Фрызы
Фрызы (Friezen) | |
Фрызская сям'я п'е каву, мал. 1897 г.
| |
Агульная колькасць | 540 000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Нідэрланды, Германія |
Мова | фрызская |
Рэлігія | каталіцызм, пратэстанцтва |
Блізкія этнічныя групы | немцы, галандцы, англічане, фламандцы |
Фрызы (саманазва Friezen) — еўрапейскі народ. Кампактна насяляе правінцыі Фрысландыя і Гронінген у Нідэрландах, а таксама ўзбярэжныя часткі зямель Шлезвіг-Гольштэйн і Ніжняя Саксонія ў Германіі. Жывуць таксама ў Даніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і г. д. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 540 000 чал.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Германскае племя фрызаў узгадвалася рымлянамі з кан. I ст. да н. э. У VII ст. н. э. узнікла дзяржава Вялікая Фрызія, якую акрамя саміх фрызаў насялялі юты і саксы. У 734 г. яна была захоплена франкамі і вымушана прыняць хрысціянства. Пасля смерці Карла Вялікага Фрызія трапіла ў залежнасць ад графаў Галандыі, але захоўвала адносную самастойнасць да войн 1272—1422 гг., у выніку якіх была падзелена на Заходнюю Фрызію ў складзе Галандыі і Ўсходнюю і Паўночную Фрызіі, якія напераменку кантраляваліся нямецкімі гаспадарамі і Даніяй. Канчаткова Ўсходняя і Паўночная Фрызіі ўвайшлі ў склад Германіі толькі ў XIX ст.
З 1970-ых гг. назіраецца працэс адраджэння фрызскай культуры, што асабліва бачна на прыкладзе Фрысландыі.
Асаблівасці традыцыйнай культуры
[правіць | правіць зыходнік]Галоўныя заняткі — сельская гаспадарка, мараходны і рыбалоўны промыслы. Распаўсюджаныя рамёствы — вытворчасць керамікі, разьба па дрэву, гафт.
Сем’і малыя, нуклеарныя. У сельскай мясцовасці здаўна распаўсюджаны хутарскія гаспадаркі. Аднак нават у гарадах захоўваецца абшчынная еднасць і суседская ўзаемадапамога. Добрыя адносіны да суседзяў часта значаць больш, чым сваяцкія сувязі. Жыхары Нідэрландскай Фрызіі да нашых дзён карыстаюцца традыцыйнымі драўлянымі ботамі. Іх робяць з таполі, абцягваюць скурай і фарбуюць у чорны колер. Узімку карыстаюцца самаробнымі канькамі, якія ўяўляюць сабою дошчачку з лёзамі з металічнага дроту.
Фрызы маюць багаты фальклор — гістарычныя паданні, казкі, легенды, многія з якіх існуюць з дахрысціянскіх часоў. Мясцовыя народныя віды спорту — скачкі з шастом праз канавы fierljeppen, конныя спаборніцтвы ringrijden, грэбля, катанне на каньках і інш.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Фрызская мова падзяляецца на заходні, паўночны і сатэрландскі дыялекты (часам вызначаюцца як асобныя мовы). Ёй карыстаюцца каля 500 тыс. чал. З’яўляецца афіцыйнай ў правінцыях Фрысландыя і Гронінген у Нідэрландах, а таксама ў адміністрацыйных акругах са шчыльным фрызскім насельніцтвам у Германіі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — пратэстанты (рэфарматы і лютэране), меншасць — каталікі, якія фарміруюць Фрызскую Царкву (мае прадстаўніцтва ў Рыме).
Вядомыя фрызы
[правіць | правіць зыходнік]- Вілем Барэнц
- Мата Хары
- Тэадор Момзен
- Джэйн Фонда, амерыканская актрыса, мае продкаў сярод фрызаў