Куш (дзяржава)
Гістарычная дзяржава | |
Куш | |
---|---|
|
|
|
|
Сталіца | Напата, Мероэ |
Форма кіравання | манархія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Куш — старажытная дзяржава ва Усходняй Афрыцы (1070 г. да н.э. — 330 г.).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Егіпецкае кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Узнікненню дзяржавы Куш у Верхняй Нубіі папярэднічала амаль тысячагадовае існаванне дзяржавы Керма, якая да 1450 г. да н. э. была заваявана Егіптам. Відавочна, улада фараонаў Новага царства распаўсюджвалася да чацвёртага парога ракі Ніл. У Нубіі мелася егіпецкая адміністрацыя, апарат чыноўнікаў і армія. Заваяваныя землі, асабліва Ніжняя Нубія, трапілі пад моцны культурны ўплыў егіпцян.
Нубія з’яўлялася важным пастаўшчыком золата, рагатай жывёлы, дарагіх парод драўніны, а таксама пасрэднікам у гандлі з трапічнай Афрыкай. Аднак кантроль зямель, што знаходзіліся за парогамі, быў складаным. Намеснікі фараона, якія мелі тытулы «валадарскі сын, верхавод паўднёвых краін» і «валадарскі сын Куша», адрозніваліся значнай самастойнасцю. Акрамя таго, у егіпецкіх дакументах узгадваюцца «ўладары», а таксама «вялікія» (у тым ліку «вялікія Куша») — прадстаўнікі мясцовых высакародных колаў, што выплочвалі даніну і выконвалі даручэнні егіпецкай адміністрацыі.
Перыяд Напаты
[правіць | правіць зыходнік]Каля 1070 г. да н. э. Новае царства распалася, і намеснікі Куша атрымалі самастойнасць. Цэнтрам новай дзяржавы стала Напата. Яе галоўны сакральны цэнтр Джэбель-Баркал быў прысвечаны богу Амону і ўзвялічваў уладу мясцовых уладароў корэ да статуса фараона. Існаваў звычай пахавання корэ і членаў іх сям’і ў пірамідах.
У сярэдзіне VIII ст. да н. э. кушыцкі валадар Кашта авалодаў Верхнім Егіптам і стварыў XXV дынастыю фараонаў. Яго спадчыннік Піанхі далучыў Верхні Егіпет. З гэтай нагоды ў Напаце была усталявана гранітная пліта. Аднак канчатковае далучэнне Егіпта да Куша адбылося толькі пры корэ Піанхі. Кушыцкія фараоны Егіпта працягвалі кіраваць у Напаце, пасля смерці іх хавалі ў Нуры і Эль-Куру. Апошнія кушыцкія фараоны Тахарка і Танутамон былі выгнаны з Егіпта асірыйцамі.
У 591 г. да н. э. у час паходу ў Егіпет персы ўварваліся таксама на поўнач Нубіі. Ад іх нашэсця пацярпела Напата. Хаця ў 525 г. да н. э. персідскія войскі спыніліся на паўночнай мяжы Куша, існавала далейшая пагроза з боку персаў. Пры нявысветленых абставінах цэнтр дзяржавы Куш быў перанесены ў Мероэ. У V ст. да н. э. Герадот ужо называў Мероэ галоўным горадам Эфіопіі[1]. Разам з гэтым, Напата заставалася асноўным рэлігійным і культурным цэнтрам да сярэдзіны III ст. да н. э.
Перыяд Мероэ
[правіць | правіць зыходнік]У эпоху персідскага і пталамееўскага валадарання ў Егіпце адносіны паміж Кушам і поўначчу былі даволі складанымі. Археолагі заўважаюць, што да I ст. да н. э. памежная Ніжняя Нубія заставалася амаль незаселенай. Корэ Аркамані (295 — 275 гг. да н. э.)[2] канчаткова перанёс цэнтр дзяржавы ў Мероэ і спыніў практыку пахавання манархаў каля Напаты. Дыядор Сіцылійскі паведамляў, што Аркамані жыў у згодзе з Пталамеем II, дзякуючы знаёмству з грэчаскай філасофіяй ён вырашыў вызваліцца з-пад уплыву жрацоў Напаты і загадаў забіць іх. Некаторыя даследчыкі лічаць, што такім чынам ён ператвараў сваю тэакратычную ўладу ў больш свецкую. Аднак археолагі, якія даследуюць Напату, не ўпэўнены ў праўдзівасці апавядання Дыядора.
Раскопкі ў Мероэ пацвярджаюць, што Куш доўгі час заставаўся эканамічна актыўнай дзяржавай, падтрымліваў гандлёвыя сувязі з Міжземнамор’ем, Аравійскім паўвостравам і Індыяй. Верхняя Нубія была багатым сельскагаспадарчым рэгіёнам. Тут працягвалі здабываць золата, выплаўлялі чыгун. Заваяванне Рымам Егіпта спрыяла пашырэнню пасрэдніцкіх кантактаў, адбылося засяленне Ніжняй Нубіі. У 23 г. да н. э. у адказ на напад кушытаў на поўдзень Егіпта рымляне арганізавалі карную экспедыцыю, якая зруйнавала Напату. Але ў далейшым захоўваліся мірныя сувязі.
У першыя стагоддзі н. э. улада Мероэ паступова прыходзіла ў заняпад. Магчымай прычынай быў экалагічны крызіс, выкліканы пахаладаннем. Саванны вакол Ніла пачалі апустыньвацца, і жывёлагадоўцы мігрыравалі на поўдзень. Значныя міграцыі з Мероэ часткова пацвярджаюцца раскопкамі ў раёнах трапічнай Афрыкі. Акрамя таго, каля Куша з’явіліся моцныя супернікі. Імператар Дыяклетыян перасяліў у Ніжнюю Нубію набатэйцаў, якія занялі заходні бераг Ніла і стварылі дзяржаву Набадыю. На ўсходзе хутка набірала моц Аксумская дзяржава. Каля 330 г. н. э. на стэле аксумскага валадара з’явіўся надпіс аб заваяванні ім Мероэ. Гэты год лічыцца апошнім у гісторыі існавання дзяржавы Куш.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Джэбель-Баркал — сакральнае месца эпохі Напаты
-
Рэканструкцыя храма Амона ў Напаце
-
Піраміды ў Нуры
-
Піраміды ў Мероэ
-
Алейная лямпа эпохі Мероэ
-
Упрыгожанні эпохі Мероэ
Зноскі
- ↑ Герадот, II:29
- ↑ Joshua J. Mark, Ergamenes
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kendall, T. Kerma and the Kingdom of Kush, 2500—1500 B.C.: the archaeological discovery of an ancient Nubian empire. — National Museum of African Art, Smithsonian Institution, 1997 ISBN 0965600106
- Welsby, D. A. The Kingdom of Kush: The Napatan and Meroitic Empires. — Markus Wiener, 1998. ISBN 1558761829, ISBN 978-1558761827
- Welsby, D. Kerma and Kush and Their Neigbours. // Lane, P., Mitchell, P. The Oxford Handbook of African Archaeology. — Oxford University Press, 2013 ISBN 9780199569885
- Белова, Г. А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н. э.) / Г. А. Белова ; АН СССР. Ин-т востоковедения. — М. : Наука, 1988. ББК 63.3(0)310
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Куш (дзяржава)
- Civilizations in Africa: Kush Архівавана 7 чэрвеня 2015.
- K. Kris Hirst, The Kingdom of Kush Архівавана 4 красавіка 2015.
- Kingdom and Civilization of Kush and North Africa
- African Kingdoms. East Africa
- Великие цивилизации чёрной Африки: От Кермы до Мероэ Архівавана 8 лютага 2022.
- Kush And The Eastern Mediterranean Архівавана 10 студзеня 2015.
- Brian Yare, The Rise of the Kushite Kingdom