Літва (зямля)
Літва, Літоўская зямля (у тапанімічным сэнсе) — назва зямлі (тэрыторыі) ва Усходняй Еўропе ў XI—XVIII стст.
Першапачатковая лакалізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, першапачаткова (да сярэдзіны XIII ст.) пад назвай «Літва» («Літоўская зямля») разумелася тэрыторыя балцкага этнапалітычнага аб’яднання «літва», якое размяшчалася ў верхнім цячэнні ракі Віліі, на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь і паўднёвым усходзе Літоўскай Рэспублікі: раёны вакол сучасных населеных пунктаў Вільнюс, Тракай, Варэна, Ліда, Ашмяны, Гальшаны, Крэва, Смаргонь, Валожын, Астравец[1][2][3][4]. На думку іншых даследчыкаў, першапачатковая Літва (Літоўская зямля) была шырэйшай і ахоплівала таксама тэрыторыі гістарычных Нальшчан і Дзяволтвы, якія, мяркуецца, былі не самастойнымі аб’яднаннямі, а толькі складовымі часткамі балцкага правадырства «літва». На поўдні і ўсходзе межавала з усходнеславянскімі землямі — Полацкай дзяржавай і Гарадзенскім княствам. З апошнім было звязана ўзвышэнне гэтай тэрыторыі і яе князёў у ХІІІ ст.
Паводле меркавання Міколы Ермаловіча, Літва яшчэ да сярэдзіны XIII ст. знаходзілася паміж Слонімам і Мінскам (цалкам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь), а толькі пасля назва «Літва» («Літоўская зямля») разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі ўсходніх балтаў у выключна палітычным сэнсе. Аднак канцэпцыя лакалізацыі летапіснай Літвы Міколы Ермаловіча была ўспрынята шэрагам гісторыкаў вельмі крытычна.
«Літва» як гістарычная вобласць Вялікага Княства Літоўскага
[правіць | правіць зыходнік]З пачаткам тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага (з сярэдзіны XIII ст.) і далейшым пашырэннем уладанняў першых вялікіх князёў літоўскіх (Міндоўга, Войшалка і іх пераемнікаў) назва «Літва» ахоплівае землі на ўсходзе сучаснай Літвы, Нальшаны, Дзяволтву, Упіту (тэрыторыі, пазней вядомыя як Аўкштота), а таксама распаўсюджваецца на ўсе землі Верхняга Панямоння (тэрыторыі вакол Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна), але не ўключае землі Жамойці[5]. У пісьмовых крыніцах Жамойць згадваецца як асобная гістарычная вобласць. Прычыны і наступствы распаўсюджання назвы «Літва» на ўсе гэтыя землі выклікаюць навуковыя дыскусіі: напрыклад, пераасэнсаванне першапачатковага значэння тэрміна, ці мелі дадзеныя працэсы этнічныя наступствы[6].
У XIV — першай палове XVI ст. назва «Літва» з’яўляецца не толькі кароткім абазначэннем Вялікага Княства Літоўскага, але і назвай цэнтральнага рэгіёна дзяржавы (гістарычная вобласць). Так, сучаснікі называлі Літвой тэрыторыю на ўсход ад ракі Нявежыс (вакол гарадоў Алітус, Укмярге, Анікшчэй, Рокішкіс) і на захад ад лініі Браслаў — Лагойск — Мінск — Нясвіж — Ганцавічы — Івацэвічы — Пружаны ўключна[7]. Такі сэнс назвы «Літва» аддзяляў яе ад паняцця «Русь» (зямель «рускіх» княстваў, уключаных у склад ВКЛ у XIV ст., а не ў XIII ст.) і ад гістарычнай вобласці Жамойць[8]. Напрыклад, у 1440 г. сын Ягайлы вялікі князь літоўскі Казімір (1440—1492) тытулаваўся як «великий князь Казимир, королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель»[9], а ў Жалаванай грамаце аб пашырэнні праў і прывілеяў феадалам ВКЛ ад 2 мая 1447 г.[10] пазначыў сябе як «мы, Казимир, с божьей милости выбраный король польскый и великий князь литовский, и рускый, и жемоитскый и иных земель»[11]. У ВКЛ вылучалі і такія рэгіёны як Палессе і Падляшша[12].
Пазней дадзенае значэнне хароніма яшчэ больш пашыраецца: у XVII—XVIII стст. назва «Літва» ужо трывала выкарыстоўваецца пры азначэнні ўсёй заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ (акрамя Жамойці) і яго насельніцтва (раёны вакол гарадоў Трокі, Вільня, Горадня, Наваградак, Менск, Слуцк, Берасце, Пінск, Мазыр, Бабруйск, Барысаў, Браслаў і інш.), адсоўваючы на ўсход арэал назвы «Русь» (у дачыненні толькі да падзвінскіх і падняпроўскіх паветаў і ваяводстваў), што захавалася да падзелаў Рэчы Паспалітай і ў пазнейшы час[8][13].
Карты
[правіць | правіць зыходнік]- Карта балцкіх зямель і княстваў у сярэдзіне XIII ст. (паводле Вячаслава Насевіча) // Персональный сайт белорусского историка Вячеслава Носевича
- «Літоўская зямля» («Уласна Літва») у складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XIV ст. (паводле Аляксандра Краўцэвіча) // prastora.by
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Літоўская губерня
- Літоўскае генерал-губернатарства
- Паўночна-Заходні край
- Этнічная тэрыторыя беларусаў
- Белая Русь
Зноскі
- ↑ Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 17—18; Насевіч, В. Л. Літва.
- ↑ Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі»
- ↑ Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381, 390.
- ↑ Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — С. 104—105, 203.
- ↑ Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы… С. 7, 9, 22; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 107; Белы, А. Хроніка «Белай Русі»… С. 158.
- ↑ Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы; Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 15 красавіка 2022..
- ↑ Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 106—109; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё. — С. 69—71.
- ↑ а б Насевіч, В. Л. Літва
- ↑ Насевіч, В. Л. Літва; Узята Вячаславам Насевічам з Дагаворнай граматы вялікага князя літоўскага Казіміра з Вялікім Ноўгарадам аб устанашленні міру і ўмоў вядзення гандлю з Полацкам і Віцебскам. Гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 1, 1846. — С. 52—53.
- ↑ Грамата датавана 2 мая 1457 г., але выказваюцца меркаванні, што там памылка і ў сапраўднасці грамата выдана 2 мая 1447 г.
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 1, 1846. — С. 73—77.
- ↑ Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 73, 97.
- ↑ Белы, А. Белая Русь… С. 307; Спірыдонаў, М. Ф. Уступ / М. Ф. Спірыдонаў // Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. — С. 21, 28; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 46, 94—95.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. — Т. 1. 1340—1506. — Санкт-Петербург : Тип. II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1846. — 375 с.
- Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л. А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В. В. Седов; Редкол.: Б. А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
- Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 3 : Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. К. Бандарчык [і інш]. — 2001. — 433 с
- Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё / В. К. Бандарчык [і інш]. — 2001. — 433 с.
- Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 6 : Грамадскія традыцыі / В. К. Бандарчык [і інш]. — 2002. — 606 с.
- Белы, А. Белая Русь / А. Белы // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 2 т. — Мінск , 2006. — Т. 1. — С. 306—308.
- Белы, А. Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы Архівавана 26 верасня 2015. / А. Белы. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. — 238 с. — ISBN 985-6599-12-1
- Бандарчык, В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. / В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1964. — 282 с.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
- Гринблат, М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории / М. Я. Гринблат. — Минск : Наука и техника, 1968. — 288 с.
- Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 15 красавіка 2022. / А. Дзярновіч // Палітычная сфера. — 2012. — № 18—19(1—2). — С. 30—53. [1]
- Ермаловіч, М. Па слядах аднаго міфа. — Мн., 1989.
- Зайкоўскі, Э. М. Літва / Э. М. Зайкоўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 21—22. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne № 8. 1997.
- Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — 238 с.
- Насевіч, В. Л. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т. — Мн.: БелЭН, 2006. — Т. 2. — С. 202—206.
- Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — 160 с.: іл.
- Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі» // В. Насевіч. — Туризм и отдых. — 15 января 2009 г. — № 1 (686).
- Спірыдонаў, М. Ф. Уступ / М. Ф. Спірыдонаў // Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. Беларусь са старажытных часоў да канца XVIII ст. — Варшава-Мінск, 2008. — С. 3—28.
- Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013. // Наш Радавод. Гродна, 1996. — Кн. 7. — С. 206—211.
- Baranauskas, T. Lietuvos valstybės ištakos / T. Baranauskas. — Vilnius: Vaga, 2000. — 317 p. ISBN 5-415-01495-0
- Gudavicius, E. Following the Tracks of a Myth Архівавана 17 студзеня 2012. // Lithuanian Historical Studies. 1. — Vilnius, 1996. — S. 38—58.
- Łatyszonek, O. Od rusinów białych do białorusinów. U źrodeł białoruskiej idei narodowej / O. Łatyszonek. — Białystok : Wyd-wo uniwersytetu w Białymstoku, 2006. — 390 s.
- Łowmiański, H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. — Poznań, 1985;
- Ochmański, J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku Архівавана 17 студзеня 2012.. — Poznań, 1981.
У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Літва(бел. (тар.)) |