры і шматлікае іншае.
- Тигромания. RU — новы сайт пра тыграў
- Goodrich, J., Lynam, A., Miquelle, D., Wibisono, H., Kawanishi, K., Pattanavibool, A., Htun, S., Tempa, T., Karki, J., Jhala, Y. & Karanth, U. 2015. Panthera tigris. The IUCN (анг.)
- Dacres, K. 2007. "Panthera tigris" (On-line), Animal Diversity Web (анг.)
- Panthera tigris | ARKive (анг.)
- Ronald M. Nowak Walker's carnivores of the world (анг.) — JHU Press, 2005. — С. 261. — ISBN 0801880327