Насельніцтва Румыніі
Паводле дадзеных 2019 года насельніцтва Румыніі складае больш за 19 млн жыхароў, гэта 7-е месца ў ЕС. Характэрная адмоўная дынаміка колькасці насельніцтва, адзін з самых нізкіх паказчыкаў нараджальнасці ў свеце. У нацыянальным складзе пераважаюць румыны, венгры і цыганы. Большасць насельніцтва атаясамлівае сябе з праваслаўным хрысціянствам і карыстаецца румынскаю мовай. Самы нізкі ў ЕС узровень урбанізацыі (54 %). Вялікія гарады Румыніі — Бухарэст, Брашаў, Клуж-Напока, Ясы, Тымішаара, Канстанца, Краёва.
Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Розныя крыніцы даюць даволі розныя ацэнкі колькасці насельніцтва Румыніі — ад 19,5 да 21,5 млн чалавек. Натуральны прырост адмоўны і складае каля −3.5 праміле (2018). Сумарны каэфіцыент нараджальнасці вельмі нізкі — усяго 1,36 (у 2015 — 1,33), што нашмат ніжэй за ўзровень простага ўзнаўлення (2,1). Міграцыйны складнік слабаадмоўны. Сярэдні ўзрост складае 41,6 гадоў, працягласць жыцця — 75,6 гадоў. Насельніцтва старэе. Адсотак дзяцей і падлеткаў да 15 гадоў (14 %) меншы за долю асоб старэйшых за 65 гадоў (16 %).[1].
Нацыянальны склад
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама Цыганы ў Румыніі
Згодна з перапісам 2011 года 89 % жыхароў краіны адносяцца да тытульнай нацыі — румынаў — раманскага народа; 6,1 % насельніцтва — гэта венгры, што з даўніх часоў кампактна пражываюць у Трансільваніі; 3 % — гэта цыганы. Сярод іншых меншасцей — туркі, немцы, украінцы, арамуны (старажытны раманізаваны балканскі народ), сербы і інш. У 2009 у Румыніі пражывалі 133 000 імігрантаў, большай часткай з Малдовы і Кітая. Лічыцца, што па-за межамі Румыніі па ўсім свеце жыве не менш за 12 мільёнаў румынаў і асоб з румынскімі каранямі.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржаўная мова румынская — найбольш шматлікая ў падгрупе ўсходне-раманскіх моў. У румынскім алфавіце 26 класічных лацінскіх літар і 5 дадатковых: 'ă','â','î','ț', і 'ș'. На румынскай мове размаўляе 90 % насельніцтва, на венгерскай — 6 %, на ўлашскіх дыялектах цыганскай мовы — 1,2 %. Каля 50 000 чалавек у паўночных жудзецах размаўляе па-ўкраінску. Канстытуцыя забяспечвае правы нацыянальных меншасцей: у рэгіёнах, дзе нетытульныя народы складаюць больш за 20 %, іх мовы выкарыстоўваюцца ў адукацыі, справаводстве і інш. У школьнай адукацыі аддаецца перавага англійскай і французскай мовам як замежным. Згодна з дадзенымі Еўрабарометра 2012, англійскай валодае 31 % румынаў, французскай — 17 %.
Рэлігійны склад
[правіць | правіць зыходнік]Румынія — секулярная дзяржава. Тым не менш, рэлігія мае важную ролю ў жыцці румынаў. Паводле перапісу 2011, 81 % насельніцтва — праваслаўныя хрысціяне. Астатнія хрысціяне складаюць яшчэ 10 % (пратэстанты — 6 %, каталікі — 4 %). Туркі і татары пераважна мусульмане (64 000 чалавек). Атэістаў усяго 40 000. Румынская праваслаўная царква аўтакефельная, мае ўласнага патрыярха. Гэта другая па памерах праваслаўная царква свету, юрысдыкцыя якой распаўсюджваецца таксама на вернікаў Малдовы і румынскую дыяспару па ўсім свеце.
Размяшчэнне і гарады
[правіць | правіць зыходнік]Шчыльнасць насельніцтва складае 84 чал/км². Насельніцтва размеркавана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна. Узровень урбанізацыі адзін з самых нізкіх у Еўропе — усяго 54 %. Дарэчы, з 1990-х узровень урбанізацыі нават паменшыўся. У Бухарэсце жыве 1,8 млн чалавек, у сталічнай агламерацыі — блізу 2,2 млн. Усяго маецца 19 гарадоў з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек. Больш за 300 000 жывуць у Тымішаары і Клуж-Напоцы. Іншыя вялікія гарады — Ясы, Брашаў, Канстанца, Краёва.
№ | Горад | Жудзец | Нас. | № | Горад | Жудзец | Нас. | ||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Клуж-Напока |
1 | Бухарэст | Бухарэст | 1,883,425 | 11 | Брэіла | Брэіла | 180,302 | Тымішаара Ясы |
2 | Клуж-Напока | Клуж | 324,576 | 12 | Арад | Арад | 159,704 | ||
3 | Тымішаара | Тыміш | 319,279 | 13 | Пітэшты | Арджэш | 155,383 | ||
4 | Ясы | Ясы | 290,422 | 14 | Сібіу | Сібіу | 147,245 | ||
5 | Канстанца | Канстанца | 283,872 | 15 | Бакэў | Бакэў | 144,307 | ||
6 | Краёва | Долж | 269,506 | 16 | Тыргу-Мурэш | Мурэш | 134,290 | ||
7 | Брашоў | Брашоў | 253,200 | 17 | Бая-Марэ | Марамурэш | 123,738 | ||
8 | Галац | Галац | 249,342 | 18 | Бузэў | Бузэў | 115,494 | ||
9 | Плаешці | Прахава | 209,945 | 19 | Баташань | Баташань | 106,847 | ||
10 | Арадзя | Біхор | 196,367 | 20 | Сату-Марэ | Сату-Марэ | 102,441 |
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ro.html Архівавана 5 верасня 2015.
- ↑ Population at 20 October 2011(недаступная спасылка). INSSE (5 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2018. Праверана 21 красавіка 2019.