Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства
ПТКТ
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Адрас Варшава, вул. Сенатарская, д. 11
Юрыдычны статус Грамадскае аб’яднанне
Тып арганізацыі добраахвотнае таварыства
Заснаванне
Дата заснавання 17 снежня 1950
Член у
Папярэднік Польскае краязнаўчае таварыства, Польскае Татранскае таварыства
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства (польск.: Polskie Towarzystwo Turystyczno-Krajoznawcze) — польскае недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне ў форме добраахвотнага таварыства, утворанае ў 1950 годзе. Таварыства мае на мэце садзейнічаць развіццю турызму і краязнаўства ў Польшчы. Сядзіба праўлення таварыства знаходзіцца ў палацы Малахоўскіх у Варшаве.

Дзеля высвятлення ўсіх праблемаў і стварэння мадэлі будучага таварыства ў 1948 годзе была створана каардынацыйная камісія, канчатковым вынікам дзейнасці якой стала распрацоўка дакумента «Ідэйныя асновы і прынцыпы будучага статуту». Апошнія з’езды дэлегатаў Польскага краязнаўчага і Польскага Татранскага таварыстваў адбыліся ў Варшаве 16 снежня 1950 года. На наступны дзень, 17 снежня 1950 года, было створана Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства. Дзеючы статут таварыства змяшчае інфармацыю аб тым, што Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства, створанае ў 1950 годзе з Татранскага таварыства, паўсталага ў 1873 годзе, ператворанага ў 1920 годзе ў Польскае татранскае таварыства, і Польскага краязнаўчага таварыства, створанага ў 1906 годзе, з’яўляецца спадчыннікам традыцыі і ідэйных дасягненняў, а таксама правапераемнікам маёмасці гэтых таварыстваў.

Таварыства налічвае амаль 68 000 сяброў, аб’яднаных у 291 аддзяленне, якія складаюцца з амаль 1800 гурткоў і клубаў. База для начлегаў, якую мае таварыства, налічвае больш за 20 тысяч месцаў у 60 турбазах, 77 горных прытулках, 35 хостэлах і цэнтрах воднага турызму, 33 кемпінгах і 5 гатэлях. У яго падпарадкаванні 8 рэгіянальных музеяў, 23 бібліятэкі, 25 рэгіянальных турыстычных лабараторый і 11 культурных цэнтраў горнага турызму, якія з’яўляюцца цэнтрамі польскай турыстычнай і экскурсійнай традыцыі. Яны збіраюць унікальныя дакументы і іншыя матэрыялы, якія сведчаць аб удзеле таварыства і яго папярэднікаў у развіцці грамадскай і культурнай дзейнасці ў Польшчы. Таварыства — эта таксама выдавец карт і даведнікаў.

У таварыства ёсць свой штат — экскурсаводы, інструктары кваліфікаванага турызму (пешаходны, альпінізм, веласіпедны, каякінг, матацыклетны, конны і лыжны спорт). Яно праводзіць шматлікія трэнінгі. Кожны сябар Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства пасля аплаты ўзносу атрымлівае адмысловую картку сябра таварыства, якая адначасова з’яўляецца дысконтнай картай. Дзякуючы карце сябры таварыства могуць скарыстацца зніжкамі на паслугі па пражыванні ў аб’ектах таварыства і іншых аб’ектах, уладальнікі якіх далучыліся да праграмы лаяльнасці.

Прыблізна 63 000 кіламетраў турыстычных маршрутаў пазначана таварыствам: пешаходныя маршруты на раўнінах і ў горах, веласіпедныя маршруты, лыжныя маршруты, конныя маршруты і водныя маршруты па самых прывабных раёнах Польшчы. Ёсць таксама далёкія (транс’еўрапейскія) пешаходныя і веласіпедныя маршруты, якія пралягаюць праз Польшчу і знаходзяцца пад наглядам Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства.

У 2015 годзе таварыства арганізавала каля 20 000 паездак і мерапрыемстваў на свежым паветры, якія наведалі 570 000 чалавек.

У рамках дзейнасці таварыства ладзяцца рознага роду конкурсы, каб павысіць цікавасць да гісторыі і турыстычных славутасцяў розных рэгіёнаў Польшчы.