Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Памяць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Памяць — адна з псіхічных функцый і відаў разумовай дзейнасці, прызначаная захоўваць, накопліваць і ўзнаўляць інфармацыю; здольнасць доўгатэрмінова захоўваць інфармацыю аб падзеях знешняга свету і рэакцыях арганізму і шматразова выкарыстоўваць яе ў сферы свядомасці для арганізацыі наступнай дзейнасці.

Памяць — працэс назапашвання, захоўвання і наступнага ўзнаўлення мінулага вопыту. 3 пазіцый фізіялогіі памяць — гэта назапашванне і ўмацаванне часовых сувязей у галаўным мозгу. Памяць дазваляе аднавіць у свядомасці вобразы і падзеі мінулага, узнавіць з’явы, якія ў цяперашні момант не дзейнічаюць непасрэдна.

Якасная асаблівасць памяці — здольнасць запамінаць не прыватныя ўласцівасці і прыметы аб’екта, а яго агульныя характарыстыкі. Чалавек не абсалютна (фатаграфічна) узнаўляе аб’ект. Вобразы ўспрынятых раней жыццёвых сітуацый, сюжэты прачытаных кніг, убачаных тэлеперадач, як правіла, узнаўляюцца ў новых сувязях, камбінацыях і спалучэннях.

Без памяці немагчыма навучанне, захаванне вопыту і замацаванне зноў засвоеных формаў паводзін. Памяць для чалавека з’яўляецца асновай мыслення. Для таго каб мысліць, трэба камбінаваць вобразы або паняцці, дакладна ўяўляць прадметы, якія адсутнічаюць, або падзеі мінулага. Гэта азначае, што яны павінны прысутнічаць у памяці.

Памяць дазваляе аднавіць у свядомасці вобразы і падзеі мінулага, узнавіць з’явы, якія непасрэдна ў дадзены момант не адбываюцца. Навукоўцы выдзяляюць чатыры працэсы памяці: запамінанне, захаванне, узнаўленне і забыванне.

Запамінанне — гэта працэс памяці, пры дапамозе якога адбываецца захаванне новых элементаў, адчуванняў ці перажываняў у сістэму асацыятыўных сувязяў. Аснову запамінання складае ўсталяванне сувязі матэрыялу з сэнсам ў адно цэлае, якое з’яўляецца рэзультатам працы мыслення над зместам матэрыялу.

Захаванне — працэс назапашвання матэрыялу ў структуры памяці, што ўключае яго перапрацоўку і засваенне. Захаванне досведу прадстаўляе чалавеку магчымасць для навучання, развіцця яго пачуццёвых працэсаў, мыслення і маўлення.

Узнаўленне інфармацыі — гэта працэс актуалізацыі элементаў досведу. Узнаўленне бывае адвольным і міжвольным. Пры адвольным узнаўленні вобраз усплывае ў свядомасці без намаганняў чалавека.

Забыванне — страта магчымасці ўзнаўлення, а часам і пазнавання інфармацыі, што была запомнена раней. Часцей за ўсё забываюцца нязначныя дэталі. Забыванне бывае частковае і поўнае, часовае і працяглае.

Тыпалогіі памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць разнастайныя тыпалогіі памяці:

  • Паводле сэнсарнай мадальнасці (зрокавая, маторная, гукавая, смакавая і болевая). Пры зрокавай памяці аб’екты ўспрымаюцца вачыма, пры маторнай – часткамі цела, пры гукавой – на слых і гэтак далей.
  • Паводле зместу (вобразная, маторная і эмацыйная). Калі задзейнічана вобразная памяць, адбываецца захаванне і ўзнаўленне вобразных з’яў і падзей. У сваю чаргу вобразная памяць дзеліцца на зрокавую, слыхавую, датыкальную, нюхавую і смакавую. Першыя два віда пераважаюць у большасці людзей. Маторная памяць адказвае за захаванне інфармацыі пра маторныя функцыі і дзеянні (то бок, рухі). Калі гаворка ідзе пра эмацыйную памяць, маецца на ўвазе запамінанне пачуццяў, звязаных з пэўнымі падзеямі. Такім чынам, інфармацыя маркіруецца пэўнымі эмоцыямі, у сувязі з чым некаторыя эпізоды жыцця (непрыемныя) адносна хутка забываюцца ў той час, як памяць пра прыемныя моманты застаецца на доўгі час.
  • Паводле арганізацыі запамінання (эпізадычная, семантычная і працэдурная). Калі чалавек карыстаецца эпізадычнай памяццю, ён узгадвае нейкі эпізод са свайго жыцця — такім чынам, гэты від памяці з’яўляецца аўтабіяграфічным. Пры карыстанні семантычнай памяццю чалавек узгадвае пэўную інфармацыю, не ведаючы, дзе і калі ён яе здабыў. Працэдурная памяць з’яўляецца памяццю пэўных дзеянняў.
  • Паводле часавых характарыстык (доўгачасовая, кароткачасовая і ўльтакароткачасовая). Захоўванне ў кароткачасовай і ўльтракароткачасовай памяці мае абмежаваную ёмістасць і працягласць. Такім чынам, інфармацыя застаецца даступнай на пэўным, адносна невялікім, прамежку часу.
  • Паводле наяўнасці мэты (адвольная і міжвольная). Міжвольнай памяццю чалавек карыстаецца, калі мэтанакіравана хоча нешта ўзгадаць ці запомніць. Адвольная ж памяць не рэгулюецца вызначанай праграмай і мэтай: запамінанне адбываецца без прыкладання спецыяльных намаганняў з боку суб’екта.
  • Паводле наяўнасці сродкаў (апасродкаваная і неапасродкаваная). Пры апасродкавым запамінанні чалавек карыстаецца нейкімі сімбалямі ці асацыяцыямі дзеля лепшага адкладання ў памяці пэўнай інфармацыі.
  • Паводле ўзроўня развіцця (маторная, эмацыйная, вобразная і слоўна-лагічная).
  • Памяць, безумоўна, валодае шматлікімі ўласцівасцямі. Галоўнымі з іх з’яўляюцца дакладнасць, аб’ём, хуткасць працэсаў запамінання, хуткасць працэсаў узнаўлення і хуткасць працэсаў забывання.

Законы памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі і навукоўцы выдзяляюць пэўныя заканамернасці ці законы памяці:

  • Закон інтарэсу (цікавае запамінаецца хутчэй);
  • Закон асэнсавання (чым глыбей будзе асэнсавана інфармацыя — тым лепей яна запомніцца);
  • Закон устаноўкі (калі чалавек паставіў сабе задачу вывучыць пэўную колькасць інфармацыі, то
  • запамінацца ўсё будзе значна лягчэй);
  • Закон дзеяння (калі тэорыя прымяняецца на практыцы, то і запаммінаецца яна добра);
  • Закон кантэксту (пры асацыятыўнай сувязі інфармацыі з ужо вядомымі паняццямі новы матэрыял усвайваецца прасцей);
  • Закон аптымальнай даўжыні шэрагу (даўжыня не павінна нашмат перавышаць аб’ёму кароткачасовай аператыўнай памяці);
  • Закон краю (інфармацыя, прадстаўленая ў пачатку і канцы, запамінаецца лепш за ўсё);
  • Закон паўтарэння (лепш запамінаецца тое, што часам паўтараецца);
  • Закон незавершанасці (лягчэй запамінаюцца незавершаныя дзеянні, задачы і фразы).

Існуюць паталагічныя парушэнні памяці — амнезія, напрыклад, якая ў сваю чаргу падзяляецца на гіпамнезію, гіпермнезію і парамнезію. Пры гіпамнезіі у чалавека ёсць праблемы з запамінаннем ці ўзгадваннем. Гіпамнезія сустракаецца ў людзей у сталым веку або ў людзей з захворваннямі галаўнога мозгу. Гіпермнезія характарызуецца анамальным абвастрэннем памяці, у сувязі з чым бываюць праблемы з забываннем пэўных рэчаў. Парамнезія адзначаецца наяўясцю несапраўдных успамінаў, перамеваннем рэальнага і ўяўнага, сучаснасці і мінулага.