З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вертуны́ (Gyrinidae) — сямейства насякомых атрада жукоў.
Цела даўжынёй да 8 мм, круглаватае, цёмнае, бліскучае. Вусікі мадыфікаваныя, кароткія. Вочы падзеленыя перагародкай на дзве палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Сярэднія і заднія ногі плавальныя (плоскія, падобныя да шырокіх вёслаў), пярэднія — хапальныя (падоўжаныя).
Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць.
У сусветнай фаўне адрозніваецца звыш 1000 відаў. На Беларусі пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinus natator), вяртун змрочны (Orectochilus villosus) і інш.
Драпежнікі. Кормяцца дробнымі вадзянымі чарвякамі і членістаногімі, лічынкамі малярыйнага камара.
Выводзіцца адно пакаленне за год. Зімуюць пад камянямі каля вады або на дне вадаёмаў. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.