Дыспепсія
Дыспепсія | |
---|---|
МКБ-10-КМ | K30 і R10.13 |
МКХ-9 | 536.8 |
DiseasesDB | 30831 |
MedlinePlus | 003260 |
MeSH | D004415 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дыспепсі́я (ад стар.-грэч.: δυσ- — прыстаўка, якая адмаўляе станоўчы сэнс слова і πέψις — страваванне) — парушэнні стрававання.[1]
Тэрмін «дыспепсія» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная дыспепсія і брадзільная дыспепсія. У аснове брадзільнай дыспепсіі ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная дыспепсія — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху).
Дзіцячая дыспепсія — вострая хвароба страўнікава-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8-9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай дыспепсіі стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6-8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная дыспепсія — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вялікай страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтральную нервовую, вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.449
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).