Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Станіслаў II Аўгуст Панятоўскі
лац. Stanisłaŭ Aŭgust Paniatoŭski
З божай ласкі і волі народу кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падольскі, падляскі, інфлянцкі, смаленскі, северскі і чарнігаўскі і іных.
 Вялікі князь літоўскі
1764 — 25 лістапада 1795
Каранацыя 25 лістапада 1764
Папярэднік Аўгуст Саксонскі
Наступнік няма (падзелы Рэчы Паспалітай)
Кароль польскі
1764 — 25 лістапада 1795
Каранацыя 25 лістапада 1764
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 студзеня 1732(1732-01-17)[1][2][3][…],
Памёр 12 лютага 1798(1798-02-12)[1][2][3][…] (66 гадоў),
Пахаваны
Нашчадкі ад Альжбеты Шыдлоўскай:
Станіслаў Грабоўскі
Ізабэля Грабоўская
Аляксандра Грабоўская
Дынастыя Панятоўскія
Бацька Станіслаў Панятоўскі
Маці Канстанцыя Чартарыйска
Узнагароды
Подпіс

Станіслаў ІІ Аўгуст Панятоўскі (17 студзеня 1732 — 12 лютага 1798) — дзяржаўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1764—1795).

Нарадзіўся ў Воўчыне. Сын Станіслава Панятоўскага, кракаўскага кашталяна, і Канстанцыі Чартарыскай.

У 1755—1764 стольнік вялікі літоўскі, пасол у Пецярбургу (1756—1758). У 1764 годзе абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім пры падтрымцы Расеі. Але вакол новага караля згуртаваліся магнаты і шляхта, якія жадалі адраджэньня Рэчы Паспалітай.

Кавалер ордэнаў Белага Арла і Сьв. Станіслава.

Памёр у 1798 годзе ў Пецярбурзе, дзе і быў пахаваны. У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касьцёла сьвятога Станіслава. У 1994 годзе быў перанесены ў варшаўскі катэдральны касьцёл. Некаторыя беларускія дасьледчыкі лічаць, што ў Варшаву былі перанесеныя ня рэшткі караля, і яго цела дагэтуль знаходзіцца ў Воўчыне[5].

Дзейнасьць на чале дзяржавы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры Панятоўскім паступова праводзіліся эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, ладзіліся кірмашы, падтрымоўваўся гандаль. Каб соймы не зрываліся праз права libеrum veto, яны праводзіліся як канфэдэрацыйныя. Гэта не задавальняла Расею і Прусію, у 1767 годзе пры іх падтрымцы пратэстанцкая і праваслаўная шляхта (дысыдэнты) ўтварылі Торунскую і Слуцкую канфэдэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнаваньня сваіх правоў з каталікамі. Пад ціскам Расеі вальны сойм у 1768 годзе прыняў рашэньне аб ураўнаваньні правоў дысыдэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфэдэрацыю і пачала рокаш. Паўстаньне канфэдэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расейскімі войскамі, а ў 1772 годзе Расея, Прусія і Аўстрыя падпісалі дамову аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.

Рэформы працягваліся — Чатырохгадовы Сойм 1788—1791 гадоў прыняў Канстытуцыю. Канстытуцыя ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, аб’ядноўваючы іх ва ўнітарную дзяржаву, улада караля рабілася спадчыннай. Пры захаваньні шляхецкіх правоў паляпшалася становішча прыгонных сялянаў, гарады атрымоўвалі прадстаўніцтва ў сойме, адмянялася права liberum vetо, магнацкія войскі ўваходзілі ў склад дзяржаўнага войска. Была створана Адукацыйная камісія.

Прыняцьце Канстытуцыі было кепска сустрэтае ў суседніх дзяржавах. Расейская імпэратрыца Кацярына ІІ лічыла яе небясьпечнай, пры падтрымцы Расеі ў 1792 годзе была створана Таргавіцкая канфэдэрацыя, якая пры падтрымцы расейскіх войскаў выступіла супраць Канстытуцыі. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расеі ўвайшла тэрыторыя Цэнтральнай Беларусі. У 1793 годзе апошні сойм Рэчы Паспалітай у Гародні скасаваў Канстытуцыю й вярнуў кардынальнае права, ў тым ліку фэдэратыўны лад дзяржавы і выбарнасьць караля.

24 сакавіка 1794 году ў Польшчы пачалося патрыятычнае паўстаньне, якое ўзначаліў генэрал Тадэвуш Касьцюшка. У красавіку паўстаньне пачалося і ў ВКЛ, дзе яго ўзначальваў Якуб Ясінскі. У ВКЛ былі ўведзеныя расейскія войскі. Спачатку кароль ахарактаразаваў Касьцюшку як бунтара, якога неабходна ўсімі сродкамі ўціхамірыць, каб утрымаць Расею ад заключэньня яшчэ адной дамовы з Прусіяй наконт новага падзелу Рэчы Паспалітай. У сваім лісьце да Кацярыны II ён нават прасіў апошнюю, каб памылкі часткі вайскоўцаў не схілілі яе да поўнага зьнішчэньня Рэчы Паспалітай. Але пасьля пераможнага паўстаньня ў Варшаве 17 красавіка 1794 году кароль цалкам зьмяніў сваю пазыцыю адносна паўстанцаў. Ён накіроўваў з каралеўскай казны грашовыя сродкі на патрэбы паўстаньня, а потым выдаў загад, каб ўзброеныя сілы ВКЛ далучыліся да агульнай барацьбы супраць расейскага інтэрвэнцкага корпусу, а 5 траўня накіраваў Касьцюшкі дэклярацыю аб ягонай салідарнасьці з паўстанцамі. 19 траўня Станіслаў зьвярнуўся да свайго пляменьніка Юзэфа Панятоўскага, каб той разам з сваёй арміяй далучыўся да паўстаньня Касьцюшкі. Пасьля палону Касьцюшкі і страшнай разьні, якую ўчынілі расейскія войскі пад кіраўніцтвам Суворава ў мястэчку Прага каля Варшавы, новы кіраўнік паўстаньня Тамаш Ваўжэцкі зьвярнуўся да Станіслава, каб той разам з паўстанцамі пакінуў сталіцу, але ён вырашыў застацца разам са сваім народам[6]. Неўзабаве аб’ектыўная немагчымасьць адначасовага змаганьня з Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй спрычыніліся да поўнага паражэньня паўстаньня. У кастрычніку 1795 году адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаваньне. Станіслаў Аўгуст выракся пасады, жыў у Пецярбургу.

Сьведчыў пра сваё паходжаньне: «Мы лічым сябе радавітым ліцьвінам, бо нарадзіліся і прынялі сьвяты хрост у Воўчыне, а будучы ў рыцарскім стане, займалі пасаду Літоўскага стольніка»[7].

У час наведваньня Нясьвіжу ў 1784 годзе зьвярнуўся да Караля Станіслава Радзівіла «па-просту»: «Пане гаспадару, каж віна даці, штоб у тваёй хаце ліха ня знаці»[8].

  1. ^ а б в г д е Stanislaus II August Poniatowski // RKDartists (нід.)
  2. ^ а б в г д е Lundy D. R. Stanislas II August Poniatowski, King of Poland // The Peerage (анг.)
  3. ^ а б в г д е Stanislaus (Stanislaus II. August Poniatowski) // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #119095777 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ Апошні польскі кароль дагэтуль пахаваны ў Беларусі?. Эўрарадыё.
  6. ^ Л. Несцярчук. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: Манарх, асветнік, мецэнат. — ААТ «Брэсцкая друкарня», 2011. — С. 161-164. — 300 с. — ISBN 978-985-524-083-0
  7. ^ Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя. — Менск, 1982. С. 89.
  8. ^ Tyszkiewicz E. Nasze strony. Obrazek litewski. — Kraków, 1871. S. 15.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]