Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галоўны ўваход Брытанскага Музея ў Лондане
Пергамскі Алтар у Пергамскім музеі ў Берліне

Музей (ад грэч. μουσεῖον — дом муз) — установа, якая займаецца збіраннем, вывучэннем, захоўваннем і экспанаваннем прадметаў — помнікаў прыродазнаўства, матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама асветніцкай і папулярызатарскай дзейнасцю.

Спачатку гэта паняцце азначала калекцыю прадметаў (экспанатаў) па мастацтве і навуцы, затым, з XVIII стагоддзя, яно ўключае ў сябе таксама будынак, дзе размяшчаюцца экспанаты. З XIX стагоддзя далучылася навукова-даследчая работа, якая праводзіцца ў музеях. А з шасцідзесятых гадоў XX стагоддзя пачалася педагагічная дзейнасць музеяў (спецыяльныя праекты для дзяцей, падлеткаў і дарослых).

З развіццём камп’ютарнай тэхнікі і Інтэрнэту з’явіліся таксама віртуальныя музеі на CD-ROM або ў Інтэрнэце.

У 1946 годзе была створана міжнародная арганізацыя ICOM (анг. International Council of Museums) для падтрымкі і развіцця дзейнасці музеяў. Гэтая арганізацыя ўключае ў сябе больш за 27 000 удзельнікаў з 115 краін свету і цесна працуе з ЮНЕСКА і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

У Расійскай імперыі ў другой пал. ХІХ — пачатку ХХ стст. існавалі царкоўна-археалагічныя музеі — музеі гістарычнага профілю пры духоўных акадэміях, царкоўна-археалагічных камітэтах, таварыствах, праваслаўных брацтвах і знаходзіліся ў падпарадкаванні Свяцейшаму Сіноду. Узнікненне царкоўна-археалагічных музеяў было вынікам інтэнсіўнага развіцця ў Расіі ў апошняй трэці ХІХ ст. царкоўна-гістарычнай навукі, выдзяленнем з яе царкоўнай археалогіі як самастойнай дысцыпліны, увядзеннем яе ў якасці абавязковага прадмета навучання ў духоўных акадэміях. Першы падобны музей паўстаў у Кіеўскай духоўнай акадэміі (1872). Музеі гэтай групы камплектаваліся пераважна рэчавымі помнікамі, якія мелі дачыненне да гісторыі і абраднасці праваслаўнай царквы. Традыцыйнымі ў іх былі аддзелы іконапісу, аддзення, кніг і рукапісаў, нумізматыкі, дробнай пластыкі, царкоўнага начыння, а таксама гравюр, фотаздымкаў, чарцяжоў, даступныя для агляду шырокай публікай. Беларускія праваслаўныя старажытнасці захоўваліся ў царкоўна-археалагічных музеях у Віцебску (1893), Магілёве (1897), Гродне (1905), Вільні (1908), Мінску (1908). Пасля 1917 г. царкоўна-археалагічныя музеі былі ліквідаваны, іх ацалеўшыя калекцыі ўвайшлі ў склад мясцовых краязнаўчых музеяў.

Таксама ў складзе МУС Расійскай імперыі ў 1834—1917 гг. існавалі музеі статыстычных камітэтаў — зборы старажытных і незвычайных рэчаў, а таксама кладаў, якія паўсталі пры губэрнскіх статыстычных камітэтах — навукова-адміністрацыйных установах па збіранні эканоміка-статыстычных дадзеных.

Разам са зборам статыстычных дадзеных, статыстычныя камітэты, некаторыя з якіх выконвалі функцыю мясцовых гістарычных таварыстваў, праводзілі этнаграфічнае вывучэнне губерній, разбіралі мясцовыя архівы, апісвалі гістарычныя помнікі. Адказнасць за арганізацыю гэтых навуковых работ ускладалася на сакратароў камітэтаў, многія з якіх былі добра вядомы ў навуковым асяродку.

У другой пал. ХІХ ст. пры статыстычных камітэтах адкрываюцца музеі старажытнасцей, першым з якіх быў маскоўскі (1842). Абмежаваныя сродкі не давалі ім магчымасці забяспечыць належны ўзровень захавання матэрыялаў, іх сістэматызацыю і папулярызацыю. Як правіла, гэтыя музеі не мелі ўласных памяшканняў, знаходзіліся ў губернскіх канцэлярыях і былі адчынены для агляду 1-2 дня на тыдзень. На беларускіх землях існавалі музеі пры Віцебскім, Гродзенскім, Магілёўскім, Мінскім статыстычных камітэтах.

У пачатку ХХ ст. музейныя зборы статыстычных камітэтаў былі пераўтвораны ў публічныя музеі, альбо далучаны да іншых публічных музеяў.

  • Гужалоўскі А. А. Нараджэнне беларускага музея. Мн., 2001.