Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Фінікія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Фінікія
𐤐𐤕 (Pūt)
каля 2500 да н.э. — 64 да н.э.

Сталіца
Мова(ы) фінікійская мова
Форма кіравання манархія, горад-дзяржава і рэспубліка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фінікі́я, паводле Бібліі Ханаанская зямля — старажытная краіна Блізкага Усходу, рабаўладальніцкая дзяржава ў паўночнай і цэнтральнай частцы ўсходняга ўзбярэжжа Міжземнага мора (узбярэжжа сучасных Сірыі і Лівана). Існавала з канца 3-га тыс. да н.э. да 7 ст. да н.э.

Тэрыторыя заселеная з глыбокай старажытнасці. Этнічны склад насельніцтва мяшаны. У канцы 3-га тыс. да н.э. — пачатку 2-га тыс. да н.э. тут пачало складвацца класавае грамадства, узніклі гарады-дзяржавы: Угарыт (цяпер Гас-Шамра), Арвід (Арад), Берута (Бейрут), Гебал (Бібл), Сідон (Сайда), Тыр (Сур), якія вялі паміж сабой барацьбу за гегемонію ў Фінікіі. Асноўныя заняткі насельніцтва: земляробства, рыбалоўства, рамёствы. Вёўся марскі гандаль з Егіптам.

У сяр. 2-га тыс. да н.э. Егіпет заваяваў усё Усходняе Міжземнамор'е. За панаванне над Фінікіяй у 14 ст. да н.э. з Егіптам змагалася Хецкае царства, і заняло, у выніку, паўночную частку Фінікіі. У пачатку 12 ст. да н.э. гарады Фінікіі пядвергліся апусташэнню розных блізкаўсходніх плямён. Пасля аслаблення егіпецкай і хецкай дзяржаў у канцы 2-га тыс. да н.э. фінікійскія гарады атрымалі магчымасць самастойнага развіцця. Былі заснаваныя фінікійскія калоніі на Кіпры, Сіцыліі і Сардзініі, у Іспаніі, на поўдні Францыі, на поўначы Афрыкі (Карфаген, Утыка). Развівалася рабаўладальніцкая гаспадарка, памацнеў марскі гандаль, пашырылася ліхвярства, звязанае з гандлем. Рамяство, гандаль і мараходства Фінікіі дасягнулі высокага развіцця і маюць сусветнае значэнне. У Фінікіі створана першая сістэма алфавітнага пісьма.

У 7 ст. да н.э. захоплена Асірыяй, пасля падзення той — пад уладай Вавілоніі, з 6 ст. да н.э. — Персіі. У 332 да н.э. заваяваная Аляксандрам Македонскім. Нягледзячы на гэта, у эліністычныя і рымскія часы яе гарады захоўвалі самакіраўніцтва, чаканілі манету і захоўвалі сваё гандлёва-эканамічнае значэнне аж да часоў ранняй Візантыі.