Будні (1929)
Будні Камэдыя Аўтар: Канстанцін Кашэўскі 1929 год Арыгінальная назва: Будні (1926) Пераклад: Ілья Гурскі |
КАСТУСЬ КАШЭЎСКІ
БУДНІ
Комэдыя ў трох дзеях
Пераклад і апрацоўка з украінскае мовы
І. ГУРСКАГА
ВЫДАВЕЦТВА ЦК ЛКСМБ „ЧЫРВОНАЯ ЗЬМЕНА“
МЕНСК —— 1929
Заказ № 913.
У ліку 2.000 экз.
Галоўлітбел № 451.
Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выд-ва.
Асобы:
1. НЕСЬЦЕР ТАРБЭЦКІ — быўшы матрос, здаровы мужчына, энэргічны, носіць матроскую сінюю форменку, астатняя адзежа сялянская, 33 г.
2. ПАЛАШКА — яго жонка, прыгожая кабеціна, 25 г.
3. ЯЗЭП — Несьцераў дзед, каля 70 г.
4. АВЕРКА — Несьцераў таварыш, бядняк, запальчывы, 32 г.
5. ШЧУСЬ, Іван Максімавіч — бацька Палашкі, багаты селянін. 55 г.
6. СТЭПА — яго жонка, маці Палашкі, 50 г.
7. ПАЎЛЮК — іх сын, недавучка, 23 г.
8. САМАХВАЛ, Мікіта Хведаравіч — хрышчоны бацька Палашкі, вельмі тоўсты, заўсёды заспаны 54 г.
Дзея першая
[правіць]
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Несьцерава хата. Беднасьці ня відаць, але і пышнасьці няма. Печ з ляжанкаю, стол, скрыня, лавы, заложнік, ды яшчэ дзе якія дробязі. Абразоў няма. Ня сьцяне каля стала портрэт Леніна.
ЗЬЯВА І
Паўлюк — Язэп — Палашка
Паўлюк (сумна). Ён мяне з цярпеньня выводзіць… Лайдаком заве… Адным словам, зьдзекуецца з мяне!.. А за што?..
Палашка (засьцілае абрусам стол). Бо ты дурань. Вось за што!.. сядзіш на бацькавай шыі ды нічога ня робіш.
Паўлюк (чакае спачуваньня ад Язэпа). Ну, што яна разумее?.. (Перадражнівае). Нічога ня робіш!.. Ды я можа адукацыю папаўняю!.. Разумееш!..
Палашка. А-а!.. З такой адукацыяй! Ляпей бацьку ды мацяры ў гаспадарцы памагаў-бы. А то, як кныр той, вылежваецца.
Паўлюк. А-а!.. Што з табою, бабаю, гаварыць!.. Вось паеду ў Амэрыку, зараблю грошай. Тады ўбачыце, які з мяне дурань. (Захапляецца). А без адукацыі туды ехаць нельга.
Палашка. Хто цябе туды пусьціць?
Паўлюк (хітра сьмяецца). Э-э!.. Пусьцяць!.. Туды толькі камуністых ня пускаюць!.. А я што? Шляхетны малады чалавек. Праўда, дзед,
Язэп. Праўда, праўда… Дурань ты шляхетны… (Палашка сьмяецца).
Паўлюк (голасна). А што?.. Можа, скажаце, ня пусьцяць?
Язэп. Каму ты там, Паўлюк, патрэбен? Там і без цябе ёсьць многа сваіх амэрыканскіх лайдакоў. Лепей вазьміся за розум ды станавіся бацьку, мацяры ў помач.
Паўлюк. Вельмі цікава!..
Палашка. У-га!.. Хіба яму гэтага патрэбна?.. Яму абы ляжаць, языком балбатаць ды свае фокусы паказваць!.. Цьфу!.. (Злосна адчыняе скрыню і чагосьці ў ёй шукае).
Паўлюк (пасьля паузы, сумна). Вось вы смеяцеся з Амэрыкі, а там хіба гэтакае невуцтва, як у нас? Там — навука! Вось, скажам, трэба вам кавы зварыць… Вы сабе ўстаўляеце штэпсэль, такія відэльцы (паказвае пальцамі), у дзюрачку — і кава гатова!..
Язэп. А навошта нам кава тая… Мы да яе ня прывыклі…
Паўлюк. Ну, ня кава, дык, скажам, камашы пачысьціць… Вы сабе ставіце ногі ў апарат (паказвае) — скрынка такая, устаўляецца штэпсэль — і ў момант камашы вашы блішчаць, як люстэрка.
Язэп. Таксама яно нам непатрэбна… Камашаў мы ня носім, а боты дзёгцем мажам, ось!.. А калі, скажам, лапці пад гэты штэпсэль, дык што тады будзе… Усё гэта, Паўлюк, ад нячыстага прышло… Бога гэтыя амэрыканцы забыліся — вось і вымундроўваюць усялякую чартаўню.
Паўлюк. Камуністыя кажуць, што бога няма… Вось пагаварыце з вашым Несьцерам.
Язэп (махае безнадзейна рукою). Эт!..
Палашка (вымае з прыскрынку ордэн Чырвонага сьцягу). Казаў тата, што прыйдуць сёньня гаварыць з Несьцерам… (Да Паўлюка). Бачыў, які ў Несьцера мэдаль?..
Паўлюк. Хіба гэта мэдаль? Гэта ордэн Чырвонага сьцягу. (Бярэ ў Палашкі з рук). Ды чаго ты баішся? Ня зьем!..
Палашка. Глядзі, яшчэ зломіш… Тады табе Несьцер і печані адаб‘е! Ён яго толькі на савецкія сьвяты і чапляе. Яму яшчэ адзін за Кранштадт належыць, ды ня хоча паклапаціцца…
Паўлюк. Дзівак!.. А я-б спагнаў… Эх каб мне гэты ордэн, дык я цяпер ужо, можа, чорт ведае чым быў! (Аддае).
Язэп. Трэба было ісьці ў Чырвоную армію з Несьцерам…
Паўлюк. Тата ня пусьціў. Не хацеў, каб я таварышам дапамагаў. (Уваходзіць Шчусь, чуе апошнія словы). А цяпер я праз бацьку і пакутую. Праз бацьку і вучыцца ня прымаюць… Кулацкі сын…
ЗЬЯВА II
Паўлюк — Язэп — Шчусь.
Шчусь. Добры вечар! (Да Паўлюка). А ты чаго гэта тут брэшаш?.. Ідзі дадому!..
Язэп (холадна). Добры вечар!
Палашка (замятусілася). Сядайце, тата… Пусьці, Паўлюк!..
Паўлюк. Калі ласка!..
Шчусь (садзіцца). Маці казала, каб ты да яе забегла… Штосьці там табе мае даць.
Палашка. Вось яшчэ, трэба маме турбавацца…
Шчусь (пасьля паузы). Ну што, гаварыла з Несьцерам?
Палашка (безнадзейна). Ды гаварыла…
Шчусь. Што-ж ён кажа?
Палашка. Маўчыць… Маўчыць ды сапе. Я думаю, што паддасца… Штосьці вельмі журыцца пачаў… Ды сёньня ўжо край: альбо так, альбо няхай цалуецца з сваімі беднякамі, галадранцамі. Абрыдла! Даволі!
Шчусь. Так, так… А дзе-ж ён зараз?
Палашка. На нейкі сход пацягнуўся…
Шчусь. А-а! Так, так…
Язэп. А навошта гэта вам Несьцер патрэбен?..
Палашка. Ды вось тата хочуць…
Шчусь. Хачу, Язэпка, у таварыства да Несьцера далучыцца… Каб, значыцца, гаспадарыць разам… Ну і ў таварыства малочнае таксама хачу ўвайці… Адным словам, бачу я, што старэю ўжо, помачы няма, гаспадарка вялікая, на парабкоў спадзявацца нельга, а на сыночка майго (ківае на Паўлюка) малая надзея: якійсьці ён малахольны…
(Паўлюк наўмысьля кашляе).
Язэп. А што-ж вам на гэта Несьцер?..
Палашка. Ды, кажу-ж вам, маўчыць!.. Можа-б вы дзед, з ім пагаварылі? Самі бачыце, як жывем? Мала яшчэ нагараваліся?.. Час ужо і аб сабе падумаць, ня ўсё пра іншых.
Язэп. Ды яно, як-бы сказаць, праўда…
Шчусь. А можа не?.. Хіба я гэтакага сваёй дачцы жадаў?.. Думаў, за гаспадаром жыць будзе… А яно вун што вышла… (Дакараючы). Каханьне!.. Жыць без яго не магу! Прападу бяз Несьцера!.. А цяпер вось і за Несьцерам прападаеш…
Палашка. Даволі ўжо, тата…
Шчусь. Ды знаю ўжо, што даволі. Эх, дзеці, дзеці!.. Ня ведаеце вы, як бацькі аб вас клапоцяцца… Вось і Паўлюк…
Паўлюк. Зноў за Паўлюка! Што я вам дрэннага зрабіў?.. Я-ж не пайшоў за Несьцера?.. Паўлюк, ды Паўлюк!.. А што Паўлюк, дык і самі ня ведаеце… А ў Паўлюка можа ўся кар‘ера прапала праз тое, што ў яго бацька кулак!
Палашка. Ты памаўчаў-бы, Паўлюк!
Шчусь. Як раз такі, што маўчаць будзе!.. Яму слова, а ён табе дзесяць. Вучаны!..
Паўлюк. Вучаны, ды недавучаны!
Язэп. А ты і сапраўды памаўчы, Паўлюк!
Шчусь (злосна). Ідзі мне дадому зараз!
Паўлюк. Пхэ!.. Чаго я там ня бачыў?!
Шчусь. Я табе як пхэхкну, дык і дух займе! Hy!..
Паўлюк. Ды чаго вы крычыце? Бачыце, шапку шукаю? Дальбог уцяку ў Амэрыку!
Шчусь. Я табе пакажу Амэрыку! Ды ці доўга яшчэ будзеш калупацца?
Паўлюк (хапае шапку). Іду ўжо! (Выходзіць).
Шчусь. Недавярак нейкі, а ня хлопец. Учора паслаў на рэчку да млына… Схадзі, кажу, паглядзі, што там парабак робіць… Ледзьве з двара выгнаў… Прыходжу я да млына, а ён расьцягнуўся на камені пасярод рэчкі ды голы вылежваецца. Сонечныя ванны, кажа, прымаю…
Язэп. Вучыцца хоча дзяцюк…
Шчусь. Эт з яго вучэньнем!.. Каб ён добра вучыўся, дык ня выгналі-б, дарма, што сын кулака. А хіба яму вучэньне ў галаве?.. За дзяўчатамі бегаў… А цяпер плаці за яго…
Палашка (пачуўшы шамаценьне ў сенях). Здаецца, Несьцер прышоў.
Шчусь (замятусіўся). Прышоў, кажаш?.. (Кашляе).
ЗЬЯВА III
Шчусь — Язэп — Палашка — Несьцер
Несьцер. А-а… Цэлая сямейная нарада?
Шчусь (лагодна). Добры вечар, Несьцер!
Несьцер. Добры вечар.
Палашка. Я, Несьцерка, да мацяры зьбегаю… Чагосьці клікалі… Зараз вярнуся.
Несьцер (з захаванаю ўсьмешкаю). Можа потым? Пачастуй лепей бацьку гарбатаю.
Палашка. Як-жа я яго частаваць буду, калі цукру і кавалачка няма?.. (Выходзіць).
Шчусь. За гарбату дзякую… Я да яе ня вельмі…
Язэп (крэхча). Пайсьці агледзець гаспадарку ці што?..
(Бярэ цабэрак і выходзіць).
Шчусь (з-пад лобу глядзіць). Та-ак…
Несьцер (пасьля зацяжкі). Ну? Напэўна па справе?..
Шчусь (хітра). Нешта задажджылася вельмі… Якраз цяпер сонейка трэба. Пагніе збожжа…
Несьцер. Так, дажджы ідуць бяз усякае нормы.
Шчусь (дробненька сьмяецца). Можна сказаць, ніякага табе рэжыму эканоміі… Хе-хе!.. Мабыць няма там, у нябесным саўнаркоме, рабоча-сялянскае інспекцыі… Хе-хе-хе… (Заўважыўшы, што Несьцеру ня сьмешна, змоўк). Эхе-хе!.. Справы, справы…
Несьцер. Дрэнныя?
Шчусь. Проста як у прорву ўсё ідзе! Проста галава табе пухне!
Несьцер (пыхкаючы люлькаю). А што такое?
Шчусь. Пытаеш? Ня ведаеш ці што?.. Гэта-ж адзінадцаты год ужо цягнецца, а ты пытаеш!..
Несьцер. Гэта вы наконт рэвалюцыі?.. Та-ак!.. Цяжка вашаму брату з няпрывычкі…
Шчусь (вымушана сьмяецца). Ды яно, як той казаў, першыя сто год цяжка, а потым прывыкнеш.
Несьцер. Дык вы, таго, прывыкайце хутчэй!
Шчусь. Прабую, прабую, саколік мой. Вось да цябе, Несьцер, і прышоў…
Несьцер. А што там?
Шчусь. Прапаную табе, Несьцер, камуну скласьці…
Несьцер (зьдзіўлена). Уга!..
Шчусь (скора). Дальбог, не жартую! Ну, дальбог-жа…
Несьцер. А хто-ж? у той камуне будзе?
Шчусь. Ну-у, хто-ж? Ты з жонкаю ды я з жонкаю, ды Паўлюк, ды яшчэ і дзеда твайго можна…
Несьцер. Ну-ну! Добрая камуна!
Шчусь (горача). А што рабіць будзеш?.. Хіба гэтак, як мы жывем, лепей?.. Хіба я ня бачу, як вы з Палашкаю гаруеце? Або нам з старою лепей?.. Не, Несьцер, не, сынку, паасобку гаспадарыць — ні чорта ня выходзіць! Трэба, сынку, разам трымацца. Ты разьбярыся: хаты нашы побач, зямля ў адным кавалку будзе… А потым той, як яго, млын былы мой, бязумоўна, што я ў арэнду ўзяў, у каго будзе, як гэта, ў восені арэнда скончыцца? У нас!.. Бо каму-ж яго і аддадуць у арэнду, як не камуні? Праўду я кажу?
Несьцер (раптоўна рагоча). Ха-ха-ха! Охо-хо-хо!..
Шчусь (прыкра). І што ён тут знайшоў сьмешнага?..
Несьцер. Ха-ха. Ды з вас добры агітатар! Проста першы сорт!.. Ну-ну, не чакаў, што вы за камуну агітаваць будзеце!..
Шчусь. А як-жа іначай? Ты думаеш, што я супроць камуны?.. Ты думаеш, як я кулак, дык ужо і не разумею, што яна — камуна?.. Разумею, саколік, ’шчэ і як разумею! За дзевяць год прыгледзіўся. Цяпер, брат, без камуны не пражывеш. Толькі ня трэба чорт ведае каго ў камуну прымаць, ось!.. Астапа Сераду, у яго свая жняярка ёсьць, ды Базыля Цыбульскага… Вось яшчэ Паўлюка ажэнім з Самахвалаваю дачкою, дык і іх можна будзе прыняць…
Несьцер. І Самахвала?
Шчусь. Дый старога можна… Такая камуна будзе, што толькі трымайся!
Несьцер (насьмешліва). Але! Чым не камуна?
Шчусь. А што, можа скажаш не?.. Такую мэханіку разьвядзем, ворагам на зайздрасьць.
Несьцер. Ворагам? А хто-ж яны такія ворагі?
Шчусь. Ды пакінь ты да слова чапляцца!.. Ну, усялякія там… Ды хіба мала на сьвеце дрэннага народу, што так і меціць, каб табе напоперак дарогі стаць?!
Несьцер. Ворагі нашы розныя. У вас свае, а ў нас іншыя… І млын арандаваць зьбіраецеся?
Шчусь. Бязумоўна, зьбіраюся!.. Іначай кажучы, ня я адзін зьбіраюся, а ўся наша камуна зьбіраецца. Хе-хе! Трэба гэтымі днямі ў горад ехаць, каб хто-небудзь не перахваціў.
(Несьцер моўчкі ўсьміхаецца).
Шчусь (таемна). Да ты ведаеш, Несьцер, што ўся вёска ў нас о тут — во (паказвае кулак) будзе!.. Цяпер мяне, як кулака, ня прымаюць да малочнага таварыства, а тады мы ўсёй камунай да яго далучымся!.. Тады ўсё таварыства ў нас у кішэні будзе!
Несьцер. Дык вы і ў таварыства малочнае ўвайсьці хочаце?
Шчусь. Але!.. Цяпер у мяне тры каровы, ды тры цялушкі, а на другі год шэсьць кароў будзе, зразумеў?.. Ды яшчэ купім. Не, браце, без камуны не пражывеш, не!.. Ня тыя часы. Нельга цяпер без камуны.
Несьцер (дваяка). Праўду кажаце: без камуны ніяк нельга.
Шчусь. Ну?.. Дык, значыць, далучаешся?
Несьцер (усьміхаецца). Трэба падумаць.
Шчусь. Вось табе і на!! Дзесяць год пакутуеш за камуну, дзесяць год падпіраеш савецкую ўладу, а як да справы, як прышлося самому у камуну, дык і тпру?!
Несьцер (усьміхаючыся). Ды трохі як-бы… Страшнавата чагосьці.
Шчусь. А я вось не баюся… Дальбог! Праўда, як прышло мне гэта ў галаву, дык як быццам у халодную ваду ўскочыў, аж зьмёрз!.. А потым падумаў — нічога!
Несьцер. Угрэліся?!
Шчусь. Ха-ха!.. Правільна!.. Угрэўся…
ЗЬЯВА IV
Несьцер — Шчусь — Аверка
Аверка (весела). Добры вечар вам у хату!.. Чаго гэта вы рагочаце, аж на вуліцы чуваць?..
Несьцер. Здароў быў, Аверка… Чаго сьмяемся?.. Ды вось цесьць сьмешнае апавядаў… Сядай… Даўно вярнуўся?..
Аверка. Толькі… Папалуднаваў дый да цябе.
Несьцер. Ну як?
Аверка. Ды так… (Пазірае на Шчуся).
Несьцер. Так, так… (Глядзіць таксама на Шчуся).
Шчусь (да Аверкі). А куды гэта ты езьдзіў?
Аверка. Ды там справы ўсялякія…
(Несьцер моўчкі набівае люльку).
Шчусь. Ну, я пайду… Дык мы з табою, Несьцер, яшчэ пагаворым, як і што… Няма чаго баяцца… Я так думаю, што мы дагаворымся?
Несьцер (захоўваючы ўсьмешку, зласьліва). Так, так… Я таксама думаю. Дагаворымся!
Шчусь. Вось і добра… Ну, бывай здароў… Бывай, Аверка!..
Аверка (холадна). Ідзеце здаровы.
Аверка. Што гэта ты, памірыўся з цесьцем? Гэта навіна…
Несьцер (махае рукою). Ціха!.. (Адыходзіць). Пайшоу… А то ён мае дрэнную прывычку падслухоўваць… (Глядзіць у вакно). Няма… Я баяўся, каб ты пры ім пра млын не пачаў расказваць… Каб ён не дагадаўся. Ну, кажы!..
Аверка. Ды можа табе ўжо гэтага не патрэбна і расказваць?.. Маеш цесьця багатыра… Куды нам, галоце, да цябе…
Несьцер. Да ты што?.. Звар‘яцеў?.. Прычым тут мой цесьць?.. Ты да каго прышоў да кулака Шчуся, ці да мяне, Несьцера Тарбэцкага?
Аверка. Ды хто вас разьбярэ, да каго? Толькі я думаю, што няма табе ніякага сэнсу, памірыўшыся з цесьцем, зноў сварыцца…
Несьцер. А хто-ж табе казаў, што я з ім памірыўся?
Аверка. А ў мяне што?.. Павылазілі?.. Ці пазакладала?.. Я, браце, ня дурань, бачу чым тут пахне!..
Несьцер. Ну?.. Кажы?..
Аверка (устаючы). Няма чаго казаць, і так ясна як удзень.
Несьцер. Што ясна?
Аверка. А тое, што табе няма карысьці адбіраць у цесьця млын, вось што!.. Усё-ж такі цесьць, жончын бацька, радня, а то купа галадранцаў. З кім выгодней?.. Звычайна, з цесьцем!
Несьцер. Да ты!.. Маўчы!.. Да ты!..
Аверка. Што?.. Можа няпраўда?.. Я адразу скеміў, да чаго яно ідзе. Дык вось чаму ён і пасьмейваўся так ядавіта!.. Вось табе і на!.. Ну. бывай! (Хоча ісьці).
Несьцер. Стой!.. Ты разумееш, чаго ты мне нагаварыў?
Аверка. Няма чаго тут разумець. Усё, як на далоні.
Несьцер (ціха). Слухай, Аверка, ты ўсё гэта сапраўды?..
Аверка. Што?..
Несьцер. Сапраўды думаеш, што я памірыўся з цесьцем, кулаком Шчусем?.. Сапраўды?..
Аверка (сьціскае плячыма). Няма чаго і думаць… Ды чаму і не памірыцца?.. У цесьця дабра повен двор, а ў цябе што?.. Адна карова ды дзьве авечкі, ды яшчэ цесьцева дачка, што прывыкла ў дабры жыць… Ну і жывеце на здароўе, хай вы падохнеце! (Хоча ісьці).
Несьцер. Ах ты сволач! (Хапае заслончык і кідае яго ў Аверку, але той ухіляецца, Несьцер гукае). Ды стой! Стой, ліха тваёй матары.
ЗЬЯВА V
Несьцер — Язэп
Язэп. Што гэта за крык?.. Пабіліся з Аверкам ці што?.. Я да яго загаварыў, а ён вылаяўся дый пабег.
Несьцер (хмура). Глупства!.. Паспрачаліся трохі!..
Язэп. Ага… Так, так. Паспрачаліся, кажаш? А я думаў — пабіліся. Бо крык ды грукат аж на дварэ чуваць было.
Несьцер (трохі супакоіўшыся). Вось табе і электрыфікацыя.
Язэп. Газы няма і кроплі. Дай грошай, пайду, пакуль ня позна, прынясу.
Язэп (ідучы). Ага. Паспрачаліся, а я думаў пабіліся. (Вышаў).
Несьцер (задумаўся, раптам гукае з усяе сілы. Б‘е кулаком па стале). Ах дурань… Дурань! (Уваходзіць Палашка. Зьдзіўлена глядзіць. У руках збаночак).
ЗЬЯВА VI
Несьцер — Палашка
Палашка. Каго гэта ты лаеш, Несьцер?
Несьцер (злосна). Нікога… Гэта я сам… пра сябе… Ці той… Цьфу!..
Палашка (уцешна). Ну, дзякуй богу, памірыліся!.. Цяпер хіба будзем жыць!.. (Ставіць збаночак на стол). Глядзі — вось маці мёду дала…
Несьцер (не дачуўшы). Што?!
Палашка. Мёду, кажу, маці дала.
Несьцер (буркае). Ну і еж на здароўе.
Палашка. Чаго гэта ты такі злосны?
Несьцер. Не твая справа!.. (Адыходзіць).
Палашка. Ну але, не мая… Хіба я ведаю, якія ў цябе справы? Куды ўжо мне да тваіх спраў… Ты толькі, як браў, дык усё казаў: „таварышам мне будзеш“… „Дапамагаць будзеш мне у маіх мужчынскіх справах“… А цяпер — „не твая справа!..“ Дурная была, што слухала. Лепей-бы дома сядзела, чым гэта цярпець.
Несьцер. А ну цябе, дурная!
Палашка (плача). Зноў пачынаецца!.. Зноў гэтая басота, галадранцы, мабыць, напоперак горла сталі!..
Несьцер. Не, цяпер ужо не галадранцы, а твой улюбёны бацька косткаю мне ў горле стаіць.
Палашка. Там усе так рады, як на вялікдзень… Маці аж плакала з радасьці, што ты памірыўся з бацькам…
Несьцер (злосна). Ня мірыўся я з бацькам!.. Чуеш?! Ня мірыўся я!..
Палашка. Як так? (Аж перастала плакаць).
Несьцер. А вось так!.. Бяжы ды скажы ім, каб дарэмна ня радаваліся… Дый мёд мацяры сваёй аднясі, бо потым на ўсю вёску званіць будзе, што корміць нас.
Палашка (злосна). Дык ты значыць толькі сьмяяўся з бацькі?! Сьмяяўся?.. Кажы?!
Несьцер. Ды адчапіся ты ад мяне!.. Ніхто з яго не сьмяяўся. Гэта ён хацеў з мяне пасьмяяцца, але нічога з гэтага ня вышла. У камуну мяне зваў!.. Агітаваў за камуну! Ух!.. Падла сьмярдзючая!
Палашка. Дык ты і сапраўды абдурыў бацьку?!
Несьцер. Патрэбен ён каму!.. Гэта-ж ён мяне хацеў абкруціць навокал пальца. І ведаеш што, Палашка, я табе скажу?.. Скажу ўжо ў апошні раз і больш ня буду казаць… Я ажаніўся з табою, а не з тваім бацькам… Чуеш?.. З табою зьбіраюся і жыцьцё пражыць. Дык вось ня блытай ты сюды свайго ўлюбёнага бацькі, а з ім яшчэ і мацяры. Няхай яны сабе жывуць сваім жыцьцём, а мы будзем жыць сваім…
Палашка (лапоча). Надаела жабракоў карміць!.. Абрыдла задрыпанкаю хадзіць!.. Чуў?.. Жыві сабе сам, як хочаш, а я і без цябе абыйдуся!.. Чуў?.. (Хапае хустку, расьцілае на лаве, адчыняе скрыню і хутка складвае ў яе свае рэчы. Несьцер моўчкі глядзіць). Даволі!.. Хопіць з мяне!.. Пяць год жабрачкаю была, мала не пад вокнамі хадзіла!.. Затое муж „ідэйны“ быў, усё абяцаў — пачакай, казаў… Як той поп на тым сьвеце царства нябеснае абяцае, гэтак і ты… Дык я ня дурная, ня веру ні папу, ні табе… (Зьвязвае рэчы). Гэта і ўсё… Бывай!.. (Хутка ідзе да дзьвярэй).
Несьцер (раптам). Стой, Палашка!..
Палашка (каля дзьвярэй). Ну?.. (Вытрашчыла вочы, чакаючы).
Несьцер (пасьля змаганьня аўладаў сабою). Мёд забылася… Вазьмі…
Палашка. Ды ўжо табе не пакіну!.. (Хутка падыходзіць да стала, хапае збаночак, кідае на Несьцера злосным поглядам і выходзіць).
Несьцер (стаіць нейкі час, потым цяжка садзіцца. Пасьля паузы). Што гэта робіцца сягоньня?.. Ці я здурнеў, ці ўвесь сьвет звар‘яцеў?.. Цьфу!!! (Устае, нейкі час думае, потым хутка дастае з заложніку хлеб, кладзе у торбу, з паліцы бярэ торбу з тутунём, адсыпае ў капшук, кладзе торбу на месца. Азіраецца, ці не забыўся чаго. Адчыняе скрыню, бярэ з прыскрынку стары зашмальцаваны бумажнік, хутка праглядае яго, кладзе за пазуху, адзяе шапку і ідзе да дзьвярэй. У гэту хвіліну ўваходзіць дзед Язэп з газаю у руках).
ЗЬЯВА VII
Несьцер — Язэп
Язэп. Куды гэта ты выбраўся?
Несьцер. Да Аверкі, а потым на станцыю… у горад.
Язэп. На станцыю? Пяшком? Уночы? Чаго гэта табе загарэлася?
Несьцер. Справа ёсьць… Гаспадарце тут самі… Палашка мяне ўжо пакінула… Дык вы тут самі як-небудзь… Праз тыдзень вярнуся… А можа і раней… Ну, бывайце. (Выходзіць).
Язэп (застыў на месцы ад зьдзіўленьня). Вось табе і на!..
Заслона
Дзея другая
[правіць]
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
ЗЬЯВА I
Палашка — Стэпа
Стэпа (уваходзячы). Не дажджэ, каб я ёй плаціла!.. Глядзі ты на яе, якая!.. Усіх хлопцаў прымала, а я плаці?! Ды няхай я з гэтага месца не сайду, як я табе дам хоць капейку!..
Палашка. Мама!.. Каго гэта вы лаеце?.. Мама!..
Стэпа. А твая якая справа?.. Глядзі ты, якою ціхоняю зрабілася!.. Саломеная ўдава!..
Палашка. Да што я вам такога сказала?.. (Паціскае плечмі). Лайцеся сабе на здаровейка хоць да заўтрага.
Стэпа. Ты гэта што, сьмяяцца з мацеры будзеш?.. Няхай толькі бацька з гораду вернецца… Ён табе дзявочае ўспомніць!.. Знаць будзеш!..
Палашка. Біць будуць яны мяне ці што?..
Стэпа. Там паглядзіш, ці біць будзе, ці шкадаваць будзе?.. (Трохі адышла). Госпадзі божа мой, ды калі-ж ужо гэта ўлада скончыцца? Ды калі-ж ты пашлеш свайго архангела Міхаіла на гэтых сукіных сыноў?..
Палашка. Эх, мама, мабыць не дачакацца вам архангела Міхаіла… Прыдзецца звыкацца…
Стэпа. Ды гэта ты што, сапраўды ўзялася з мяне зьдзекавацца? Мала яшчэ за дзесяць год зьдзекавалася?.. Хоць бы цяпер пашкадавала бацьку з мацераю. (Усхліпвае). Хіба мы з бацькам чакалі, што з вас гэтакія вырадкі выйдуць?.. Вунь Паўлюк чаго нарабіў?.. Яму што?.. Яму нічога?.. А бацька мяне грызе, што не дагледзела… А што я за ім усьлед хадзіць буду, каб ён з дзяўчатамі ня знаўся. Цяпер толькі пагаварыў з дзеўкаю, зараз-жа і плаці.
Палашка. Добрая гаворка!.. У Юстыны-ж дзіцё нарадзілася!..
Стэпа. А можа яна давесьці, што гэта Паўлікава дзіцё! Можа?
Палашка. Дык суд-жа прысудзіў?..
Стэпа. Што ты мне аб судзе кажаш?.. Без цябе ведаю, што прысудзіў…
Палашка. Дзіўная вы, мама… А каб мяне гэтак хто-небудзь зьняславіў ды і пакінуў з дзіцём, што-б вы тады сказалі?
Стэпа. А што, можа з табою твой ласкавы Несьцер лепей зрабіў?.. Адно толькі, што дзіцяці няма.
Палашка (раззлаваўшыся). Ня кідаў ён мяне!.. Сама пашла ад яго… Сорам вам, мама, дакараць мяне… Праз вас пакінула, а вы мне вочы колеце.
Стэпа. Уг-га!.. Праз нас!.. Ды хто-ж цябе прасіў яго кідаць?.. Хто?.. Што, я цябе прасіла, ці можа бацька?.. Дурная ты!.. Табе казалі толькі, каб бацьку з Несьцерам памірыла. (Уваходзіць Паўлюк).
ЗЬЯВА II
Стэпа — Палашка — Паўлюк
Паўлюк (уваходзячы). Чаго крычыце, мама?.. Пра што ідзе дыскусыя?
Стэпа (не зразумеўшы). Чаго?
Паўлюк. Праз што спрачаецеся?
Стэпа. Спытай сястрыцу сваю ласкавую!.. (Хоча ісьці, вяртаецца). А ты накажы той сваёй Юстынцы, каб яна і на двор не паказвалася, бо, далібог, сабакамі зацкую. Зараз была, грошы прасіла!.. Цьфу!.. Ні сораму, ні сумленьня ў людзей няма!.. Госпадзі, і калі гэта скончыцца?! (Выходзіць).
Паўлюк. Мама, кінь ты спадзявацца, што прыдзе хтосьці, прагоніць бальшавікоў, адбярэ ў беднякоў наша дабро, беднякоў пастраляе, ці павешае…
Палашка. Усе мы добрыя!.. На сябе паглядзі.
Паўлюк. Я што?.. Я, можна сказаць, афяра… Я пакутую за тое, што мой бацька быў калісьці спрытнейшым за іншых, змог дабра нажыць… Вось і ўся мая віна. Я, можа-б, усёю палітыкаю верхаводзіў, каб ня быў сын кулака. Вось маё і горанька, што тут мне няма ходу… Не для таго мяне вучылі, каб тут у гнаі капацца.
Палашка. Для таго, мабыць, каб дзяўчат псаваць?..
Паўлюк. Хто іх там псуе?.. Самі яны псуюцца…
Палашка. А Юстына?..
Паўлюк. Ды што ты мне Юстынаю вочы колеш?.. Юстына!.. Сам знаю, што Юстына!.. Ня ведаў-жа я, што ў яе дзіцё родзіцца.
Палашка. Ня ведаў!.. Маленькі ты, нічога не разумееш?..
Паўлюк. Ды адчапіся ты ад мяне! Мала мяне бацька за яе грызе? Падумаеш, заступніца знашлася!.. Што ты ў жэнаддзеле ці што?.. Прама табе хоць уцякай з хаты. Праходу табе няма праз гэту праклятую Юстыну.
Палашка. Сам вінаваты.
Паўлюк. Вінаваты, вінаваты!.. Без цябе ведаю, што вінаваты… Прыходжу сягоньня да Несьцера, а ён мне і рукі не падаў…
Палашка (хутка). Вярнуўся Несьцер?..
Паўлюк. Яшчэ ўчора…
Палашка. Не казаў, аддалі ім млын ці не?..
Паўлюк. Буду я з ім размаўляць!.. Ён мне рукі не падаў, а я буду да яго гаварыць!.. Знашла дурня!.. Сама пайдзі ды і запытайся, калі табе трэба. Гэта каб у Амэрыцы хто каму рукі не падаў, ведаеш што было-б?.. Амэрыканскі паядынак, вось што!.. Замкнуліся-б у цёмным пакоі, пазапалівалі-б папяросы дый так у цемнаце і давай адзін у аднаго з леварвэраў жарыць…
Палашка. Дурні твае амэрыканцы і ты з імі разам.
Паўлюк. Ды ўжо ня дурнейшы за твайго Несьцера…
Палашка. Штосьці ня відаць…
Паўлюк. Ды ўжо, мабыць, відаць, бо я таго рабіць ня буду, што ён выдумлівае… Тож электрыфікатар… інжэнер-амэрыканец… Хоць-бы не сьмяшыў людзей…
Палашка. А што-ж ён робіць?
Паўлюк. Схадзі дый паглядзі!..
(Уваходзіць Стэпа і Самахвал).
ЗЬЯВА III
Паўлюк — Палашка — Стэпа — Самахвал.
Стэпа. Заходзьце… Заходзьце, Мікіта Хвёдаравіч… Стары ‘шчэ ўчора хацеў вярнуцца, але, мабыць, ня ўправіўся…
Самахвал. Добры дзень, хрэшчаніца… Здароў, Паўлюк…
Палашка. Добры дзень…
Паўлюк. Маё шанаваньне.
Стэпа. Сядайце… Што новага, апавядайце…
Самахвал (сеў, выцірае хусткаю твар). Ух-ух!.. Дрэнныя навіны…
Стэпа. А што такое?
Самахвал. Чулі, што ваш зяцёк Несьцер вырабляе?..
Стэпа. А што?.. Палашка (узрушана). А што там такое?..
Самахвал (аддыхаўшыся). Электрычную станцыю ў вашым млыне ставіць…
Стэпа (не разумеючы). Што ставіць?..
Паўлюк. Ды якую там станцыю!.. Прывёз якійсьці дрэньненькі маторчык… Хіба такія станцыі бываюць?.. Вунь у Амэрыцы на вадападзе Ніягары станцыі!.. На ўсю Амэрыку сілу падае…
Стэпа (не разумеючы). Што падае…
Паўлюк. Электрычнасьць, мама. Сіла такая, што ўсялякія штукі вырабляе… Вось, напрыклад, трэба вам кавы зварыць альбо картоплі наскрэбсьці, вы ўстаўляеце сабе штэпсэль…
Стэпа (не разумеючы). Што ўстаўляеце?
Паўлюк. Штэпсэль, мама…
Палашка. Кінь, Паўлюк, каму яно патрэбна што ты языком мелеш?..
Самахвал. Пра каву ды картоплю ня ведаю… Ня чуў… А вось, што малаціць электрычнасьцю, зямлю араць ды ў хатах замест газы сьвяціць можна, гэта праўда… У горадзе бачыў і ў некаторых вёсках пачалі заводзіць. Аруць, малоцяць ці там што — усё чыста электрычнасьцю.
Паўлюк. Та-ак, электрычнасьць — добрая штука… Толькі хіба яны зробяць так, як сьлед?.. Каб, скажам, трэба табе…
Стэпа (перабівае). Пачакай, Паўлюк… Дык, гэта, кум, выходзіць, што яны млына не аддадуць, калі свае парадкі там заводзяць?..
Самахвал. Вось гэта-ж і страшна… Трэба Івана Максімавіча пачакаць, што ён прывязе… Коняй па яго паслалі?..
Стэпа. Яшчэ сонца не заходзіла, як парабак паехаў… Хутка, мабыць, і прыедуць…
Палашка (сама да сябе). Электрычную станцыю ставіць…
Паўлюк. Я як яшчэ вучыўся ў гімназіі, дык у нас быў вучань адзін, бацька яго ў Амэрыку езьдзіў.
Стэпа. Паўлюк, галубчык, пайдзі скажы Крыстыне, каб самавар паставіла… потым ужо хоць распавіся…
Паўлюк. Эх, каб гэта ў Амэрыцы… уставіў штэпсэль і — калі ласка: піце гарбату. А то самавар!.. І гарбаты тае не захочаш… (Выходзіць).
Самахвал. Ну, Палашка, як там у цябе з мужам?..
Палашка. А што?..
Самахвал. Хутка памірыцеся?..
Палашка. Ня ведаю…
Стэпа. Яна хіба што ведае?.. Разумная!.. Бацька з мацераю кормяць, чаго ёй яшчэ трэба?..
Палашка. Мама!..
Самахвал. Ня добра, ня добра так, Палашка… З мужам трэба памірыцца… Які ён там бальшавік, не, проста чалавек… Дарма, што вы ня венчаны, усё-ж такі ён табе па савецкаму закону сапраўдны законны муж… Дый сама ты, Палашка, ужо ня дзіцё — можаш сваім розумам паварушыць, не сьляпая: бачыш, што Несьцер твой бацьку твайму дапамагчы можа…
Палашка. А чым-жа гэта Несьцер можа вам дапамагчы, што вы ўсе так з ім памірыцца хочаце?..
Самахвал. Чым, пытаеш?.. Усім! Усім, Палашка… Цяпер, дачушка, не хавацца ад бальшавікоў трэба, а якраз наадварот… Прыгортвацца да іх ціханька… Гэта табе ня жарты: адзіннацаць гадоў існуюць!.. Гэта трэба разумець. Цяпер і нам іншае тактыкі трэба трымацца.
Палашка. Штосьці нічога я не разьбяру з вашае гаворкі…
Самахвал. Тут і разьбіраць нечага… Усё ясна, як дзень. Мае бальшавіцкая ўлада сілу? Мае. Вялікую сілу мае. А нас, сказаць, быўшых багацеяў, любіць? Не, ня любіць. Бо лічыць нас за сваіх ворагаў. Вось і трэба нам паказаць, што ня ворагі мы ім, што іхнюю справу разумеем і нават, можна сказаць, спачуваем. А што калісьці супроць іх выступалі, то, значыцца, памыляліся. Зразумела ўсю нашу тактыку?..
Палашка. Ну?
Самахвал. Вось табе і ну… Угледзяць яны, што мы падобраму да іх — і да нас дабрэйшымі будуць. Можа, палёгкі ці правы якіясьці дадуць. А калі і не, дык таксама добра будзе — абы лагодна жыць. Нам і з гэтага карысьць вялікая будзе. Бо калі што, дык ня дурні мы. Вось мы з тваім бацькам права голасу ня маем, як быўшыя сябры „Саюзу рускага народу“. А голас той нам, ох… як патрэбен. Таму і трэба нам да камуны падмазвацца.
Стэпа. Што гэта там такое?.. А бадай цябе… (Хутка выходзіць).
Палашка. Мабыць, Крыстына самавар перакуліла… (Таксама выходзіць).
ЗЬЯВА IV
Самахвал — Паўлюк
Самахвал. Што там здарылася, Паўлюк?..
Паўлюк. Ды каб… Дурніца тая, Крыстына, самавар перакуліла… Добра, што не закіпеў яшчэ… Вада толькі-толькі цёплая была, а то напэўна-б абварыла.
Самахвал. Як-жа гэта яна яго так перакуліла?
Паўлюк. Ды разявака такая, думала, што я яе абнімаць буду, а я толькі пажартаваў… Ну, яна адскочыла, зачапіла за самавар і, значыць…
Самахвал. Так, так… Пажартаваў, кажаш!.. Эх, Паўлюк, жаніцца табе ўжо пара…
Паўлюк. Ды я нічога супроць ня маю, толькі няма нічога людзкага.
Самахвал. Знойдзем!..
(Уваходзіць Палашка).
Палашка. І табе ня сорамна, Паўла?.. Ну, чаго ты да Крыстыны лезеш?.. Што яна табе цацка ці што?
Паўлюк. А гэта ўжо не твая справа!..
Палашка. А чыя-ж гэта справа?.. Вунь праз твае цацканьні ды дурэньні дзяўчыне вольна дыхнуць нельга.
Самахвал. Не сварыцца… Брат з сястрою павінны лагодна жыць.
Паўлюк. Запытайце яе, чаго яна да мяне чэпіцца?! Яна мяне вучыць!.. Ды я забыўся больш, як ты ведаеш. (Да Самахвала). Я той дурніцы хацеў толькі паказаць, як у Амэрыцы гарбату грэюць, а яна, курка дурная, перапалохалася… ну і таго…
Палашка (кінулася да вакна). Тата прыехалі…
Самахвал. Нарэшце!.. Ну, што ён прывёз цікавага?.. (Уваходзіць Шчусь і Стэпа).
ЗЬЯВА V
Самахвал — Паўлюк — Палашка — Шчусь — Стэпа
Шчусь. А, куму ня церпіцца?.. Карціць?! Зранку, мабыць, сядзіш, Мікіта Хведаравіч? (Скідае паліто).
Стэпа. Ды дзе там зранку!.. Яшчэ з вечара забягалі.
Самахвал. Да ты апавядай баржджэй! Як?..
Стэпа. Ды дайце яму дыхнуць з дарогі. Пасьпееце!
Самахвал. Кажы, кумок, бо ня вытрымаю, чакаўшы!..
Шчусь. Добра… Усё, брат, добра… Абяцалі такі перагледзець пастанову. Справа, браце, дайшла аж да акруговага земаддзелу, а ў мяне і ў акрузе чалавек адзін знаёмы ёсьць… Ды ты яго, кумок, ведаеш… Мількевіч — той, што ў земскага начальніка пісарам быў. Дык ён цяпер там у горадзе за „частного поверенного“ правіць ці што. Ён пранырлівы, дзе хочаце, умее пралезьці. Казаў, што возьмецца за гэту справу… Я яму ўжо магарычу паставіў.
Самахвал. Вось гэта добра.
Шчусь. А спачатку, браце, цяжка было. Ой, як цяжка. Думаў, што ўжо нічога ня выйдзе… Зайшоў я да загадчыка… Я ўжо яму і так і сяк… А ён мне: справа, кажа, вырашана, млын перадан таварыству беднякоў… Я зноў: прашу вас, дарагі таварыш, як я, кажу, сам хачу ў камуністычную партыю ўступіць, а галоўнае, што, значыцца, мы хочам калектыў ці там камуну зарганізаваць… Гаварыў, гаварыў — камень, а не чалавек. На тое, што я яму пра калектыў, дык і не зьвярнуў увагі. Рабіце, кажа, рабіце, справа ваша. Але калі справа да дапамогі, дык, кажа, нам, па-перш, каб па праўдзе было, а, па другое — клясавы падыход. Зноў, словам, нічога ня вышла.
Самахвал. Ну? Ну?
Шчусь. Вышаў я з габінету дый засумаваў, але на ўсходах сустракаю Мількевіча. Дык я яму, значыцца, усё па парадку. Выслухаў ён мяне ды кажа: „ня журыцеся, вы выйграеце справу. Заходзьце да мяне пад вечар, там аб усім падрабязна пагаворым!“ Пашоў я, панёс гарэлкі, віна, выпілі з ім добра. Адным словам, сказаў, праз дзён восем-дзесяць млын будзе ваш!.. Вось і ўсё. Задатак узяў.
Самахвал (падазрона). А хіба-ж ён зробіць?..
Шчусь. Хто, Мількевіч?.. Каб Мількевіч ды не зрабіў… Ды гэта такая галава, што самаго Троцкага абкруціць… Мы з ім старыя сябры, яшчэ за старым рэжымам, як ён у земскага начальніка служыў. А цяпер, значыцца, ён па прыватных справах, іначай — адвакат ці штосьці такое.
Стэпа. Ну, дзякуй богу!.. А я думала, што цябе і сягодня ня будзе.
Шчусь. Ну, а як дома?.. Усё добра?..
Стэпа. Ды ўсё… Толькі што гэта Крыстына самавар сапсавала. От дзяўчына, бадай яна здохла!..
Шчусь. Што там такое?
Стэпа. Перакуліла самавар дый скруціла яму крант на бок, так што і вада не бяжыць. Ды яшчэ чуць Паўлюка не абварыла.
Шчусь. Трэба звольніць.
Палашка. Яе Паўлюк абнімаць пачаў, а яна вырывалася ды неяк ненарокам зачапіла адзежаю за крант… Крычыць Паўлюку, каб пусьціў, а ён ня пускае… Ну, яна папнулася, а самавар аб дол.
Стэпа. Брэша яна! Не чапаў яе Паўлюк!
Шчусь. Зноў Паўлюк?! Дзе ён?..
Стэпа. Кудысьці па справе пашоў. (Пагражае Палашцы кулаком).
Шчусь. Па якой, ліха яго матары, справе? Якія ў яго справы могуць быць?! Ну, няхай вернецца!..
(Уваходзіць Паўлюк).
Паўлюк (весела). З прыездам, тата!..
Шчусь (глянуўшы на яго). Цьфу, каб цябе паралюш узяў! Ведаеш, кумок, морды яго парасячае бачыць не магу, да таго абрыд!..
Самахвал (устае). Ну, бывайце здаровы… Да дому трэба… Павінен бацюшка прысьці… Справа ёсьць маленькая… Заходзь да мяне, Іван Максімавіч, пад вечар… Пагаворым… Тут, брат, Палашчын Несьцер такую Амэрыку разьвёў, што ўся вёска аж гудзе. З вады сьвятло зьбіраецца рабіць.
Шчусь. Што такое?
Самахвал. Няхай табе Паўлюк раскажа, ён лепей ведае. Ну, бывай, кумок!..
Стэпа. Ідзеце здаровы, кумок, кланяйцеся… (Праводзячы Самахвала, выходзіць за ім).
Шчусь (насупіўшыся ходзіць па хаце, спыняецца каля Палашкі). Што гэта ён там робіць?..
Палашка. Хто?
Шчусь. Ды хто-ж!.. Несьцер ласкавы твой!
Палашка. А я адкуль ведаю?..
Паўлюк. Электрычную станцыю ставіць… Прывёз машыну, мантора прывёз… Грэблю рамантуюць… Кажуць, на Кастрычнікавае сьвята ўжо пусьцяць у ход сваю машыну… Сьмех дый толькі… Мабыць, выйдзе якаясьці пшыкаўка… Эх, каб гэта ў Амэрыцы…
Шчусь. Ну ты, амэрыканец!.. Ты доўга яшчэ будзеш сабак ганяць?.. Доўга яшчэ ты, сто чартоў твайму бацьку, брынды біць будзеш?.. Што ты сабе думаеш?..
Паўлюк. Ах, тата!..
Шчусь. Што тата?.. Што тата, сто чартоў тваёй дурной мацяры! Доўга яшчэ з мяне людзі будуць сьмяяцца? Ды цябе, сукінага сына, у плуг пара ўжо запрагаць, а ты і да гэтага часу хлопчыкам прытвараешся…
Паўлюк (набраўшыся духу). Ведаеце што, тата?.. Дайце мне грошай на дарогу… Адпусьцеце мяне ў Амэрыку… Я, тата, бачу, што тут ніякай кар‘еры не зраблю. Няма мне тут ходу, самі ведаеце, а ў Амэрыцы…
Шчусь. Я табе пакажу такую Амэрыку, што ты з месяц ня сядзеш!..
(За сцэнаю зноў беганіна).
Шчусь. Што там такое?
Палашка (глянуўшы ў вакно). Маці з Юстынкаю завяліся… Мабыць, пачула, што вы вярнуліся, дый прышла зноў грошы за Паўлюкова дзіцё сысківаць!.. Была ўжо сёньня.
Шчусь (злосна). Ах ты, паскуда паршывая! Дык за цябе яшчэ і грошы плаціць… (Хапае за рукаў). Скідай порткі!
Паўлюк. Тата!!
Шчусь. Дык ты яшчэ і выкручваешся?! Дык вось-жа табе! Вось!.. Вось!.. Вось!.. Маеш!.. Маеш!.. Маеш!.. Гэта табе паненкі!.. Гэта табе проста дзяўчаты!.. Гэта табе Юстына!.. Гэта табе Крыстына!.. Гэта табе твая Амэрыка, каб яна з табою разам скрозь зямлю правалілася!..
Стэпа (убягаючы). Ды ці ты здурнеў?! Што ты робіш? Пакінь!.. (Кідаецца бараніць Паўлюка). Пакінь!!!
Шчусь. Пусьці яго, старая, бо і табе будзе!..
Стэпа. Глядзі, каб табе рукі не павыварочвала, стары дурань!.. За што ты дзіця калечыш?.. Га?. Звар‘яцеў!..
(Паўлюк плача).
Шчусь (цяжка дыхае). Каб ведаў, як бацьку слухаць!.. Бачыш, паніч які!.. Я табе, сукіну сыну, пакажу Амэрыку!.. У Амэрыку захацеў!.. Амэрыканец!.. Вон з мае хаты, каб я твайго духу паскуднага ня чуў!..
Стэпа. Пойдзем, Паўлюк, пойдзем, я табе пераадзецца дам, хай ён, стары дурань, вар‘яцее! Ах ты!.. Чорт стары!.. (Вышлі).
Шчусь. Ідзі, ідзі!.. Цацкайся з ім!.. Ён табе за ўсё падзякуе!.. (Ходзіць злосна па хаце). Чэрці-б вас усіх пазабіралі. (Стаў супроць Палашкі). А ты чаго прышчурылася?.. Можа і ты хочаш?..
Палашка. Спрабуйце толькі…
Шчусь. Давядзеш мяне, дык і спрабую!.. Не пагляджу, што ты бядняцкага старшыні жонка. Зьдзяру спадніцу дый так адлупцую, што і да сьмерці будзеш помніць…
Палашка. Спрабуйце, я такая, што і здачы дам.
Шчусь (зьбянтэжана да яе вылупіў вочы. Пауза. Глядзяць адзін на аднаго). Нічога!.. Маладзец Несьцер!.. Добрую жонку выкахаў сабе на радасьць!.. Сапраўды, што з такою сьцерваю, як ты, ніякі дурань ня будзе жыць.
Палашка. Ды хто-ж знае, ці будзе жыць ці не. А от, што дурні тыя дзеці, што такога бацькі як вы, слухаюцца, дык праўда.
Шчусь. Ой, маўчы, Палашка!..
Палашка. Маўчэце і вы, тата!..
Шчусь. Ой, Палашка!..
Палашка. Ня пужайце мяне, тата!.. Бо я не баюся!.. (Хапае хустку, падыходзіць да дзьвярэй). Праўду казаў Несьцер, што вы кулак ды яшчэ подлы. (Выходзіць, стукнуўшы дзьвярмі).
Шчусь (аж сеў з неспадзяваньня). Вось гэта так!..
Заслона
Дзея трэцяя
[правіць]
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
ЗЬЯВА I
Язэп — Аверка
Язэп (гукаючы з дзьвярэй). Здароў, Аверка!. — З сьвятам!..
Аверка (падышоўшы да дзьвярэй). Дзякую!.. Добры дзень… На зьмену прышлі?..
Язэп. Ды гэта-ж паслаў мяне Несьцер, каб я тут пабыў каля машыны, пакуль ён прыдзе… Каб ты не чакаў, а ішоў сабе дадому. У яго там справы якіясьці…
Аверка. Дык гэта вы, выходзіць, за машыніста будзеце?..
Язэп. Які там з мяне машыністы. Я тут ня спэц… За вартаўніка, гэта зусім другое…
Аверка. Нічога, мы з Несьцерам вас за машыніста вывучым… Справа простая… Цяпер ужо лёгка… Вось дастукацца да гэтае машыны цяжка было… Каб ня Несьцер, нічога-б і ня вышла. Эх, памятаю, былі пасварыліся мы з ім калісьці… Праўду кажучы, я быў вінен: не распытаў як сьлед… Ну, а ён, як прыбег да мяне ў хату, як стукне кулаком па стале: „Кажы мне зараз, аддалі таварыству млын у арэнду ці не?..“ Глянуў я на яго дый спужаўся: пабялеў, зубы сьціснуў!.. Ну, бязумоўна, я яму ўсё і расказаў… А ён выслухаў мяне ды на станцыю пяшком… Падумайце, трыццаць пяць вёрст супроць ночы!.. Толькі гэта ён пайшоў, а тут як засыпле дождж… Усю ноч, як з вядра, ліло — не вярнуўся Несьцер! Пайшоў!..
Язэп. Яго чым-небудзь раззлаваць, дык ён і ня гэта яшчэ зробіць… Ну, дык ты ідзі, твая зьмена скончылася… Я тут пабуду, пакуль Несьцер прыдзе.
Аверка. Ну, добра, я пайшоў… Бывайце, дзед…
Язэп. Ідзі здароў!..
(Аверка выходзіць, дзед устае, абмацвае кішэні).
Язэп. Эх, бадай цябе!.. Забыўся… (Дастае з кішэні люльку, шукае капшука). Вось табе і пакурыў!.. Люлька ёсьць, а тутуню — чорта-з два!..
ЗЬЯВА II
Язэп — Паўлюк
Паўлюк. Аэраплян, здаецца, паляцеў… Вунь, бачыце за хмараю?.. Ды паглядзеце, вунь за хмараю?
Язэп. Дзе там мне ўгледзіць!.. Сьляпыя ўжо вочы… (Садзіцца). Ну, як твае справы?.. Калі ў Амэрыку паедзеш?..
Паўлюк (уздыхае). Эх, Амэрыка, Амэрыка!.. (Паказвае на млын). Хіба гэта млын?.. Хіба гэта машына?.. Хіба гэта электрычная станцыя?.. Ды яе ў кішэню схаваць можна. Вунь у Амэрыцы на Ніягары.
Язэп. Ды чулі ўжо, чулі!.. Скажы лепей, ці няма ў цябе тутуню?
Паўлюк. Няма. Ня куру. У Амэрыцы таксама ніхто ня курыць. Там больш жуюць.
Язэп. Што жуюць?
Паўлюк. Тутунь. Кладуць за губу і жуюць.
Язэп (круціць галавою). Вот дурні!.. Тутунь на тое родзіць, каб яго курыць, а не жаваць!.. У нас і сьвіньні яго ня будуць есьці, а яны жуюць!.. Дурні… Усё ў іх не палюдзку. Сказана, амэрыканцы.
Паўлюк. А чаго гэта машына сёньня працуе?.. Сьвята-ж?..
Язэп. Колектыўшчыкі хлеб мелюць… Цьфу, аж нудзіць, гэтак курыць хочацца. Слухай, Паўлюк, зьбегай прынясі мне капшук!..
Паўлюк. Не, дзед, не пайду. Бацька лаяцца будзе, як угледзіць.
Язэп. Дык пасядзі тут, павартуй, а я зьбегаю сам… Пасядзіш?.. Толькі нікога да машыны ня пускай.
Паўлюк. Добра… ідзеце… Мне ўсё роўна нечага рабіць.
Язэп. Я хутка… Глядзі-ж, нікога не падпускай.
Паўлюк. Добра, добра!.. Ідзеце.
Паўлюк. Ідзеце хутчэй, нікога няма!.. Ды ідзеце-ж!..
ЗЬЯВА III
Паўлюк — Шчусь — Самахвал
Шчусь. Няма нікога? Ну і часы!.. У свой млын хаваючыся трэба заходзіць.
Самахвал. Куды гэта ён пашоў?
Паўлюк. За тутунём пабег. Разглядайце на здаровейка.
Самахвал (заглядае ў млын). Дык гэта тая самая машына, што электрычнасьць робіць?
Паўлюк (зьняважліва). Ну, і машына!.. Пшыкаўка якаясьці, а не машына?.. Вунь у Амэрыцы…
Шчусь. А бадай табе заняло!.. Носіцца з тою Амэрыкаю, як дурань з пісанай торбаю!..
Паўлюк (абражаны). Што з вамі гаварыць, тата; калі вы нічога не разумееце…
Шчусь. Замаўчы!.. Дурніца ты амэрыканскі!.. Дай сказаць слова!..
Паўлюк. Калі ласка! (Адыходзіць).
Самахвал. Т-ак! Машынка працуе!.. Добрая машына!.. Гэта, кумок, не газьнічка… Т-ак. Шкада, шкада… Паспадзеваліся вы, кумок, на таго прайдзісьвета Мількевіча… Трэба было ў іншыя дзьверы стукаць. Т-ак… Шкада!.. Чуеце, як працуе?.. Як гадзіньнік!
Шчусь (са злосьцю, ціха). Не дапякайце ўжо хоць вы мяне сваімі словамі, кумок!
Самахвал. Т-ак!.. Як ні кажэце, шкада!..
Шчусь (злосна). Цьфу!.. З вамі гаварыць!.. (Заглядае ў млын). (Паўлюк насьвіствае „кирпичики“).
Самахвал. Вось часы насталі!.. Хоць лажыся вось тут дый давай сябе жыўцом закапаць. Калісьці, бывала, пойдзеш да заго, да другога, з тым пагаворыш, таго пачастуеш, гэтага падмажаш — і справа твая, як сьляза, чыстая. А цяпер не! Хабара баішся даць, а знойдзецца якійсьці субчык, як той Мількевіч, нагаворыць табе, наабяцае, нап‘ецца за твае грошы, яшчэ і так возьме, а справы ня зробіць. Дый не паскардзішся на яго, сукінага сына, хабарніка, бо судзяць ня толькі таго, хто бярэ, а і таго, хто дае. І, ведаеце, сурова за хабары судзяць. Я гэта неяк у газэтцы вычытаў, што расстралялі двух якіхсьці за хабар.
Шчусь. Добрая справа!.. За свае грошы ды яшчэ расстрэл!.. (Ківае на млын). Глядзі, як стукае!.. Не магу слухаць: усё роўна як у галаве маёй хто стукае.
Паўлюк (падыходзіць). У Амэрыцы дык там не расстрэльваюць. Там, скажам, калі трэба каму- небудзь жыцьця пазбавіць, бяруць яго, садзяць на электрычнае крэсла, кнопку націснуць і… капут!.. Бяз крыку, бяз выстралаў, а культурна, акуратна.
Шчусь. А бадай цябе так акуратна пасадзілі ды кнопку табе націснулі, каб ты ня мучыў мяне з сваёю Амэрыкай. Цьфу, чэрці-б іх забралі!.. Не магу слухаць, як гэта яна стукае!.. Гэта-ж, каб я калісьці, як яшчэ гаспадаром быў, дагадаўся гэтакую штуку збудаваць, дык, мабыць, разбагацеў-бы!..
Паўлюк. Не разумею, тата, чаго вы шкадуеце. Усё роўна раскулачылі-б вас.
Шчусь. Адыйдзі ад мяне, сатана.
Паўлюк. Калі ласка! (Адыходзіць).
Самахвал. Правільна, Паўлюк, памаўчы ты, не дражні бацьку! Тут такая справа, што валасы на галаве крыўды вылазяць, а ты…
Паўлюк. Дык я-ж маўчу.
Шчусь. Разумееце, кумок, да ўчарашняга дню думаў, што млын будзе мой. Яны сабе тут будавалі, машыны ставілі, а я сабе думаў: нічога, нічога! За машыну вам заплацім, колькі нележыць, а млын усё-ж будзе наш, а яно глядзі, што вышла!. А ўсё, кум, праз вас!..
Самахвал (зьдзівіўшыся). Праз мяне?!
Шчусь. Так! Хто выдумаў камуну зарганізаваць? Я ці вы?
Самахвал. Прычым тут камуна?!
Шчусь. А пры тым, што ў земаддзеле ўжо даведаліся, што кулакі, значыцца, мы з вамі, склалі фальшывую камуну і зьбіраемся адваяваць у беднякоў млын.
Самахвал (зьбянтэжана). Іван Максімавіч!.. Дык гэта-ж вы прыдумалі камуну рабіць! Вы, а ня я! Я толькі далучыўся да вас…
Шчусь. Вось табе і на!.. Вось яно маё шчасьце… Я прыдумаў! А хто-ж за Паўлюка дачку сваю сватаў? Можа я?.. Хто мяне з Несьцерам мірыцца падгаварваў? Я?.. Вы, Мікіта Хведаравіч, вінаваты! Вы адзін ува ўсім! А цяпер глядзі ды слухай, як яно вось тут стукае, каб яно ім у печанях стукала! Ух!.. Праклятыя, не магу я вытрымаць, лепей у Сібір пайду, а ім усё роўна не аддам. (Кідаецца за рог млына, хапае правады і хоча іх перарваць, але яго корчыць электрычнасьцю. Шчусь крычыць нечалавечым голасам). Ой!.. Ратуйце!.. Трасе!.. Ой-ой-ой!.. (Выбягае з-за млына, абкручаны правадамі. Яго ўсяго корчыць і трасе).
Самахвал (кідаецца да яго на помач, але, дакрануўшыся, у момант адскаквае) Ай-ой!..
Паўлюк (таксама). Ой-ой!
Шчусь (крычыць). Ратуйце!.. Ой-ой!.. душу вытрасе!..
(Кідаецца на зямлю і корчыцца).
Самахвал. Ды што-ж вам, кумок, зрабіць?
Шчусь. Паўлючок!.. Ратуй!.. Ой-ой-ой!..
Паўлюк. Я, тата, не магу!.. Мяне самога скаланула, што…
Шчусь. Спыні машыну. (Хрыпіць).
(Хутка ўваходзяць дзед Язэп і Палашка).
Паўлюк — Шчусь — Самахвал — Язэп — Палашка
Язэп. Што тут такое?
Самахвал. Спыні машыну, Язэпка!
Паўлюк. Хутчэй, дзед, бо тата памрэ!
Язэп. Ды што здарылася? Чаго гэта яго трасе? Зьмерз ці што?.. (Угледзіў правады). Хто гэта правады парваў?
Самахвал. Самі парваліся! Ды ратуй-жа чалавека, Язэпка!
Паўлюк (асьцярожна дакрануўшыся да Шчуся, напужана адскочыў, ці не трасяне зноў). Раскручвайцеся тата.
Самахвал. Раскручвайся, кумок.
Язэп (выглядаючы). Ужо раскруціўся?
Палашка. Ужо, дзед.
Шчусь (садзіцца). Ой, божа мой!.. За якія-ж гэта грахі мне такая кара?
Язэп. Ну што? Жывы?.. Чаго гэта вас прыгнала сюды?.. Сказана-ж усім, што да машыны падыходзіць забаронена! А ты, Паўлюк, куды глядзеў?.. Я-ж табе казаў нікога не падпускаць. Забіць-жа чалавека магло.
Паўлюк. Ды магло!.. Добра яшчэ, што не вялікі напор энэргіі!.. Гэта-ж каб у Амэрыцы, дык без разгавораў забіла. Адразу толькі трып — і няма!.. А тут глупства!.. Гэта нават ад раматусу дапамагае. Дактары прыпісваюць.
Шчусь (ціха). Каб яны табе, сукінаму сыну, на той сьвет шлях прыпісалі!.. Ён яшчэ насьмешкі строіць! А нябось, як трасянула, дык адскочыў?!
Паўлюк. А што-ж хіба я дурны ці што, каб падстаўляць сваю шыю?..
Язэп. Скажэце вы мне, калі ласка!.. Якога чорта сюды паналазілі?.. Ідзеце зараз-жа адсюль! Ідзеце, бо паклічу людзей і вас выведуць!
Шчусь (устаючы). Чуеце, кумок? І тут выво дзяць!.. З майго ўласнага млына.
Самахвал. Дык і хадзем. Паглядзелі і будзе.
Паўлюк. Хадзем, тата... Патрасьліся-і будзе.
Шчусь. Ой, Паўлюк, кароткая ў цябе памяць! Зноў, мабыць, бізуна захацеў?.. Карціць?! (Палашка ўсьміхаецца).
Шчусь (заўважыўшы). А табе, Палашка, чаго гэта так весела?.. Бачыце, кумок, якія цяпер дзе- ня прыходзіш?.. ці?.. (Да Палашкі). Чаго дадому Ці, можа, па чужых хатах валачыцца лепей?.. (Палашка маўчыць). Маўчыш?
Самахвал (цягне Шчуся). Хадзем, Іван Максімавіч!
Шчусь. Язык праглынула? З бацькам гаварыць ня хочаш? Камуністкаю зрабілася? Глядзі, Палашка, ня чхай на бацьку ды на мацеру — спатрэбяцца! Прыдзе коза да воза!
Палашка. Ня прыдзе!
Шчусь. Паглядзім!
Палашка (супакойна). Пабачыце…
Шчусь (злосна). Цьфу на цябе! Чорт, а не дачка! Пойдзем.
Самахвал. Пойдзем, пойдзем, кумок. (Зласьліва). Да пабачэньня, Язэпка.
ЗЬЯВА V
Язэп — Палашка
Язэп. Цікава!.. чаго гэта яны парваліся, гэтыя правады?..
Палашка. А можа іх парвалі?
(Язэп глядзіць на яе дапытліва).
Палашка. Хто ведае…
Язэп. А чаго-б гэта ім самім рвацца! Гэта-ж не павуціньне, а правады. Добра, што гэты провад па хатах ідзе, хаты асьвятляе… Яго паправіць — раз плюнуць… (Раптам злосна). Вот сукіны сыны!.. Гэта ў іх справа з камунаю ня выгарала, дык яны вунь што вымундравалі! Ну, ну!.. Выходзіць, як ня ім, сукіным сынам, дык і нікому!.. Гэта-ж мне ад Несьцера будзе, што не ўвартаваў!.. Эх… Шкода, што мала іх патрэсла!.. Няхай бы да заўтрага патрэсла, зналі-б тады!
Палашка. Дзед, а хутка будзе тут Несьцер?
Язэп. Зараз павінен быць. (Углядаецца). Ды вунь ён мабыць і ідзе?..
Палашка. Ён… Усяго найлепшага, дзед!.. (Хутка выходзіць).
Язэп. Пачакай, Палашка, куды ж ты?.. Палашка!..
(Уваходзіць Несьцер).
ЗЬЯВА VI
Несьцер — Язэп
Несьцер. Куды гэта яна пайшла?
Язэп. А хто яе ведае!.. Мабыць цябе ўбачыла…
Несьцер (пасьля паузы). Чаго гэта яна прыходзіла?
Язэп. Цябе пытала?
Несьцер. Мяне?
Язэп. Так… Тут вунь цэлая аварыя была…
Несьцер. Што такое?
Язэп. Шчусь з Самахвалам былі… Мабыць, хацелі машыну папсаваць.
Несьцер. Машыну? А дзе-ж вы былі?..
Язэп. Ды я… той, як яго… забыў тутунь дома… Ну… Папрасіў гэтага Паўлюка, амэрыканца, пасядзець, паглядзець, пакуль я за тутунём зьбегаю… Ну, вяртаюся хутка, адно-ж гляджу, стары Шчусь заблытаўся ў правадох і скача, як той Лыска на ланцугу… Аж пасінеў… Трасе яго, як чорт сухую грушу… А Паўлюк з Самахвалам каля яго бегаюць, лемантуюць усе, як звар‘яцелыя… Ну, я бязумоўна машыну спыніў і выпусьціў яго.
Несьцер. Дык як-жа ён у правады заблытаўся?..
Язэп. Чорт яго ведае, як ён заблытаўся. Мабыць парваць хацеў, а яно яго і абкруціла.
Несьцер. Добрая справа!.. (Разглядае правады). Вот недавяркі, маглі ўсю машыну сапсаваць!
Язэп. Так, маглі!.. Ну, ды ўжо хоць гэта машына і чортава выдумка, але гасподзь міласэрны не дапусьціў…
Несьцер (папраўляе праводку). Пры чым тут вашы чэрці разам з госпадам!.. Вартаваць трэба, а не спадзявацца на госпада! Не маглі поўгадзіны без тутуню!..
Язэп. Ды хто-ж яго ведаў, што так здарыцца! Прышоў дадому, а там Палашка затрымала…
Несьцер. Чаго яна прыходзіла?..
Язэп. Хто вас разьбярэ!.. Пра цябе пытала… Хоча ў малочнае таварыства ўступіць ці што… Не разабраў, што яна і казала — сьпяшаўся да млыну… Яна тут з бацькам трохі паспрачалася.
Несьцер. Што? сварыліся?
Язэп. Ды не, ня вельмі… Ён на яе гыркнуў.
Несьцер. А яна што?
Язэп. Ды нічога, не зьвяртае ўвагі… Ужо як Шчусь з Самахвалам пайшлі адсюль, дык яна мне казала, што гэта Шчусь наўмысьня парваў правады… (Хітра). Цябе, мабыць, засаромілася, дый уцякла.
Несьцер. Дурніца!.. (Пауза). Глядзі, чортавы гады!.. То камуну кулацкую рабілі, а цяпер, як ня вышла, хацелі машыну сапсаваць?.. Брэшаце!.. Рукі кароткія!..
Язэп. Бязумоўна, кароткія!..
Несьцер (заўважыўшы). Пачакайце, дзед… Вунь Палашка ідзе, можа гаворка якая будзе… Ідзеце ў млын… Пасядзеце там каля машыны…
Язэп. А чаго-ж, можна… Гаварэце сабе… (Ідзе, аглядаецца). Слухай, сынку, памірэцеся з ёю…
Несьцер (сурова). Ня ваша справа гэта, дзед.
Язэп. Ды, вядома, не мая.
Несьцер. Ідзеце!..
Язэп. Іду, іду. (Уваходзіць у млын, круцячы галавою).
ЗЬЯВА VII
Несьцер — Палашка
Палашка (пасьля паузы). Добры дзень таварышу Несьцеру.
Несьцер (глядзіць на яе). Добры дзень, грамадзянка Палашка…
Палашка. 3 вамі можна пагаварыць?
Несьцер. Гаварэце…
Палашка (пасьля паузы). Я пасварылася з бацькам… Ня жыву ўжо ў яго…
Несьцер. Гэта я чуў…
Палашка. Ну і з чалавекам сваім я таксама ня жыву…
Несьцер (усьміхаецца). Ведаю… Дык чаго-ж вы, грамадзянка, хочаце? Можа, каб я памірыў вас з бацькам? Дык гэта не мая справа.
Палашка. Не, гэтага ня трэба. Я калі захачу, дык сама магу да бацькі вярнуцца.
Несьцер. Ну, дык і варочайцеся на здаровейка, чаго вам ад мяне трэба? Варочайцеся сабе да бацькі!..
Палашка. Не, я да яго не вярнуся.
Несьцер. Чаму?
Палашка. Ды гэта ўжо мая справа.
Несьцер. Гэта можа і праўда.
Палашка. Дык вось хачу я вас прасіць. Прымеце мяне ў малочнае таварыства… Каля сэпаратараў працаваць… Мне Юстына казала, што яна едзе ў горад да брата… Дык на яе месца…
Несьцер (расчараваны). Вунь што? А я думаў…
Палашка. Можа думалі, што я хачу з мужам памірыцца? Не, штосьці няма ахвоты!..
Несьцер (глядзіць з-пад лобу). Сапраўды?..
Палашка. Абрыдла за наймічку быць!.. Харчы дрэнныя, работы многа, дый платы ніякае. Лепей сапраўды ў наймы пайсьці, чым есьці капусту з цыбуляй ды латаць мужу порткі. Няхай ужо наймічкаю пры млыне буду, бо млын — гэта такая справа, сапраўдная справа.
Несьцер. Выходзіць, што ў мужа і порткаў людзкіх няма. Можа ён і адзеўся-б у суконы гарнітур, а капусту з куркаю пакаштаваў, дык дзе-ж яго ў чортавага бацькі ўзяць?! (Устае). Чорт вашу маму мардуе!.. А тое, што мне што дзень, што ноч за тваім каханым бацькам ды за ўсёю гэтаю кулацкаю бандаю дыхнуць некалі было, пра гэта ты забылася?! Я і сам рад-бы быў, каб хоць пад‘есьці добра!.. Ты думаеш, мне на франтох салодка было?.. Твой бацька тут контр-рэвалюцыю разводзіў, хлеб скупліваў, а я галодны ды голы, па калена ў сьнягу, выганяў прыхільнікаў твайго таты з нашага краю!.. Кулацкая ў цябе душа, Палашка!.. Туман у цябе ў галаве! Несьвядомая ты, Палашка!.. (Дзед выглядае і зноў хаваецца, безнадзейна махнуўшы рукою).
Палашка. А чаму-ж ты не разагнаў таго туману?.. Чаму ты не зрабіў з мяне сьвядомае? Хіба ты мне хоць слова калі сказаў?
Несьцер (са злосьцю). Казаў я табе ня раз!..
Палашка. Казаў?.. Калі ты казаў?.. Як я дурная яшчэ была, калі я нічога не разумела?.. Тады казаў, калі ў адно вуха ўваходзіла, а ў другое выходзіла, бо за каханьнем ня было часу думаць!.. Чаму ты не казаў тады, калі я ўжо разумнейшая стала?
Несьцер. Ня было мне калі казаць!.. Часу ня было! Бачыў, што ты ня вельмі ахвотна да гэтага, ну, і жыві, як знаеш! Не захацела са мною ісьці, пайшла да свайго бацькі — твая справа. Ты не дзяўчынка. Мусіш сама разьбірацца, што і да чаго.
Палашка. Ну, і ў мяне не качан капусты. Без цябе знаю, што рабіць і як жыць. Ня думай, што ты толькі такі разумны… За гэтыя два месяцы я таксама разглядзелася, дзе чорна, а дзе бела. І без цябе. Ты ня думай, што як у мяне бацька кулак, дык і я ўжо чорт ведае што…
Несьцер (заўзята смокча люльку). Сапраўды?
Палашка. Так. (Несьцер злосна плюе). Ну, таварыш Несьцер, прымеце мяне да сэпаратараў! (Шчыра). Ох, як хочацца на работу, ды яшчэ і не абы як. (Дзед выглядвае. Заўважыўшы, што Несьцер маўчыць, рашуча ўваходзіць).
Язэп. Каля сэпаратараў і без цябе знойдзецца каму працаваць. На вось табе лепей ключ ад хаты, ды ідзі ты, Палашка, дадому, зарэж таго дурнога пеўня, што адзін ходзіць па двары, ды звары нам добрае капусты.
Несьцер. Дзед…
Язэп (прыкідваецца, што вельмі злосны). Што дзед? Дзед! Сам ведаю, што дзед. Ідзі, ідзі, дачушка, дадому. Бо там без цябе і хата засьмярдзелася.
Несьцер. Слухайце, дзед, ня лезьце вы ў чужыя справы. (Ціха дзеду). Ідзеце ў млын.
Язэп. Мая справа маленькая, магу і ў млын. (Палашцы). А ключ ты ўсё такі вазьмі, Палашка. (Аддае ключ падміргвае і ідзе ў млын. З млына). Ды глядзі, Палашка, каб капуста была смачная… (Зьнікае).
Палашка. Можа і ты пашлеш мяне капусту варыць з пеўнем?
Несьцер. Дурная ты, Палашка!.. (Глядзіць на яе, усьміхаючыся).
Палашка. Сам ты дурны, Несьцер!
Несьцер. Ну, годзі, Палашка! Пагуляла ў адпачынку — і досыць! Ідзі дадому.
Палашка. Капусту варыць?..
Несьцер. Адчапіся ты з сваёю капустаю!.. Я за гэтыя два месяцы забыўся, якая яна і на смак! (Дзед падслухвае). Не ў капусьце, Палашка, сіла! (Дзед дакорліва ківае галавою).
Палашка. А ў чым?
Несьцер. А тым, каб разумна жыць… Ты вось казала — да сэпаратараў хочаш?.. Ідзі… Працуй. Ня толькі што каля капусты рабіць. Я праўду табе скажу: ня вельмі веру, што з цябе бацькаў дух выветрыўся. Ня лёгка яно адмовіцца ад роскашы, калі перад табою беднасьць! Можа і зараз ты шчыра хочаш працаваць, ды хто яго ведае, можа гэта толькі так, абы мне наперакор. Вось, калі гэта сапраўды, калі не прапала дарам навука гэтых месяцаў, тады — іншая справа.
Палашка. Ведаеш што, Несьцер? Ідзі да чортавай мацяры! Вось і ўсё, што я табе на гэта скажу! На табе ключ ад хаты і ніколі ты не дачакаешся, каб я зьвярнулася да цябе.
Несьцер. Я так і ведаў. (Бярэ ключ). Матчына верашчака з блінамі лепш, чым бядняцкі сухі хлеб.
Палашка. Абайдуся і без цябе і без матчыных бліноў! (Ідзе, на момант спыняецца, потым рашуча выходзіць).
(Несьцер задумленна перакідвае ключ. Дзед Язэп выглядае, злосна аглядае сцэну, угледзеўшы, што Палашкі няма, абурана плюе і зноў зьнікае ў млын. Несьцер, перакідваючы ключ, насьвістывае. На заднім пляне зьяўляецца Палашка, якісьці момант не адважваецца. На парозе млына зьяўляецца дзед Язэп. Палашка нарэшце адважылася і рашуча падыходзіць да Несьцера).
Палашка (штурхаючы Несьцера). Дай ключ ад хаты.
(Несьцер моўчкі аддае. Палашка лопае яго па сьпіне і хутка выбягае).
Язэп. Ня сьмейся, Несьцер, бо зноў зазлуе.
Несьцер. Нічога, дзед, цяпер ужо не зазлуе. Будзем есьці сягоньня капусту!..
Заслона
АБСТАНОЎКА, БУТАФОРЫЯ І РЭКВІЗЫТ
Першая дзея
Вясковая хата, два, тры невялічкіх вакна, адны дзьверы ды печ. Уздоўж сьцен доўгія лавы. Каля вакна стол, засланы абрусам з тоўстага „свайго“ палатна. На сьцяне паміж вокнамі прыклеен партрэт Леніна — выразаны з часопісу ці газэты. У адным кутку, каля дзьвярэй, прыбіты да сьцяны невялічкі старэнькі заложнік. Каля другое сьцяны дзеравяны, шырокі ложак, старэнькая коўдра ды дзьве падушкі. Побач скрыня. Над заложнікам зноў партрэт альбо карціна. Убранства таннае з паперы ды аднаго-двух скарачоў. Паліца з кнігамі.
Другая дзея
Абстаноўка другой дзеі цалкам іншая, як у першай. Лепей нават паставіць іншы павільён: вышэйшыя сьцены, вышэйшыя вокна ды на іншы лад дзьверы. Дзьвярэй трэба двое: адны ў сені, а другія ў хату. Печы ў хаце няма, можна даць альбо высокую „галандзкую“ грубку, альбо нічога. Таксама, як у першай дзеі, лаўкі ўздоўж сьцяны (лепей, навейшыя), а стол накрыты доўгім абрусом. На стале хлеб. На покуці цэлы рад абразоў: пасярэдзіне вялікія, у каштоўных рамах, потым дробныя, далей розныя лубачныя карціны. На сьцяне заложнік добрага дзерава, паліцы з пасудай. Канапа. Крэслы. На маленькім століку вычышчаны самавар.
Трэцяя дзея
Дзея адбываецца на беразе рэчкі. Для гэтага ня трэба маляваць самае рэчкі (вады) — задняя карціна мае даць той бок рэчкі: садок, поле, вёска і г. д. Тут-жа на трэцім пляне трэба зрабіць невялічкае падвышэньне (бераг над вадою) з пянькамі, цэлымі дзеравамі, кустамі. Бліжэй да гледача з аднаго боку рог млына з дзьвярыма, а з другога — можна сукна. Ад млына правады.
AKTOPAM
Першая дзея
Палашцы — ордэн Чырвонага сьцягу, збаночак з мёдам, Несьцеру — люльку, тутунь і запалкі.
Трэцяя дзея
Язэпу — люльку ды ключ.
СКЛАД ВЫДАНЬНЯ |
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся. Падрабязней гл. у дакументацыі. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся. Падрабязней гл. у дакументацыі. |