Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Полацк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Полацк
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
780
Першая згадка
Плошча
40,77[1] км²
Вышыня цэнтра
111 ± 1 м і 126 м[2]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 79 579 чал. (1 студзеня 2024)[3]
Шчыльнасць
2 085 чал./км²
Нацыянальны склад
беларусы — 80,03 %,
рускія — 14,75 %,
украінцы — 1,86 %,
іншыя — 3,36 %
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 214
Паштовы індэкс
211291, 211400—211402, 211404—211415, 211422
Аўтамабільны код
2
СААТА
2238501000
Афіцыйны сайт
Полацк на карце Беларусі ±
Полацк (Беларусь)
Полацк
Полацк (Віцебская вобласць)
Полацк

По́лацк[4] (трансліт.: Polack) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Полацкага раёна, на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе ракі Палата. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацка, за 100 км ад Віцебска. Вузел чыгунак, лініі на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 85 012 чал. (2017)[5].

Назва Полацка ўтворана ад назвы ракі Палата. Палата (балцк. *Palatà) — назва балцкага паходжання, звязаная з латышскім pali «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера», літоўскім palios «балаціна на месцы зарослага возера»[6][7][8]. Значэнне назвы можна перадаць як «Рака, што разлілася», гэтая семантыка можа сягаць часоў пасляледавікоўя.

Тапонім «Полацк» утварыўся ад імя ракі Палата па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[9].

У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў формах Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ[9], у нямецкіх хроніках Плоцэке[10], у скандынаўскіх сагах Pallteskiuborg, Palteskia[11].

У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назве яшчэ аднаго са старажытнейшых гарадоў — Смаленска, засведчанай летапісамі пад 863 годам. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[9].

Варыянт Полацак не тлумачыцца праз фанетычныя законы беларускай мовы і на працягу стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст. Форма Полацак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[9].

У наш час па-ранейшым дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Полацак[9].

Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862—865 гг. Але гэтая дата, відаць, не вельмі дакладная, бо летапіс пісаўся праз 200—250 гадоў пасля падзей. Звычайна першую згадку Полацка звязваюць з паведамленнем «В лето 6370 [862] и прия власть Рюрик, и раздал мужем своим грады, овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро…»[12], але гэта, відаць, устаўка пазнейшага летапісца, бо ў IX ст. яшчэ не існавала Растова (з’явіўся ў канцы X ст.), які тут згадваецца разам з Полацкам. Іпацьеўскі летапіс паказвае Рурыка і яго «мужоў» у якасці заснавальнікаў гарадоў:

" И прия Рюрикъ власть всю одинъ... и роздая мужемъ своимъ волости и городы рубити овому Полътескъ, овому Ростовъ... "

[13]

Верагоднае ўпамінанне Полацка датычыць паходу на палачан, паводле «Аповесці мінулых гадоў», кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, які адбыўся ў тыя ж 862—865 гады «Того же лета воеваша Асколд и Дир Полочан и много зла сътвориша».

Але дзе знаходзіўся Полацк у IX ст., летапісы не паведамляюць. Адказ на гэта пытанне паспрабаваў даць беларускі археолаг А. М. Ляўданскі, які ў 1928 заклаў некалькі шурфоў на гарадзішчы. У выніку раскопак ім былі знойдзены археалагічныя матэрыялы, у першую чаргу ляпная кераміка IX—X стст. Гэта дазволіла яму зрабіць выснову, што старажытны Полацк знаходзіўся на гарадзішчы[14]. З высновай А. М. Ляўданскага пагадзіліся вядомыя беларускія археолагі Г. В. Штыхаў і С. В. Тарасаў. Яны лічылі, што Полацк развіваўся як цэнтр племяннога аб’яднання крывічоў у IX ст. знаходзіўся на гарадзішчы[15].

Фрагмент прывілея Полацку на магдэбургскае права

У IX ст. Полацк размяшчаўся на гарадзішчы (плошча часткі, якая захавалася каля 1 га) на правым беразе Палаты (адсюль назва). Хуткаму развіццю Полацка спрыяла яго выгаднае размяшчэнне на гандлёвым шляху з Рыжскага заліва да Кіева і Чорнага мора, праз вярхоўі Заходняй Дзвіны і Волгі да краін Усходу (частка шляхоў з вараг у грэкі і з вараг у арабы). У X—XIII ст. цэнтр Полацкага княства. У XI ст. на тэрыторыі сённяшняга Верхняга замка пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У XII ст. сфарміравалася самабытная школа дойлідства, пабудаваныя Полацкі княжацкі храм і княжацкі палац, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, заснаваны Полацкія Спаскі і Багародзіцкі манастыры і інш. У XII ст. тут працавалі майстар-ювелір Лазар Богша (стварыў крыж Еўфрасінні Полацкай) і дойлід Іаан, які пабудаваў Полацкую Спаскую царкву. З сярэдзіны XIII ст. Полацк у складзе Вялікага Княства Літоўскага, самы вялікі яго горад у XIV—XVI стст., меў адмысловыя правы («Полацкія прывілеі»). Тут былі створаныя Полацкія Евангеллі XII—XIV ст., у горадзе пры Сафійскім саборы з XI ст. была бібліятэка. Каля 1490 года ў Полацку нарадзіўся дзеяч культуры эпохі Адраджэння Францыск Скарына. У 1498 годзе Полацк атрымаў магдэбургскае права. З 1504 года цэнтр Полацкага ваяводства. З XVI ст. горад меў свой герб. Падчас вайны 1654—1667 гадоў заняты рускімі войскамі, паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) вернуты Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII — першай палрве XVIII стст. прыйшоў у заняпад.

У ліпені 1705 года расійскі цар Пётр І па дарозе ў Прыбалтыку спыніўся лагерам са шматтысячным маскоўскім войскам пад Полацкам. 11 ліпеня (30 чэрвеня па старым стылі) цар наведаў Сафійскі сабор, у якім у раз’юшаным стане разам са світай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Архімандрыта Якуба Кізікоўскага царскія служкі катавалі ўсю ноч, каб дазнацца месца схову манастырскіх скарбаў. Целы ахвяраў спалілі, а Сафійскі сабор і базыльянскі манастыр разрабавалі. Частка маёмасці перайшла цару, а частка — у маскоўскую казну. З самога сабора зрабілі вайсковы склад. А Еўропу абляцела вестка: «Жорсткае забойства на Белай Русі! Ахвяры — безабаронныя служкі Бога, манахі ордэну Васіля Вялікага. З імі расправіліся ў хрысціянскай святыні — Сафійскім саборы ў Полацку. Учыніў расправу каранаваны забойца — цар Пётр I». 1 мая 1710 года па загаду князя Меньшыкава Сафійскі сабор узарвалі. 22 лістапада 1710 года Апостальская Сталіца публічна асудзіла Петра І за пераслед Уніяцкай Царквы[16].

У складзе Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе правабярэжная частка Полацка увайшла у склад Расійскай імперыі. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе — левабярэжная частка горада.

Пасля падпісання папай рымскім Кліментам XIV булы 1773 года аб забароне дзейнасці «Таварыства Ісуса», Полацк становіцца цэнтрам збору езуітаў свету і паступова ператвараецца ў своеасаблівую іх сталіцу. З 1776 года цэнтр Полацкай губерніі, у 1778—1796 гадах — намесніцтва, з 1796 года цэнтр павета Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерніі.

Савецкі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове жніўня 1919 года фронт наблізіўся да Полацка. 20 верасня 1919 года польскія войскі выйшлі да Полацка, да вечара занялі задзвінскую частку горада. Аднак, спроба захапіць увесь горад правалілася і пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася 8 месяцаў[17]. У сярэдзіне жніўня 1920 г. Полацкі рэўкам паведамляў, што «горад разбураны, маёмасць раскрадалі, павялічыліся павальныя разбоі і забойствы»[18]. У справаздачах павятовай міліцыі паведамлялася, што ў горадзе, напоўненны ваеннымі, з’явілася шмат жанчын, якія ў сілу пэўных жыццёвых абставінаў, займаліся прастытуцыяй. Згодна справаздач міліцыі ў горадзе летам 1919 г. было 9 дамоў цярпімасці[19].

З 1924 года Полацк — цэнтр раёна, у 1924—1930 і 1935—1938 гадах цэнтр акругі. З 1938 года ў Віцебскай вобласці. У 1944—1954 цэнтр Полацкай вобласці. 22 снежня 1959 года ў гарадскую мяжу горада ўключана вёска Кароўнікі Экіманскага сельсавета[20], 2 лістапада 1972 года — вёскі Меліярацыйная, Спас-Слабада Салоніцкага сельсавета і Пагіршчына Баравухскага сельсавета[21].

У 1989 годзе Полацк стаў першым у Беларусі гісторыка-культурным горадам-запаведнікам.

Сучасная гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

14 студзеня 2013 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр» Полацк быў пазбаўлены статусу горада абласнога падпарадкавання.

  • XIX стагоддзе: 1805 год — 2991 чал.[22]
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 82,4 тыс. чал.; 2007 год — 81,7 тыс. чал.; 2009 год — 83,7 тыс. чал.; 2009 год — 82 547 чал. (перапіс)[23]; 2016 год — 85 078 чал.[24]; 2017 год — 85 012 чал.[5]

Прадпрыемствы хімічнай (ААТ Полацк-Шкловалакно), машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, паліграфічнай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Полацкая ЦЭЦ. Полацк — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцінічны комплекс «Славянскі», гасцініца «Дзвіна».

У горадзе створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае пастаянна дзеючыя музеі: Полацкі краязнаўчы музей, Музей беларускага кнігадрукавання, Полацкі музей-бібліятэку Сімеона Полацкага, Полацкі музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Полацкі музей баявой славы, Полацкі музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музей, музей Тусналобавай-Марчанка, Полацкую стацыянарную выстаўку «Прагулка па Ніжнепакроўскай», прыродна-экалагічны музей Мастацкую галерэю.

З 2003 года працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

У Полацку размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (астатнія — у Наваполацку). Працуюць:

ФК Полацк, жаночы баскетбольны клуб «Полацк»

Сафійскі сабор

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Гарады-пабрацімы

[правіць | правіць зыходнік]

Полацку прысвечана апавяданне «Полацак» са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Аўтар апісвае горад у пачатку XIX стагоддзя, калі ён навучаўся там у Полацкай езуіцкай акадэміі. Апрача акадэміі, у апавяданні згадваюцца царква святой Сафіі і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, касцёл святога Стафана, святога Ксаверыя і святога Казіміра (ні адзін са згаданых касцёлаў не захаваўся), царква Барыса і Глеба (не захавалася), маёнтак Экіманія, Валовае возера. У Полацку адбываюцца падзеі апавядання «Твардоўскі і вучань», горад ускосна згадваецца ў шэрагу іншых апавяданняў са зборніка.

  1. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  5. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 241.
  7. В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 301.
  8. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. I // Балто-славянские исследования 1986. Москва, 1988. С. 163.
  9. а б в г д Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
  10. Хроніка Вартберга
  11. Георгій Штыхаў, Тамара Джумантаева, Ларыса Сяргеенка. Полацк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 518.
  12. Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 1. Лаврентьевская летопись. — 2-е изд. — М., 2001. — С. 20.
  13. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. — 2-е изд. — М., 2001. — С. 14.
  14. Ляўданскі, А. М. Археолёгічныя досьледы ў Полацкай акрузе // Запіскі аддзелу гуманітарных навук БАН. Кн. 2. Працы археолёгічнай камісіі. Т. 2. — Мн., 1930. — С. 165—166.
  15. Штыхов, Г. В. Древний Полоцк. — Мн., 1975. — С. 24—25; Штыхов, Г. В. Средневековые города Беларуси и их предшественники (к проблеме восточнославянского протогорода) // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия: Гуманитарные науки. — 2008. — № 1. — С. 2; Тарасаў, С. В. Полацк IX—XVII стст.: гісторыя і тапаграфія. — Мн., 1998. — С. 36.
  16. Марозаў С. Полацкая трагедыя 1705 году // Царква : газета. — 8 ліпеня 2014. — № 4. — С. 10—11. Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020.
  17. Полоцк: исторический очерк / АН БССР, Ин-т истории; [Ред. П. Т. Петриков]. — 2-е изд., перераб. и доп. — Минск: Наука и техника, 1987. — 319 с. — С. 154.
  18. Сумко, Е. В. Формирование Полоцкой уездной рабоче-крестьянской милиции (1918—1921) / Е. В. Сумко // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў: зборнік навуковых артыкулаў II міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 20-годдзя археалагічных і этнаграфічных экспедыцый ПДУ, Полацк, 17-18 красавіка 2014 г.): у 2 ч. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт»; [Пад агульнай рэдакцыяй Д. У. Дука, У. А. Лобача, С. А. Шыдлоўскага]. Ч. 2. — Наваполацк: ПДУ, 2014. — 221 с.: іл., табл., карта. — С. 140. — ISBN 978-985-531-463-0.
  19. Занальны дзяржаўны архіў г. Полацка. — Ф. 220. — Воп. 1. — Спр. 43. — Л. 91.
  20. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 22 снежня 1959 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Полацка вёскі Кароўнікі Экіманскага сельскага Савета Полацкага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
  21. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Полацка некаторых населеных пунктаў Полацкага раёна Віцебскай вобласці ад 2 лістапада 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 31 (1369).
  22. Географический словарь Российского государства, описывающий азбучным порядком географически, топографически, идрографически. Ч. 4. Отд. 1: М — П. — М. — СПб.: Тип. ун-та у Любия, Гария и Попова, 1801. — 2, 1366 стлб. — С. 1238.
  23. Перепись населения — 2009. Витебская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  25. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).