Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Курляндзкае і Зэмгальскае герцагства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Курляндзкае і Зэмгальскае герцагства
па-лацінску: Ducatus Curlandiæ et Semigalliæ
па-нямецку: Herzogtum Kurland und Semgallen
па-польску: Księstwo Kurlandii i Semigalii

1562 — 1795
Сьцяг Курляндзкага і Зэмгальскага герцагства Герб Курляндзкага і Зэмгальскага герцагства
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Курляндзкага і Зэмгальскага герцагства
Афіцыйная мова нямецкая
Латыская
Летувіская
Латгальская
Сталіца Мітава
Плошча
 • агульная

27,286 km² км²
Насельніцтва
 • агульнае (1870)
 • шчыльнасьць

619,154
22.7 /км²/км²
Валюта талер


Курляндзкае і Зэмгальскае герцагства было ўтворана на тэрыторыі сучаснай Латвіі (гістарычныя вобласьці Курляндыя і Зэмгаліі) пасьля распаду Лівонскага ордэну апошнім яго магістрам Готхардам Кэтлерам, які ў 1562 прызнаў сюзерэнітэт вялікага князя ВКЛ, а сам атрымаў у якасьці спадчыннага ўладаньня Курляндыю і Зэмгалію, з тытулам герцага. Пасьля доўгі час тут правілі нашчадкі Кэтлера.

На момант утварэньня ў герцагстве было толькі 3 гарады: Газэнпот, Гольдынген і Віндава (сучасн. Вэнтсьпілс). Кэтлер спачатку робіць сваёй рэзыдэнцыяй Рыскі замак, але ў 1566 вымушаны разьмясьціцца ў замках Гольдынгэну і Мітавы, чым спрыяў разьвіцьцю абодвух гарадоў. Статус сталіцы атрымала Мітава (сучасная Елгава). Пазьней гарадамі становяцца Баўск і Лібава (сучасн. Ліепая). Тэрыторыя герцагства дялілася на 4 паветы.

Курляндыя знаходзілася ў леннай залежнасьці спачатку ад ВКЛ, а пасьля Люблінскай уніі 1569 — ад Рэчы Паспалітай. У 1585 Данія перадала Рэчы Паспалітай былое Курляндзкае біскупства.

Кэтлер сваю ўвагу засяродзіў на ўнутраных рэформах у герцагстве: садзейнічаў распаўсюду рэфармацыі, палепшыў сыстэму адукацыі, разьвіваў гандлёвыя стасункі з Лівоніяй і Польшчай. У 1570 ён выдае памешчыкам «прывілей Готхарда», паводле якога тыя робяцца ўласьнікамі сваіх маёнткаў.

Пасьля сьмерці Кэтлера (1587) яго сыны падзялілі герцагства. Фрыдрых атрымаў Зэмгалію са сталіцай у Мітаве, а Вільгельм застаўся правіцелем Курляндыі з рэзыдэнцыяй у Гольдынгэне. Вільгельм павёў барацьбу з вольнымі настроямі ў сваіх уладаньнях. Але памешчыкі былі падтрыманыя каралём і, пасьля забойства пад час паседжаньня ландтага лідэраў апазыцыі, герцаг Вільгельм у 1616 быў пазбаўлены трону. Далей Фрыдрых правіў адзін, засвоіўшы мірную палітыку бацькі.

Дзяржаўны лад герцагства вызначалі Курляндзкія статуты, складзеныя ў 1617 з улікам патрабаваньняў дваран Курляндыі. Статуты абмяжоўвалі ўладу герцага на карысьць дваран, пераважна немцаў па паходжаньні. Герцаг мог выбіваць манэту, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненьню з дваранамі, а зьнешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай.

Паводле формы праўленьня Курляндзкае герцагства было «дваранскай рэспублікай». Вышэйшая выканаўчая і судовая ўлада належала радзе герцага. Існавала прыгонная залежнасьць сялянаў, гараджане ня мелі палітычных правоў.

Правячы кляс, а таксама купецтва складалася ў асноўным з балтыйскіх немцаў, якія ўяўлялі сабой адносна малалікую, але найбольш адукаваную групу, тады як большасьць насельніцтва герцагства складалі латыскія сяляне. Асноўнай галіной вытворчасьці была паншчынная сельская гаспадарка (вытворчасьць збожжа для загранічных рынкаў). Герцаскія мануфактуры выраблялі палатно, зброю, будавалі караблі.

Пасьля сьмерці Фрыдрыха ў 1642 герцагам стаў сын Вільгельма, Якаб. Ён атрымаў добрую адукацыю ва ўнівэрсытэтах Ростаку і Ляйпцыгу, шмат падарожнічаў, захапляўся калянізацыйнай палітыкай буйных эўрапейскіх дзяржаваў. У яго час герцагства мела значны ваенны і гандлёвы флёт. У Вэст-Індыі 20 траўня 1654 была заснавана калёнія на востраве Табага, які капітан В. Моленс абвясьціў «Новай Курляндыяй». Гэта калёнія была пазьней захоплена больш шматлікімі галяндзкімі пасяленцамі, хоць спробы замацавацца тут Курляндыя не пакідала да 1665. Якаб зрабіў шэраг спробаў калянізаваць Гвінэйскае ўзьбярэжжа (востраў Джэймз у вусьці Гамбіі, 1651-65). Ініцыятывай герцага Якаба было таксама разьвіцьцё мэталюргічнай вытворчасьці. Экспарт прадукцыі (у прыватнасьці — зброі) ўнёс істотны ўклад у разьвіцьцё эканомікі герцагства. Ва ўнутранай палітыцы Якаб аддаваў перавагу каталікам, што ў многіх выклікала незадавальненьне.

Пры Якабу ў Курляндыю ўварваліся швэды, герцаг быў узяты ў палон і адвезены ў Рыгу (1658). Зьяўленьне гетмана Сапегі спыніла швэдаў. Згодна Аліўскі мір (1660) Швэцыя адмовіліся ад усялякіх прэтэнзій на Курляндыю; тады ж вярнуўся з палону і Якаб.

Замак у Мітаве, гравюра 1703

Яго сын, Фрыдрых-Казімір, які правіў Курляндыяй з 1682 па 1698, акружыў сябе раскошаю, выдаткоўваў шмат грошай на прыдворны лоск; яму прыйшлося залажыць некалькі герцагзкіх маёнткаў. Пасьля яго сьмерці сталец перайшоў да малалетняга сыны Фрыдрыха-Вільгельма, апекуном якога быў дзядзька, Фэрдынанд.

З пачаткам Паўночнай вайны Курляндыя стала тэатрам ваенных дзеяньняў, пераходзіла ад швэдоў да рускіх і наадварот. Канчаткова швэды пакінулі Курляндыю пасьля Палтаўскай бітвы.

У 1709 пачалося аднаасобнае кіраваньне герцага Фрыдрыха Вільгельма Кэтлера, які ў 1710 вярнуўся ў Курляндыю і ажаніўся на пляменьніцы Пятра І Ганьне Іванаўне. З гэтага часу рускі ўплыў у Курляндыі значна ўзмацніўся. На шляху з Пецярбурга ў Курляндыю герцаг Фрыдрых-Вільгельм захварэў і памёр у студзені 1711. Трон павінен быў заняць яго дзядзька Фэрдынанд, але ў Мітаву прыбыла герцагіня Ганна, пасланая туды Пятром I. Расейскі рэзыдэнт у Курляндыі П. Бястужаў патрабаваў ад герцагства 40 тыс. руб. штогод на ўтрыманьне герцагіні.

Тым часам герцагам стаў дзядзька Фрыдрыха-Вільгельма — Фэрдынанд (1711-37), апошні прадстаўнік Кэтлерава дома па мужчынскай лініі. Баючыся апазыцыі дваранства, Фэрдынанд не прыяжджаў у Курляндыю, а заставаўся ў Данцыгу. У Курляндыі з гэтай прычыны расло незадавальненьне. Гэта выкарыстаў кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны, які жадаў замацаваць трон герцагства за прадстаўніком свайго дому. Прызначаная ім для вырашэньня спрэчак паміж Фэрдынандам і жыхарамі герцагства камісія прызнала трон вакантным. На сходзе ў Мітаве 1717 пастаноўлена было пазбавіць Фэрдынанда ўлады і перадаць урадавыя функцыі ў рукі вышэйшых ураднікаў герцагства. Аўгуст II плянаваў выдаць замуж герцагіню Ганну за маршала Францыі графа Морыца Саксонскага, свайго пазашлюбнага сына з графіняй А. Кёнігсмарк, што дало б графу права на трон. Шлюб не адбыўся, але 28 чэрвеня 1726 ландтаг Курляндыі абраў Морыца герцагам. Супраць выступіў Гарадзенскі сэйм 1726, які баяўся адрыву герцагства ад Рэчы Паспалітай, і Расея, што змусіла Морыца ў наступным жа годзе адмовіцца ад прэтэнзій. У верасьні 1727 у Курляндыю ўвайшлі расейскія войскі, Морыц пакінуў герцагства. Права на кіраваньне Курляндыяй Аўгуст II вярнуў Фэрдынанду.

Калі ў 1733 Расея падтрымала кандыдатуру Аўгуста III на польскі трон, ён згадзіўся за гэта прызнаць герцагам курляндзкім фаварыта расейскай імпэратрыцы Анны Іаанаўны, курляндзкага двараніна Эрнста Ёгана Бірона, які з 1718 знаходзіўся пры яе двары ў Курляндыі, а ў 1730 ў якасьці обэр-камэргэру двара прыехаў у Расею. Бірона прызналі як герцага і дваране Курляндыі. Бірон быў герцагам з 1737 па 1741, кіраваў Курляндыяй зь Пецярбургу. Ён меў вялізны ўплыў на расейскую імпэратрыцу. Паводле тастамэнту Ганны Іванаўны Бірон пасьля яе сьмерці (17 кастрычніка 1740) стаў рэгентам пры непаўналетнім імпэратары Іване VI Антонавічы, што выклікала незадавальненьне расейскага дваранства. У выніку барацьбы за ўладу, якая вылілася ў палацавы пераварот, 9 лістапада 1740 Бірон быў арыштаваны. Па абвінавачаньню ў «захопе рэгенцтва» і імкненьні завалодаць стальцум Бірон быў асуджаны да сьмяротнай кары, замененай высылкаю ў Пелым, з 1742 — у Яраслаўль.

Пасьля высылкі Бірона Курляндыя засталася без герцага, так доўжылася да 1758. Аўгуст III зноў дазволіў вышэйшым ураднікам краіны кіраваць справамі. У 1758 герцагам абраны каралевіч Рэчы Паспалітай Карл Хрысьціян Вэтын, які быў падтрыманы Расеяй. Карл Хрысьціян быў католікам, што зь цягам часу паслужыла падставай для яго зьмяшчэньня. Пасьля прыходу да ўлады Кацярына II стаўка зноў зроблена на Бірана, які вярнуўся ў Пецярбург у 1761.

Кацярына II, незадаволеная тым, што герцаг Карл не дазволіў расейскім войскам, якія ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне, вяртацца ў Расею праз Курляндыю, настаяла на яго зьмяшчэньні, і герцагам паўторна прызначылі Бірона, які кіраваў да 1769 году. У 1762 у герцагства былі ўведзены расейскія войскі, Карл Хрысьціян пакінуў Мітаву. Бірон абавязаўся прапускаць праз Курляндыю рускія войскі, не ўступаць ні ў якія стасункі з ворагамі Расеі, выказваць верацярпімасьць да праваслаўных і дазволіць пабудову праваслаўнага храму ў Мітаве. Пасьля сьмерці караля Аўгуста III і ўступленьня на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага Бірон атрымаў інвэстытуру на герцагства як на лен Рэчы Паспалітай.

У 1769 ён адмовіўся ад трону на карысьць свайго сына Пятра, супраць якога адразу пачаўся рух незадаволенага дваранства. Канфэдэрацыя шляхты ВКЛ у 1770 зноў абвясьціла герцагам Карла Хрысьціяна, але ўлада засталася ў Пятра, які ўтрымаўся на троне толькі дзякуючы Расеі. Ажаніўшыся з графіняй Ганнай фон Медэм, Пётар правёў некалькі год за мяжой. Вярнуўшыся ў 1787 ў Курляндыю, ён зноў павінен быў вытрымаць унутраную барацьбу зь незадаволеным дваранствам.

На тэрыторыю герцагства пашырылася паўстаньне 1794. Ландтаг Курляндыі прасіў Кацярыну II абараніць герцагства, і з дапамогай расейскіх войскаў паўстанцы былі разьбіты. Пасьля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) залежнасьць Курляндыі ад Польшчы скончылася, і 7 сакавіка 1795 ландтаг скасаваў падпарадкаваньне герцагства Рэчы Паспалітай і добраахвотна далучыў яго да Расеі без усялякіх умоў. 17 сакавіка 1795 герцаг Пётар адрокся ад трону, а 28 студзеня 1796 герцагства пераўтворана ў Курляндскую губерню Расейскай імпэрыі. Курляндзкія статуты паступова касаваліся, і былі канчаткова адмененыя ў 1865 годзе.

  • Вяроўкін-Шэлюта У. Курляндзкае і Земгальскае герцагства // ЭГБ, у 6 т. Т. 4. — Мн., 1997.
  • Курляндзкае герцагства // БелЭн, у 18 т. Т. 9. — Мн., 1999.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]