Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Маквіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маквіс (таксама ў залежнасці ад мовы крыніцы: макі ад фр.: maquis, мак’я ад італ.: macchia, макія ад ісп.: maquia) — зараснікі вечназялёных жорсткалісцевых і калючых кустоў, нізкарослых дрэў і высокіх траў у засушлівых субтрапічных рэгіёнах.

Маквіс на Корсіцы

Найбольш распаўсюджаныя па схілах гор і пагоркаў у міжземнаморскім клімаце, асабліва ў кантынентальных раёнах Балканскага і Пірэнейскага паўвостраваў, на астравах Крыт, Корсіка, Сіцылія і інш. Сустракаюцца ў іншых рэгіёнах свету з падобным кліматам (Каліфорнія, Чылі, ПАР, Аўстралія), дзе, зрэшты, для іх абазначэння выкарыстоўваюцца мясцовыя тэрміны — скрэб (Аўстралія), чапараль (Паўночная Амерыка), у ПАР — фінбош (Капская вобласць).

Маквісы вельмі пажаранебяспечныя, асабліва ў сухое ветранае надвор’е. Яркім пацвярджэннем сталі Каліфарнійскія пажары  (руск.) ў ЗША і лясныя пажары ў Грэцыі 2007 гадоў. Аднак агонь для маквіса — натуральная крыніца абнаўлення расліннасці і ўзбагачэння глебы мінераламі, неабходнымі для прарастання новага насення.

Кусты жаўтазелю ў Фандакелі-Фанціна, Сіцылія

Розныя тыпы маквісаў найбольш тыповыя ў сучасных краінах Міжземнамор’я, дзе яны прыйшлі на змену лясам, высечаным чалавекам яшчэ ў часы антычнасці, хоць маюцца і карэнныя масівы маквісаў. Маквісы найбольш класцівы ніжняму поясу гор да вышыні 800 м, дзе яны ўтвараюць густыя, калючыя і цяжкапраходныя зараснікі. Маквісы двухуззроўневыя. Першы ўзровень — уласна маквіс — складаецца з нізкарослых дрэў, якія растуць на вышыні ад 0 да 400 м вышэй за ўзровень мора. Далей пераважаюць кусты і травы, якія складаюць паласу гарыгі. Раней маквісы ўяўлялі сабой падлесак уласна вечназялёных жорсткалісцевых лясоў.

Маквіс — пераважна хмызняковы біём са значнай колькасцю відаў. У склад маквіса ўваходзіць вялікая колькасць відаў, але пераважаюць калючыя кусты (сярэдняя вышыня 2-4 м), радзей сустракаюцца дрэвы вышыней 8-10 м. Віды: фісташкі, сунічнае дрэва, ядловец, масліна, ладаннікі, мірт і іншыя. У травяным покрыве пераважаюць аднагадовыя травы. Многія з іх маюць павышаную канцэнтрацыю эфірных алеяў, а таму валодаюць моцным пахам.

З-за калючасці маквіс падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалі для ўкрыцця ад фашыстаў французскія партызанскія атрады макі  (руск.), якімі кіраваў рух Супраціву  (руск.).