Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Гэлтахт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

     Тэрыторыі Рэспублікі Ірляндыя, афіцыйна прызнаныя ў якасьці гэлтахтаў.

Гэ́лтахт (па-ірляндзку: Gaeltacht, вымаўл. [ˈɡeːl̪ˠt̪ˠəxt̪ˠ] або [ˈɡeːl̪ˠhəxt̪ˠ]; мн. л. Gaeltachtaí) — тэрмін ірляндзкага паходжаньня, якім пазначаюцца рэгіёны востраву Ірляндыя, дзе большая або значная частка ад насельніцтва ў якасьці асноўнае мовы зносінаў выкарыстоўвае ірляндзкую мову або выкарыстоўвала яе ў параўнальна нядаўнія часы[1].

Тэрмін мае таксама палітыка-адміністрацыйнае выкарыстаньне з мэтаю ўрадавага ўліку гэтых рэгіёнаў і падтрымкі ірляндзкае мовы, упершыню панятак пра гэлтахты быў уведзены ў афіцыйнае абарачэньне па заснаваньні Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы й палітыкі г.зв. гэльскага адраджэньня, якое было накіраванае на ўзнаўленьне ірляндзкіх культурных традыцыяў, у тым ліку й моўных.

Панятак пра гэлтахты выкарыстоўваецца ва ўрадавых дакумэнтах Рэспублікі Ірляндыя, але самі тэрыторыі гэлтахтаў не ўяўляюць сабою адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак дзяржавы. У прыватнасьці, гэлтахты ня маюць уласных органаў мясцовага самакіраваньня.

На цяперашні час часам адзначаецца, што абгрунтаванасьць межаў гэлтахтаў можа спрычыніцца да больш сур’ёзнага заняпаду ірляндзкае мовы.

Арэал ірляндзкае мовы на востраве Ірляндыя паводле стану на 1871 г.

Ужо да н.э. тэрыторыя востраву Ірляндыя была заселеная кельцкімі плямёнамі, якія цягам часу з уласных гаворак пракельцкае мовы разьвілі прымітыўную ірляндзкую мову, якая пазьней эвалюцыянавала ў старажытнаірляндзкую мову, зь якой на мяжы І і ІІ тыс. н.э. вылучылася сучасная ірляндзкая мова.

З 1169 году востраў Ірляндыя становіцца аб’ектам нападаў нарманаў, а потым — ангельцаў, у выніку чаго ў 1542 годзе Ірляндыя, фармальна будучы незалежнай, становіцца ўладаньнем Ангельшчыны (пазьней як Вялікабрытаніі). Войны, калянізацыя не-ірляндзкім насельніцтвам, культурныя рэпрэсіі, працоўныя міграцыі ірляндцаў у Паўночную Амэрыку, увядзеньне масавай ангельскамоўнай сярэдняй адукацыі, а таксама голад пэрыяду 18451852 гг. заклалі падмурак у заняпад ірляндзкае мовы й паступовае выцясьненьне ірляндзкае мовы ангельскай, якое асабліва моцным зьяўлялася на ўсходзе востраву. Ірляндзкая мова працягвала захоўвацца ў расьсеяных, аддаленых і слаба разьвітых у індустрыяльным пляне ўзьбярэжных раёнах захаду й поўдня, якія пазьней і ўтварылі панятак аб гэлтахтах[2].

Гэлтахты Ірляндыі паводле стану на 1926 г.
Гэлтахты Ірляндыі паводле стану на 1956 г.

Межы гэлтахтаў заўсёды ўключалі ў сябе тэрыторыі са значнай адсоткавай дзельлю асобаў, роднай мовай якіх зьяўлялася ангельская мова. Падобная практыка захавалася й у 1926 годзе, калі гэлтахты атрымалі афіцыйнае значэньне пасьля выхаду першага дакладу Камісіі па гэлтахтах (ірл. Coimisiún na Gaeltachta). Сярод іншага, была ўсталяваная квота, згодна зь якой той ці іншы рэгіён мог стаць лічыцца гэлтахтам, якая склала 25% або больш адсоткаў асобаў, для якіх ірляндзкая мова зьяўлялася роднай, ад насельніцтва рэгіёну. Такім чынам, урад Ірляндыі засьведчыў, што новаўтвораныя гэлтахты мелі пятнаццаць з 26 графстваў краіны.

У 1950-х гг. новы даклад Камісіі прыйшоў да высновы пра ранейшае няправільнае вызначэньне межаў гэлтахтаў і рэкамэндаваў ураду перагледзець сьпіс гэлтахтаў на аснове ступені захаванасьці ірляндзкае мовы ў гэтых рэгіёнах. Гэта спрычынілася да выключэньня зь пераліку гэлтахтаў рэгіёнаў, дзе выкарыстаньне ірляндзкае мовы зьведала спад, праз што сем з 26 акругаў краіны былі пазбаўленыя гэлтахтаў. Акрамя таго, з 1950-х гадоў да цяперашняга часу межы гэлтахтаў, за выняткам нязначных зьменаў, не зьмяняліся (уключэньне вёсак Клохэйн і Брандан у графства Керы ў 1974 годзе; уключэньне Ўэст-Мускеры ў склад графства Корк, нягледзячы на значнае зьніжэньне дзелі ірляндзкамоўных; уключэньне паселішчаў Бале-Гіб і Ра-Карнь у склад графства Міт у 1967 годзе).

Гэлтахты Ірляндыі катэгорыі A паводле стану на 2007 г.

У 2002 годзе быў апублікаваны трэці даклад Камісіі па гэлтахтах, у якім, у прыватнасьці, было зазначана пра няспынны працэс эрозіі пазыцыяў ірляндзкае мовы ў гэлтахтах, у выніку якой ірляндзкая мова ўрэшце можа зьнікнуць і ў гэтых рэгіёнах[3]. У некаторай частцы гэлтахтаў ірляндзкая мова страціла свае пазыцыі як мовы асноўнае камунікацыі, адзначаўся таксама паступовы рост перавагі ангельскае мовы, да якой вёў сучасны білінгвізм у Рэспубліцы Ірляндыя, і адсутнасьць эфэктыўнасьці сучаснае моўнае палітыкі ў галіне захаваньня ірляндзкае мовы.

Паводле новага дакладу рэкамэндаваліся перагляд тэрыторыяў сучасных гэлтахтаў і складаньне комплекснага лінгвістычнага дасьледаваньня з мэтаю ацэнкі захаваньня ірляндзкае мовы ў іншых гэлтахтах, якое было апублікавана ў 2007 годзе Акадэміяй унівэрсытэту ірляндзкае мовы. Праект перагляду тэрыторыяў гэлтахтаў прадугледжваў падзел гэлтахтаў на тры катэгорыі паводле адсоткавае дзелі асобаў, якія лічаць ірляндзкую роднай мовай, ад насельніцтва гэлтахту (катэгорыя A — гэлтахты, 67% або больш ад насельніцтва якіх выкарыстоўвае ірляндзкую штодня ў якасьці асноўнае мовы зносінаў; катэгорыя B — гэлтахты, дзе ад 44 да 66% ад насельніцтва якіх лічыць ірляндзкую мову роднай зь перавагай ангельскае мовы; катэгорыя C — гэлтахты, дзе асобы, якія лічаць ірляндзкую мову роднай, складаюць ня больш за 43% ад насельніцтва). Зыходзячы з прапанаванага падзелу, Камісія высунула прапанову, згодна зь якой асноўны прыярытэт у наданьні й захаваньні ірляндзкамоўных паслуг й праграмаў па разьвіцьці мовы мусіць надавацца гэлтахтам катэгорыі A, гэлтахты катэгорыі C, у сваю чаргу, згодна з праектам прапаноўвалася выключыць з катэгорыі гэлтахтаў.

Перапіс насельніцтва ў Рэспубліцы Ірляндыя 2006 году сьведчыць пра прыкладна 95 тыс. чалавек, якія пражывалі ў гэлтахтах, зь якіх каля 17 тыс. пражывалі ў гэлтахтах катэгорыі A, каля 10 тыс. — у гэлтахтах катэгорыі B, блізу 17 тыс. — у гэлтахтах катэгорыі C, што, такім чынам, дае прыкладна 50 тыс. чалавек, якія не адпавядаюць мінімальным крытэрам гэлтахтаў[4].

У сваю чаргу, у 2012 годзе ўрадам Рэспублікі Ірляндыя быў распрацаваны законапраект закону аб гэлтахтах, заяўленай мэтай якога зьяўлялася новае вызначэньне межаў гэлтахтаў на грунце моўных крытэраў, пры гэтым усе гэлтахты захоўвалі свой статус, маючы мажлівасьць яго пазбавіцца толькі пры адсутнасьці распрацаванага пляну па моўнай палітыцы для гэтага гэлтахту[5]. Найбольшай крытыцы падвергліся палажэньні законапраекту аб захаваньні ранейшага статусу ўсіх гэлтахтаў і перанос адказнасьці за падтрымку мовы на добраахвотныя арганізацыі[6]. Справаздача 2012 году, складзеная ўпаўнаважаным па ірляндзкай мове, таксама падкрэсьліла ўвагу на няздольнасьці дзяржаўных органаў гарантаваць забесьпячэньне ірляндзкамоўных паслуг для насельніцтва гэлтахтаў і адзначыла статус ірляндзкае мовы ў гэлтахтах як досыць небясьпечны[7].

Ранейшае дасьледаваньне, праведзенае ў 2005 годзе Адукацыйнай Радай па гэлтахтах і ірляндзкамоўнай сярэдняй адукацыі, засьведчыла крызіс ірляндзкамоўнай адукацыі ў гэлтахтах, што можа паставіць пад пагрозу адукацыю на ірляндзкай мове ў гэтых рэгіёнах, таксама быў адзначаны пераход прыкметнае часткі школаў у гэлтахтах на ангельскую мову выкладаньня[8].

Паўночная Ірляндыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы выхаду Паўночнай Ірляндыі са складу Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы, права на што было нададзенае ёй напачатку ХХ ст., у гэтым рэгіёне гэлтахты існавалі ў чатырох з шасьці графстваў, аднак урад рэгіёну не прыняў заканадаўчых захадаў па забесьпячэньні дзейнасьці ірляндзкае мовы ў гэтых раёнах. Ірляндзкая мова ня мела карыстаньня ў дзяржаўных школах, усталяваньне дзьвюхмоўных англа-ірляндзкіх шыльдаў забаранялася мясцовымі ўладамі з прычыны заканадаўства рэгіёну, якое дазваляла выкарыстаньне толькі ангельскае мовы.

У 2001 годзе ўрад Вялікабрытаніі ратыфікаваў Эўрапейскую Хартыю рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў, якая дазваляе выкарыстаньне недзяржаўнае мовы на афіцыйным рэгіянальным узроўні[9]. Частка ІІІ, што тычылася паўночнай Ірляндыі, надала рэгіянальны статус у тым ліку й ірляндзкай мове, што наклала на ўрад Вялікабрытаніі абавязкі па забесьпячэньні прысутнасьці рэгіянальнае мовы ў галінах адукацыі, мясцовага самакіраваньня, геаграфічных назваў і культурных мерапрыемстваў; падтрымка абавязкаў пэрыядычна праходзіць праверку экспэртным камітэтам Рады Эўропы.

Рэспубліка Ірляндыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзеля асобаў, якія штодзённа карыстаюцца ірляндзкай за выняткам сыстэмы адукацыі, ад насельніцтва Рэспублікі Ірляндыя.

Паводле зьвестак перапісу насельніцтва Рэспублікі Ірляндыя 2006 году насельніцтва гэлтахтаў агулам складала 91 862 чалавек або прыкладна 2,1% ад насельніцтва ўсёй краіны[10]. Найбуйнейшая канцэнтрацыя асобаў, якія ўказвалі ў якасьці роднае мовы ірляндзкую, назіралася на захадзе краіны, у графствах Данэгол, Мэё, Голўэй, Керы й Корк, меншая канцэнтрацыя прасочваецца на поўдні (графства Ўатэрфорд) і ўсходзе (графства Міт)[11]. Асаблівасьцю гэлтахту графства Міт зьяўляецца ягоная гісторыя: гэты гэлтахт паўстаў у 1930-х гадох з ініцыятывы ўраду Ірляндыі, калі 41 сям’я з графстваў Голўэй і Мэё была пераселеная на ўсход. Тым ня менш, у якасьці гэлтахту гэтая тэрыторыя была прызнаная толькі ў 1967 годзе.

Гістарычна гэлтахты зазнавалі вялікія аб’ёмы міграцыі, існаваў вялікі адток моладзі[12], чаму спрыяла, у прыватнасьці, існаваньне лепшых земляў на пераважна ангельскамоўным усходзе востраву. Зь іншага боку, нэгатыўны ўплыў аказвалі ангельскамоўныя мігранты на захад востраву, якіх прываблівала прыгажосьць мясьцінаў; а таксама даволі абмежаваная роля ірляндзкай мовы ў адукацыі й агульны ціск пераважнай на ўсім востраве ангельскае мовы. Асабліва гэта тычыць гэлтахтаў графства Голўэй, якія знаходзяцца непадалёк ад места Голўэй, што зьведвае актыўны рост.

Ніжэй прыведзены сьпіс мясцовасьцяў унутры гэлтахтаў (згодна з традыцыйнай у беларускай мове трансьлітарацыяй праз ангельскую мову), у якіх прынамсі ня менш за 40% ад насельніцтва карыстаецца ірляндзкай мовай на штодзённай аснове. Некаторыя з гэтых мясцовасьцяў могуць утрымліваць адразу некалькі населеных пунктаў.

Падрабязьней
Графства Назва Арыгінальная назва Насельніцтва Дзель ірляндзкамоўных
Данэгол Алтнапіст Alt na Péiste 188 55%
Анагры Anagaire 2235 55%
Аранмор Árainn Mhór 529 62%
Кроўві Cró Beithe 161 53%
Клохан An Clochán 514 41%
Блудзі-Фоўрлэнд Cnoc Fola 1326 83%
Данліўі Dún Lúiche 695 76%
Фалкара An Fál Carrach 2168 44%
Фінтаўн Baile na Finne 316 57%
Гортагарк Gort a’ Choirce 1599 81%
Графі An Ghrafaidh 209 52%
Гўідар Gaoth Dobhair 2651 77%
Тылін Teileann 726 41%
Мэё Ахлім Eachléim 921 46%
Караўтэйг Ceathrú Thaidhg 356 64%
Фіні Fionnaithe 248 44%
Голўэй астравы Аран Oileáin Árann 1225 79%
Батуна Bothúna 963 74%
Камас Camus 367 90%
Карна Carna 798 81%
Карара An Cheathrú Rua 2294 83%
Корнамана Corr na Móna 573 45%
Фэрба Na Forbacha 1239 43%
Дэрыраш Doire Iorrais 313 76%
Глэнтрасна Gleann Trasna 122 61%
Інвэран Indreabhán 1362 83%
Кілкіран Cill Chiaráin 619 87%
Лэтэрмар Leitir Móir 875 84%
Лэтэрм’юлэн Leitir Mealláin 1288 89%
Росавіл Ros an Mhíl 1304 84%
Росмак Ros Muc 557 87%
Сьпідл An Spidéal 1357 66%
Керы Бэліфэрытэр Baile an Fheirtéaraigh 455 77%
Балінагал Baile na nGall 508 75%
Брандан Cé Bhréannain 168 48%
Кінард Cinn Aird 318 45%
Клохэйн An Clochán 273 46%
Данкўін Dún Chaoin 159 72%
Фэганаг Feothanach 462 78%
Глін Na Gleannta 1496 44%
Маргін Márthain 276 56%
Мінард An Mhin Aird 387 53%
Вэнтры Ceann Trá 413 59%
Корк Балінгіры Béal Átha an Ghaorthaidh 542 46%
Балівурні Baile Bhuirne 816 42%
востраў Кэйп-Клір-Айлэнд Oileán Chléire 125 41%
Кулі Cúil Aodha 420 53%
Ўатэрфорд Рынг An Rinn 1176 51%
Міт Ра-Карнь Ráth Cairn 401 56%

Гэлтахт графства Корк знаходзіцца на поўдні востраву й складаецца зь дзьвюх асобных мясцовасьцяў, у склад якіх уваходзяць асобныя населеныя пункты — Мускеры і востраву Кэйп-Клір-Айлэнд[13]. У Мускеры пражывае 3 895 чалавек, зь якіх носьбітамі ірляндзкае мовы зьяўляецца 2 951 чалавек, складаючы 4% ад насельніцтва ўсіх гэлтахтаў[14]. Увесь гэлтахт графства Корк мае плошчу 262 км², складаючы 6% ад агульных тэрыторыяў гэлтахтаў.

Ірляндзкамоўнае насельніцтва гэлтахаў графства Корк размаўляе на манстэрскім дыялекце, які ў мінулым быў распаўсюджаны па ўсім гістарычным рэгіёне Манстэр, часткаю якога зьяўляецца графства Корк.

Гэлтахт графства Данэгол месьціцца на паўночным захадзе востраву пры мяжы зь Вялікабрытаніяй і мае насельніцтва 24 744 чалавек[15], што складае 25% ад усяго насельніцтва гэлтахтаў, і плошчу ў 1 502 км², складаючы 26% ад усіх гэлтахтаў. Ірляндзкамоўнае насельніцтва гэлтахту складае 17 132 чалавек, зь якіх каля 14 500 пражывае на тэрыторыях гэлтахту, дзе больш за 30% ад насельніцтва лічыць ірляндзкую мову роднай, прыкладна 2 500 чалавек — на тэрыторыях гэлтахту, дзе ірляндзкая мова зьяўляецца роднай мовай для менш чым 30% ад насельніцтва, 2 436 чалавек працуе ў галінах дзейнасьці, зьвязаных зь дзейнасьцю Ўпраўленьня па гэлтахтах (ірл. Údarás na Gaeltachta). Ірляндзкамоўнае насельніцтва размаўляе на ольстэрскім дыялекце ірляндзкае мовы, які ў мінулым выкарыстоўваўся ва ўсёй гістарычнай правінцыі Ольстэр.

На тэрыторыі гэлтахту дзейнічае радыё RTÉ Raidió na Gaeltachta.

Ольстэрскі дыялект уваходзіць у дыялектны кантынуўм з паўднёвымі дыялектамі блізкароднаснай гэльскай шатляндзкай мовы й мае пэўны шэраг рысаў, якія адсутнічаюць у іншых дыялектах ірляндзкае мовы, але ўласьцівыя гэльскай шатляндзкай.

Гэлтахт графства Голўэй, разьмешчанага на захадзе востраву, і ірляндзкамоўнае насельніцтва гораду Голўэй, які не ўваходзіць у склад аднайменнага графства, агулам складаюць 48 907 чалавек або 47% ад усяго насельніцтва гэлтахтаў[16]. Тэрытарыяльна гэлтахт складае 1 225 км² альбо 26% ад усёй плошчы гэлтахтаў, большасьць ірляндзкамоўнага насельніцтва пражывае ў рэгіёне Канэмара, які месьціцца на паўднёвым захадзе графства.

Ірляндзкамоўнае насельніцтва гэлтахту налічвае 30 978 чалавек, зь іх каля 11 тыс. чалавек пражывае на прыбярэжнай тэрыторыі захаду графства, прынамсі ня менш за 7 тыс. чалавек пражывае на поўначы графства на мяжы з графствам Мэё, блізу 4 тыс. чалавек пражывае на тэрыторыях гэлтахту, у якіх ірляндзкую мову лічаць роднай ня больш за 30% ад насельніцтва.

На тэрыторыі гэлтахту дзейнічае Акадэмія ўнівэрсытэту ірляндзкае мовы, адно з аддзяленьняў RTÉ Raidió na Gaeltachta, выдаецца газэта Foinse, а таксама офіс ірляндзкамоўнага тэлевізійнага каналу TG4. У месьце Голўэй працуе нацыянальны ірляндзкі тэатар, заснаваны ў 1928 годзе.

Ірляндзкамоўнае насельніцтва гэлтахту размаўляе на конахцкім дыялекце, які ў мінулым быў распаўсюджаным ва ўсім гістарычным рэгіёне Конахт, да якога належыць графства Голўэй. Дыялекты Конахту ў асноўным пакладзеныя ў літаратурную норму ірляндзкае мовы.

Графства Керы, разьмешчанае на паўднёвым захадзе востраву Ірляндыя, мае гэлтахт, які складаецца з заходняй часткі паўвостраву Дынгл і цэнтру й захаду паўвостраву Іўраг. На тэрыторыі гэлтахту пражывае 8 729 чалавек, зь якіх 6 185 чалавек зьяўляецца носьбітамі ірляндзкае мовы, складаючы 9% ад насельніцтва ўсіх гэлтахтаў[17]. У тэрытарыяльным дачыненьні гэлтахт графства Керы складае такую ж дзель ад усіх гэлтахтаў Рэспублікі Ірляндыя, маючы плошчу ў 642 км²[18].

Графства Керы, да якога належыць гэлтахт, уваходзіць у склад гістарычнага рэгіёну Манстэр, на ўсёй тэрыторыі якога ў мінулым быў распаўсюджаны аднайменны дыялект, на цяперашні час жыхары гэлтахту размаўляюць на гаворках гэтага дыялекту.

Гэлтахты графства Мэё, разьмешчанага на паўночным захадзе востраву Ірляндыя, месьцяцца на крайнім захадзе й поўдні графства. Насельніцтва тэрыторыяў Мэё, аднесеных да катэгорыі гэлтахтаў, складае 10 886 чалавек або 11,5% ад усяго насельніцтва гэлтахтаў, з гэтага насельніцтва ірляндзкая мова зьяўляецца роднай для 6 667 чалавек[19]. У тэрытарыяльным дачыненьні гэлтахт графства Мэё ахоплівае плошчу ў 905 км² альбо 19% ад тэрыторыяў гэлтахтаў наогул.

Найбуйнейшае места гэлтахту — Бэлмалэт, якое знаходзіцца на крайнім паўночным захадзе графства. З усіх 6 627 чалавек у гэлтахце каля 4 тыс. чалавек пражывае ў раёнах, дзе ірляндзкая мова зьяўляецца роднай для больш за 30% ад насельніцтва, прыкладна 2 500 — у раёнах зь меншай дзельлю ірляндзкамоўных у насельніцтве.

У графстве Міт, што знаходзіцца на паўночным усходзе востраву Ірляндыя непадалёк ад мяжы з Паўночнай Ірляндыяй, месьціцца найменшы гэлтахт Ірляндыі, які складаецца зь сёлаў Ра-Карнь і Бале-Гіб. Агульнае насельніцтва гэлтахту складае 1 771 чалавек або 2% ад агульнага насельніцтва ірляндзкіх гэлтахтаў[20].

Гісторыя гэлтахту графства Міт адрозьніваецца ад іншых гэлтахтаў з прычыны ўзьнікненьня гэтага гэлтахту ў выніку перасяленьня ірляндзкамоўнага насельніцтва з захаду востраву. У 1935 годзе 41 сям’я перасяленцаў з Канэмары (захад графства Голўэй) перасялілася ў раён сучаснага сяла Ра-Карнь, землі якога былі набытыя ірляндзкай зямельнай камісіяй, кожны зь перасяленцаў атрымаў надзел памерам у дзевяць гектараў. У 1937 годзе падобным жа чынам былі заснаваныя паселішчы Бале-Гіб (былы Гібстаўн) і Бале-Алінь (былы Алэнстаўн). Цягам першага часу частка насельніцтва паселішчаў вярнулася ў графства Голўэй, або эмігравала ў іншыя мясцовасьці, аднак ірляндзкамоўнае насельніцтва заставалася ў дастатковай колькасьці, што дазволіла ў 1967 годзе надаць мясцовасьці статус гэлтахту.

Мэтаю стварэньня паселішча перасяленцаў было распаўсюджаньне ірляндзкае мовы ва ўсходніх рэгіёнах краіны, якія ў першую чаргу былі закранутыя моўнай асыміляцыяй і сярод насельніцтва якіх практычна зьніклі носьбіты ірляндзкае мовы. Дадзеная праграма не атрымала посьпеху, і цягам часу перасяленцы сталі дзьвюхмоўнымі[21].

Графства Ўатэрфорд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэлтахт графства Ўатэрфорд, што месьціцца на поўдні краіны, разьмешчаны на прыбярэжнай паўднёва-заходняй частцы графства й складаецца зь мясцовасьцяў Рынг і Олд-Пэрыш[22].

Насельніцтва гэлтахту складае 1784 чалавек або 2% ад агульнага насельніцтва ўсіх гэлтахтаў, зь іх ірляндзкая мова зьяўляецца роднай для 1 271 чалавека. Плошча гэлтахту складае 62 км² або 1% ад усёй тэрыторыі гэлтахтаў. Як і гэлтахце графства Керы, ірляндзкамоўнае насельніцтва гэлтахту карыстае манстэрскі дыялект.

Мясцовае самакіраваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дарожны знак у гэлтахце.

Пры міністэрстве па грамадзкіх, сельскіх справах і справах гэлтахтаў Рэспублікі Ірляндыя існуе аднайменны дэпартамэнт, які адказвае за палітыку ўраду дзяржавы ў дачыненьні да гэлтахтаў і рэгулюе дзейнасьць Упраўленьня па гэлтахтах ды іншых органаў.

З 1970 году ўказальнікі й дарожныя знакі на тэрыторыях гэлтахтаў складаюцца толькі на ірляндзкай мове, нягледзячы на афіцыйны статус у дзяржаве таксама ангельскай мовы[23]. У 2005 годзе міністар Рэспублікі Ірляндыя па грамадзкіх, сельскіх справах і справах гэлтахтаў Іман О’Кіў аб’явіў, што ў афіцыйных картаграфічных выданьнях краіны тапонімы гэлтахтаў будуць прадстаўленыя толькі ў ірляндзкай вэрсіі й напісаньні нават у ангельскай вэрсіі, што было зроблена ў мэтах прывядзеньня ў адпаведнасьць картаграфічных выданьняў з указальнікамі. Дадзеныя меры былі прадпрынятыя паводле Ўказу аб тапаніміцы, апублікаванага ў рамках Акту аб афіцыйнай мове 2003 году[24].

Паўночная Ірляндыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На захадзе адміністрацыйнага цэнтру Паўночнай Ірляндыі, места Бэлфаст, знаходзіцца г.зв. Квартал-гэлтахт (анг. Gaeltacht Quarter, ірл. An Cheathrú Ghaeltachta), дзе вядзецца дзейнасьць па папулярызацыі ірляндзкае мовы, якая да засваеньня Паўночнай Ірляндыі ангельцамі й шатляндцамі ў XVII ст. зьяўлялася моваю большасьці насельніцтва гэтага рэгіёну. Квартал галоўным чынам месьціцца ўздоўж вуліцы Фолс-Роўд і характэрны сеткай ірляндзкамоўных установаў (дзіцячыя сады, пачатковыя й сярэднія школы, рэстаран і культурны цэнтар Cultúrlann, які зьяўляецца галоўным офісам радыё Raidió Fáilte — адзінага ў Паўночнай Ірляндыі поўнасьцю ірляндзкамоўнага радыё). Сярод іншых значных ірляндзкамоўных установаў у квартале месьцяцца каледж Сьв. Марыі, у якім мажлівае атрыманьне ірляндзкамоўнай адукацыі, і выдавецтва An t-Aisionad, якое займаецца перакладам спэцыялізаванае літаратуры на ірляндзкую мову.

Іншы падобны квартал на суседняй вуліцы Шос-Роўд быў заснаваны ў 1969 годзе пяцю мясцовымі сем’ямі, ірляндзкамоўныя ўстановы ў меншай колькасьці таксама існуюць у іншых местах Паўночнай Ірляндыі. Тым ня менш, падобныя мясцовасьці не зьяўляюцца гэлтахтамі ў звычайным вызначэньні гэтага тэрміну.

На поўдні графства Ландандэры (захад Паўночнай Ірляндыі) існуюць селішчы Слахтнэйл і Карнтогер, дзе станам на 1901 год палова мясцовага насельніцтва лічыла ірляндзкую мову роднай, зь якіх напрыканцы ХХ ст. засталося некалькі чалавек. У 1993 годзе ў гэтых паселішчах быў адкрыты ірляндзкамоўны дзіцячы сад, праз год — ірляндзкамоўная школа, у 2008 годзе была прынятая г.зв. стратэгія адраджэнья гэлтахту. На адкрыцьці прысутнічаў міністар Рэспублікі Ірляндыя па грамадзкіх, сельскіх справах і справах гэлтахтаў Іман О’Кіў, які даў станоўчую ацэнку дзейнасьці гэтага гэлтахту.

Прыкладна на мяжы першага й другога тысячагодзьдзяў у сучаснай Шатляндыі пасяліліся плямёны гайдэлаў (продкі ірляндцаў, шатляндцаў і мэнцаў), якія перасяліліся ў рэгіён з востраву Ірляндыя. Некалькі стагодзьдзяў шатляндзкая мова, якая, аналягічна сучаснай ірляндзкай, паходзіла ад гаворак гайдэлаў і зьяўлялася блізкароднаснай ірляндзкай, была распаўсюджанай ва ўсёй Шатляндыі, але цягам некалькіх стагодзьдзяў і да цяперашняга часу шатляндзкая мова была адцесьненая шатляндзкай германскай мовай (потым — таксама ангельскай) на гарысты паўночны захад Шатляндыі і навакольныя астравы, які з прычыны захаваньня шатляндзкае мовы атрымаў назву Gàidhealtachd [kɛːəlˠ̪t̪əxk]. Гэты ж тэрмін адносіцца таксама да тэрыторыяў Канады, дзе пражываюць нашчадкі шатляндзкіх каляністаў, якія часткова захоўваюць шатляндзкую мову.

Скарачэньню ўжытку шатляндзкае мовы ў раўніннай Шатляндыі і, пазьней, у астатніх рэгіёнах спрыяў пераход кіроўчае дынастыі на шатляндзкую германскую мову, урбанізацыя, дэпартацыі шатляндзкамоўнага насельніцтва (г.зв. Гайлэндзкія зачысткі). Найбольш трывалым рэгіёнам у дачыненьні захаваньня шатляндзкае мовы зьяўляюцца Зьнешнія Гебрыдзкія астравы (паўночны захад Шатляндыі). У Канадзе шатляндзкая мова ў пэўнай ступені захоўваецца ў правінцыі Новая Шатляндыя (асабліва востраў Кэйп-Брэтан) і акрузе Глэнгары правінцыі Антарыё.

Тэрміны Gàidhealtachd і Гайлэнд (гарыстыя й астраўныя часткі Шатляндыі) часта лічацца сынанімічнымі, што, аднак, няслушна з прычыны выміраньня шатляндзкае мовы ў некаторых мясьцінах Гайлэнду й адначасовага фрагмэнтарнага захаваньня шатляндзкае мовы ў раўнінных частках Шатляндыі, адкуль шатляндзкая мова гістарычна была выцесьненая шатляндзкай германскай. З ратыфікацыяй Вялікабрытаніяй Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў шатляндзкая мова атрымала рэгіянальны статус ва ўсім шатляндзкім Гайлэндзе, уласна ўрад Шатляндыі прыкладае намаганьні па прасоўваньні й захаваньні мовы па ўсёй Шатляндыі, аднак тэрмін Gàidhealtachd, які зьяўляецца практычна поўным аналягам ірляндзкага Gaeltacht, не зьяўляецца часткай афіцыйнае тэрміналёгіі ўраду Шатляндыі.

Паводле статыстычных зьвестак сталіца Ірляндыі Дублін і ягоныя прадмесьці зьяўляецца мясцовасьцю з найбольшай колькасьцю носьбітаў ірляндзкае мовы ў Ірляндыі: у горадзе агулам пражывае 14 229 носьбітаў ірляндзкае мовы або 18% ад усіх носьбітаў ірляндзкае мовы ў краіне[25].

У 2009 годзе група ірляндзкамоўнага насельніцтва ў дублінскім прадмесьці Балімун разам з арганізацыяй Glór na Gael дабілася дазволу на будаўніцтва пасёлку з трыццаці васьмі дамоў для асобаў, якія выказалі жаданьне на пражываньне ў ірляндзкамоўным асяродзьдзі, прытым што ў гэтым жа раёне разьмешчана чатыры пачатковыя ірляндзкія школы, дзіцячы сад і крама. Праект атрымаў назву «мескі гэлтахт», аднак пра ягоны далейшы лёс нічога не вядома.

На захадзе графства Клэр (захад Ірляндыі) заснаванае аб’яднаньне пад назвай Камітэт па разьвіцьці гэлтахту графства Клэр (ірл. Coiste Forbartha Gaeltachta Chontae an Chláir), паводле сьцьвярджэньняў якога жыхары мясцовасьці, якія размаўляюць на ірляндзкай мове штодня, атрымалі ўрадавыя субсыдыі згодна з праграмай прасоўваньня й падтрымкі ірляндзкае мовы. Арганізацыя сьцьвярджае, што на захадзе графства 170 чалавек штодзень размаўляе па-ірляндзку, на мэце пастаўленае патрабаваньне наданьня статусу гэлтахту тэрыторыі іх жыхарства[26]. Акрамя таго, на заходнім і паўднёвым узьбярэжжах гэтага ж графства знаходзіцца шэраг паселішчаў, якія адносяцца да традыцыйных гэлтахтаў, якія атрымалі статус гэлтахту ў ХХ ст.

Пачынаючы з часоў XVIII ст. у Канаду эмігравала вялікая колькасьць ірляндцаў і шатляндцаў, якія ў асноўным мігравалі ў мэтах працы па засваеньні новых брытанскіх уладаньняў у Паўночнай Амэрыцы. Заўважная колькасьць ірляндцаў асела на востраве Ньюфаўндлэнд, дзе мовазнаўцам быў вядомы асобны дыялект ірляндзкае мовы, што існаваў толькі ў гэтай мясцовасьці. Тым ня менш, на цяперашні час ірляндзкая мова нашчадкаў тагачасных перасяленцаў страчаная.

У цяперашнім часе група носьбітаў ірляндзкае мовы набыла ўчастак зямлі на ўсходзе канадзкае правінцыі Антарыё, дзе з удзелам амбасадара Рэспублікі Ірляндыя ў 2007 годзе быў адкрыты г.зв. Пастаянны паўночнаамэрыканскі гэлтахт (ірл. Gaeltacht Bhuan Mheiriceá Thuaidh, анг. Permanent North American Gaeltacht)[27].

  1. ^ The Gaeltacht (анг.). Údarás na Gaeltachta. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  2. ^ John T. Koch. Gaeltacht. History of the decline of Irish // Celtic culture: a historical encyclopedia. — 2006 Т. 2. — С. 778.
  3. ^ Гл. дакумэнт на партале Дэпартамэнту мастацтваў, спадчыны й гэлтахтаў Рэспублікі Ірляндыя.
  4. ^ Census 2006 — Volume 9 — Irish Language (анг.). Central Statistics Office (2006). Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  5. ^ Flawed Gaeltacht Bill in need of brave revision // The Irish Times. — 2012.
  6. ^ Donncha Ó hÉallaithe. Teorainneacha na Gaeltachta faoin mBille Nua // Beo!. — 2012.
  7. ^ Tuarascáil Bhliantúil (ірл.). An Coimisinéir Teanga. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  8. ^ Walshe, J. Number of Gaeltacht schools using Irish 'in steep decline' // Independent.ie. — 2005.
  9. ^ List of declarations made with respect to treaty No. 148 (гл. частку, прысьвечаную Вялікабрытаніі) (анг.) Афіцыйны партал Рады Эўропы. Рада Эўропы. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  10. ^ Перапіс насельніцтва ў Рэспубліцы Ірляндыя 2006 г. (анг.). Central Statistics Office (2006). Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  11. ^ The Gaeltacht. Gaeltacht Locations and Profiles (анг.). Údarás na Gaeltachta. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  12. ^ Kearns, Kevin C. Resuscitation of the Irish Gaeltacht. — С. 88-89.
  13. ^ Cork. Cork Gaeltacht Facts (анг.). Údarás na Gaeltachta. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  14. ^ Gaeltacht Area Cork (CSO Area Code GA 01) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  15. ^ Gaeltacht Area Donegal (CSO Area Code GA 02) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  16. ^ Gaeltacht Area Galway (CSO Area Code GA 03) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  17. ^ Gaeltacht Area Kerry (CSO Area Code GA 04) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  18. ^ Kerry. Kerry Gaeltacht Facts (анг.). Údarás na Gaeltachta. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  19. ^ Gaeltacht Area Mayo (CSO Area Code GA 05) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  20. ^ Gaeltacht Area Meath (CSO Area Code GA 06) (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  21. ^ Stenson, Nancy. Language Report: Rath Cairn, the youngest Gaeltacht. — Éire-Ireland. — 1986. — С. 107-118.
  22. ^ Waterford. Waterford Gaeltacht Facts (анг.). Údarás na Gaeltachta. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  23. ^ Канстытуцыя Ірляндыі. Частка «Дзяржава», артыкул 8, п. 2 (анг.) Irish Statute Book Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  24. ^ Official Languages Act 2003 (анг.) Irish Statute Book Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  25. ^ Census 2011 Results. Profile 9: What We Know — Education, skills and the Irish language (анг.). Central Statistics Office. Праверана 17 ліпеня 2014 г.
  26. ^ Public Meeting on Clare Gaeltacht revival // cogar.ie. — 2012.
  27. ^ Gaeltacht Cheanada — Canada's Gaeltacht (анг.). Foras na Gaeilge. Праверана 17 ліпеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]