Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Трыяс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Трыясавы пэрыяд (сыстэма), трыяс — першы пэрыяд мэзазойскай эры. Пачаўся 252 мільёны рокаў таму й працягваўся 51 мільён рокаў. Пачатак і канец трыясу адзначаныя масавымі выміраньнямі.[1] Пэрыяд выдзелены ў 1834 годзе Фрыдрыхам фон Альбэрці, назву атрымаў з-за трохслойнай будовы адкладаў.

Фізычна-геаграфічныя ўмовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усе кантынэнты цягам трыясавага пэрыяду былі аб’яднаныя ў Пангею. Працягвалі існаваць акіяны Панталяса, Палеатэтыс і Нэатэтыс.

У супрацьлегласьць да позьняга палеазою ў трыясе ўсталяваўся сьпякотны й сухі клімат, аб чым сьведчаць масавыя знаходкі ў трыясавых адкладах чырвоных пясчанікаў ды эвапарытаў. Узровень тлену ў атмасфэры панізіўся да 16%.

Біясфэра трыясу мела ўжо выразна мэзазойскае аблічча. Да пачатку пэрыяду цалкам зьніклі трылябіты, чатырохпромневыя каралы, рэзка скарацілася колькасьць прадуктыдаў і фузулінідаў. У моры ўладарылі малюскі, асабліва галаваногія (аманіты, бэлемніты), у рэках і азёрах — суставаногія (астракоды, філяподы). Расьліннасьць трыясу мела шмат агульнага зь пермскай, але пад канец пэрыяду асноўнымі лесаўтваральнікамі зрабіліся голанасенныя (бэнэтыты, цыкадавыя, гінкгавыя й г.д.), у моры былі распаўсюджаныя сыфонікавыя, у прэсных вадаёмах — харавыя водарасьці.

Сярод чацьвяраногіх на першы плян выйшлі паўзуны, сярод якіх найбольш адметнай групай сталі архазаўры. Цягам трыясу яны далі пачатак кракадзілам, дыназаўрам і птэразаўрам. Таксама ў трыясавы пэрыяд зьявіліся чарапахі ды яшчаркі. Шэраг групаў паўзуноў перайшоў да засваеньня воднае стыхіі (іхтыязаўры, натазаўры, плякадонты, плезыязаўры), іншыя разьвілі здольнасьць да палёту (птэразаўры). Працягвалі адыгрываць значную ролю земнаводныя, асноўнымі групамі якіх зьяўляліся капітазаўры, плягіязаўры, мэтапазаўры, трэматазаўры ды брахіяпоіды. Лічыцца, што яны не пакідалі вадаёмаў нават у дарослым стане. Сынапсыды ж па перма-трыясавым выміраньні апынуліся на другіх ролях. Яшчэ ў канцы пермскага пэрыяду зьнікаюць гарганопсы, а ў сярэднім трыясе — зьверагаловы. Эвалюцыйная лінія сабаказубаў паступова памяншаецца ў памерах, у іх зьяўляюцца поўсьць, малочныя залозы ды іншыя прыкметы сысуноў, разьвіцьцё якіх (мамалізацыя) ў канцы пэрыяду прыводзяць да зьяўленьня першых прадстаўнікоў гэтае клясы.

Канец трыясу таксама быў адзначаны выміраньнем. Між іншых зьніклі з марской фаўны канадонты, а з наземнай — прымітыўныя архазаўры. Разгледжваюцца вульканічная [2] й касьмічная гіпотэзы прычынаў гэтае крызы.

Трыяс падзяляецца на тры эпохі й сем вякоў.

На тэрыторыі Беларусі трыясавыя адклады распаўсюджаныя галоўным чынам у Прыпяцкім прагіне й Берасьцейскае ўпадзіне. З-за слабай дасьледаванасьці трыясавых адкладаў ва ўжытку назвы мясцовых сьвітаў, а не вякоў або гарызонтаў. Умовы назапашваньня адкладаў і палеагеаграфічнае становішча былі рознымі. Асноўная частка тэрыторыі Беларусі знаходзілася на сушы. Адклады накопліваліся толькі на поўдні. У Прыпяцкі прагін у раньні трыяс з паўднёвага ўсходу праніклі воды моцна апрэсьненага мора. Адкладваліся карбанатна-пясчаныя, пазьней мэргэлева-гліністыя ападкі мазырскай сьвіты з рэшткамі філіподаў, астракодаў, ганоідных рыбаў і харавых водарасьцяў. Пад канец дольнага трыясу марскі басэйн высах, і цягам астатняе часткі пэрыяду тут утваралася каалінавая кара выветрываньня. Толькі ў рэцкі век на поўдні й у цэнтры Прыпяцкага прагіну ўтварыліся невялікія адасобленыя азёры, дзе назапашваліся каалінавыя гліністыя ападкі валоўскае сьвіты з абвугленымі рэшткамі расьлінаў і тонкімі вугальнымі праслойкамі. На астатняй тэрыторыі прагіну тады працягвалася выветрываньне й слабое размыцьцё ранейшых ападкаў. Магутнасьць трыясавых адкладаў у Прыпяцкім прагіне сягае 450 мэтраў. У Берасьцейскае ўпадзіне ніжнетрыясавыя адклады магутнасьцю 2-11 мэтраў прадстаўленыяя чырвонакаляровымі глінамі з дамешкамі далямітаў і пясчанікаў. Рэцкі век утвораны пясчана-гліністымі каалінізаванымі рэчывамі. На заходнім схіле Беларускае антэклізы вызначаецца каалінізаваная кара выветрываньня рэцкага падмурку, што разьвівалася на пародах крышталічнага падмурку. Фаўна ў трыясавых адкладах Берасьцейскае ўпадзіны ня знойдзеная. У канцы трыясу ўся тэрыторыя Беларусі зноў зрабілася сушай.

У трыясавых адкладах Беларусі магчымыя знаходкі баксытаў, агнеўпорных каалінавых глінаў, бурага вугольля (у мульдах прагінаньня з адкладамі валоўскае сьвіты).

  1. ^ [1]
  2. ^ Marzoli et al., 1999, Science 284. Extensive 200-million-year-old continental flood basalts of the Central Atlantic Magmatic Province, pp. 618—620.
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.
  • Климат в эпохи крупных биосферных перестроек / Гл. редакторы: М. А. Семихатов, Н. М. Чумаков. — М: Наука, 2004. — 299 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]