Максімільян Станіслаў Рыла
Максімільян Станіслаў Рыла | |
---|---|
Дата нараджэння | 31 снежня 1802[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 чэрвеня 1848[1] (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | каталіцкі святар, каталіцкі святар |
Альма-матар | |
Кірунак | Місіянерства |
Асноўныя інтарэсы | археалогія, тэалогія |
Максімільян Станіслаў Рыла (польск.: Maksymilian Stanisław Ryłło; 31 снежня 1802, в. Падароск, Ваўкавыскі павет, Гродзенская губерня — 17 чэрвеня 1848) — філосаф, археолаг, арыенталіст, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са збяднелай шляхты. Скончыў павятовую школу ў Лыскаве і Полацкую езуіцкую акадэмію са званнем магістра філасофіі, пасля вучыўся медыцыне ў Віленскім універсітэце. Увесну 1820 года ў сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі перабраўся ў Рым, дзе 9 кастрычніка 1820 года ўступіў у ордэн езуітаў. Адбываў двухгадовы навіцыят пры касцёле святога Андрэя, потым год навучаўся рыторыцы, у 1823—1824 гадах — граматыцы, у 1824—1826 гадах — філасофіі ў Рымскім Калегіуме. Пасля сканчэння навучання выкладаў паэтыку ў Турыне (1827—1830). У 1830—1834 гадах вывучаў тэалогію ў Рымскім Калегіуме, пасля там сама выкладаў філасофію. З 1833 года святар.
Як пачатковыя намеры місіянерскай дзейнасці на Літве пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў ажыццявіць было немагчыма, то зацікавіўся місіямі на Блізкім Усходзе. Фінансава дапамагаў езуіцкай місіі ў Сірыі з 1831 года.
26 чэрвеня 1836 года пакінуў Рым і накіраваўся ў Ліван, каб вывучыць магчымасці ажыццяўлення царкоўнай уніі і адкрыцця адмысловай каталіцкай акадэміі на Блізкім Усходзе. Як папскі візітатар наведаў Малую Азію.
У студзені 1837 года пазнаёміўся з Юльюшам Славацкім, які прыслужваў яму падчас імшы пры Гробе Гасподнім. 26 сакавіка Рыла адмыслова прыехаў у кляштар спавядаць Славацкага.
У красавіку 1837 года дабраўся да Дамаска, дзе апроч сустрэч з прадстаўнікамі ўсходніх цэркваў пачаў займацца археалагічнымі даследаваннямі. Упершыню даследаваў руіны старажытнай Ніневіі.
У канцы 1837 года вярнуўся ў Рым, ахвяраваў музею Ватыкана багатую калекцыю археалагічных знаходак з Ніневіі (захаваліся ў Museo Profano Ватыканскай бібліятэкі), быў абраны ў Папскую археалагічную акадэмію, праз пару гадоў — стаў членам Арыенталісцкага таварыства ў Парыжу[2].
Свой побыт у Рыме скарыстоўваў для прасоўвання плана стварэння каталіцкага калегіума ў Бейруце або Алепа, шукаў фундатараў для ажыццяўлення гэтай задумы.
3 чэрвеня 1839 года праз Мальту і Канстанцінопаль вырушыў да Бейрута, але палітычная сітуацыя, турэцка-егіпецкая вайна за панаванне над Ліванам і барацьба розных царкоўных фракцый Блізкага Усходу перашкодзілі яго планам па стварэнні вучылішча.
У сакавіку 1840 года прапанаваў генералу ордэна дэталёвы план стварэння ў Бейруце калегіума для 100 навучэнцаў, вучылішча неўзабаве было збудавана і ў лістападзе 1841 года Collegium Asiaticum пачаў дзейнічаць. Але праз пярэчанні французскай адміністрацыі, якая баялася самастойнасці гэтай установы, Рылу адклікалі на Мальту. Тым не менш, каталіцкае вучылішча, якое з 1875 года стала звацца Універсітэтам Святога Іосіфа, заўсёды лічыла Максімільяна Рылу сваім заснавальнікам.
Актыўная дзейнасць на Мальце, дзе ён займаўся прапаведніцтвам, выклікала незадавальненне брытанскага губернатара, на некаторы час яму было забаронена прамаўляць казанні[3]. Надрукаваў каментарыі да выдання заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы «Духоўныя практыкаванні».
4 жніўня 1844 года быў прызначаны рэктарам Калегіума Прапаганды (Collegium Urbanum), задачай якога было рыхтаваць місіянераў. У лістападзе 1845 года Папам быў прызначаны старшынёй камісіі, якія запісвала сведчанні Макрыны Мечыслаўскай пра расійскі пераслед сясцёр-базыліянак з мінскага кляштара Святой Тройцы. Гэтыя сведчанні былі перакладзены на шматлікія еўрапейскія мовы і сталі вядомымі па ўсёй Еўропе, хоць, як паказваюць даследаванні, былі фальсіфікацыяй, а іх аўтарка — махляркай[4].
Як знаўца Усходу і арабскай мовы ўвайшоў у склад створанага ў снежні 1845 года Апостальскага Вікарыяту Цэнтральнай Афрыкі. Склаў абавязкі рэктара калегіума і ў кастрычніку 1846 года выправіўся ў місіі, праз Мальту і Бейрут. У красавіку 1847 года ён дасягнуў Александрыі, дзе ўзначаліў экспедыцыю ў Цэнтральную Афрыку. У ліпені накіраваўся да Каіра, дзе захварэў на цяжкую дызентэрыю, але, незважаючы на хваробу, вырушыў да вярхоўяў Ніла. У лютым 1848 года ён дасягнуў Хартума, дзе набыў для місіі дом з садам.
Памёр 17 чэрвеня 1848 года ў Хартуме, дзе быў пахаваны на мясцовых могілках, адкуль яго рэшткі ў 1900 годзе былі перанесены на ордэнскія могілкі ў Каіры[5].
Зноскі
- ↑ а б Maksymilian Stanisław Ryłło // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ Janocha Michał. Wykopaliska archeologiczne Ojca Maksymiliana Ryłły w zbiorach Watykańskich Архівавана 10 красавіка 2023. // Warszawskie Studia Teologiczne. XII/1999, 63-69. ·
- ↑ Galea, Michael. The padre Ryllo affair from contemporary journals // Melita Historica, 1985, 9(2), 133—144.
- ↑ Урбан, Ян. Макрына Мечыслаўская ў святле праўды. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — 153 с.
- ↑ Jarosław Stanisław Różański. Maksymilian Ryłło SJ u początków drugiej ewangelizacji Sudanu, w: W. Cisło, J. Różański, M. Ząbek (red.), Bilad as-Sudan — Między przeszłością a teraźniejszością, Bernardinum: Pelplin 2020, s. 161—181.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Першы даследчык Вавілона // Свіслацкая газета. — Ваўкавыск: 2008. — В. 20 мая.
- Koscialkowski S. O. Maksymilian Ryllo, T. J. 1802–1848. — Bejrut, 1946.
- Karol A. Jezuita romantyczny – o. Maksymilian Ryllo. — Krakow, 1992.
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 31 снежня
- Нарадзіліся ў 1802 годзе
- Нарадзіліся ў Ваўкавыскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 17 чэрвеня
- Памерлі ў 1848 годзе
- Памерлі ў Судане
- Пахаваныя ў Каіры
- Выпускнікі Полацкай езуіцкай акадэміі
- Выпускнікі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Філосафы
- Езуіты
- Постаці беларускага каталіцтва
- Каталіцкія місіянеры
- Езуіты Італіі
- Нарадзіліся ў Ваўкавыскім раёне