Хо-чанк
Хо-чанк (саманазва: Ho-chąąnk, літаральна "вялікі голас"), раней вядомы як вінебага (патаватомі: Winnipego, Winnebago, літаральна "смуроднікі") — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Вісконсін, Небраска і Аява. Агульная колькасць (2017 г.) - 7 300 чал.[1]
Хо-чанк Ho-chąąnk | |
Агульная колькасць | 7300 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | чыверэ, хо-чанк |
Рэлігія | анімізм, політэізм, хрысціянства, пеётызм |
Блізкія этнічныя групы | місуры, атоэ, аява |
Гісторыя
правіцьПродкі хо-чанк з'яўляюцца выхадцамі з прадстаўнікоў археалагічнай культуры Онеатэ. Доўгі час насялялі заходні бераг возера Мічыган, дзе ўжо да прыхода еўрапейцаў сутыкнуліся з ціскам плямён алганкінаў. Першыя прамыя кантакты паміж імі і французскімі вандроўнікамі былі ўсталяваны ў 1634 г. Продаж французамі агнястрэльнай зброі алганкінам прывёў да ўзмацнення канфліктаў. У 1642 г. хо-чанк выгналі са сваіх зямель патаватомі, але пры гэтым згубілі некалькі сотняў воінаў. Далейшыя канфлікты і эпідэміі спрыялі хуткаму скарачэнню насельніцтва. У 1736 г. налічвалася толькі 700 чалавек.
Ужо ў XVIII ст. некаторыя групы хо-чанк мігрыравалі на захад сучасных ЗША і Канады. У 1825 г., 1827 г., 1832 г. заключаліся пагадненні з урадам ЗША, якія суправаджаліся тэрытарыяльнымі саступкамі з боку індзейцаў і вылучэннем новых тэрыторый з боку ЗША. У выніку паселішчы хо-чанк з'явіліся ў Мінесоце, Агая і Паўднёвай Дакоце. Частка хо-чанк адмовілася высяляцца з Вісконсіна, што прывяло да сутычак з амерыканскімі ваеннымі і добраахвотнікамі.
Перасяленні хо-чанк працягваліся да 1887 г., пакуль большасць гэтага народа не атрымала землі ўздоўж ракі Місуры. Многія абшчыннікі атрымлівалі яе ў прыватную маёмасць, а потым прадавалі белым фермерам. Такім чынам да I Сусветнай вайны хо-чанк пазбавіліся дзвюх трацін сваёй зямельнай маёмасці. У 1934 г. хо-чанк Небраскі стварылі асабісты аўтаномны ўрад, прызнаны ўладамі ЗША. З 1947 г. развіваецца рух за правы. У 1962 г. пачала дзейнічаць праграма размеркавання зямлі, якая перадавалася ў агульнае карыстанне індзейцаў, што садзейнічала паляпшэнню эканамічнай сітуацыі.
Культура
правіцьТрадыцыйнай гаспадарцы хо-чанк быў уласцівы змяшаны характар. Важную ролю адыгрывала земляробства. Зямлю апрацоўвалі мужчыны, аднак галоўны клопат пра ўраджай ускладаўся на жанчын. Вырошчвалі кукурузу, тытунь, бабовыя, гарбузы. Жанчыны і дзеці таксама займаліся збіральніцтвам. У пачатку XX ст. збор чарніцаў і журавін меў камерцыйны характар.
Хаця тэрыторыі хо-чанк былі багатыя на футравых жывёл, яны ў меншай ступені залежалі ад футравага гандлю, чым іх суседзі-алганкіны. Паляванне з'яўлялася сезонным. Улетку групы мужчын накіроўваліся ў прэрыі на захад для палявання на бізонаў. Такая адыходніцкая здабыча стала магчымай у XVIII ст. дзякуючы асваенню конегадоўлі. Хо-чанк актыўна займаліся рыбалоўствам. Асаблівае значэнне меў лоў асятровых з дапамогай лукаў і дзідаў.
Асноўны від паселішча — вёска. Яны складаліся з доўгіх каркасных хацін, крытых карой, падобных на алганкінскія вігвамы. У цэнтры будавалася вялікая супольная хаціна. Ёй карысталіся для рэлігійных цырымоній, нарад і перагавораў. Улетку жылі ў часовых тыпі за межамі вёскі. Першапачаткова іх таксама крылі карой, але пазней шырока выкарыстоўваліся скура і тканіны. У нашы дні тыпі ўзводзяць толькі ў рытуальных мэтах.
Традыцыйная мужчынская вопратка складалася з вузкіх скураных штаноў і кашулі. Жанчыны апраналі тунікападобныя кашулі і спадніцы. Традыцыйны абутак — скураныя макасіны. Узімку карысталіся шырокімі снегаступамі. Мужчыны і жанчыны мелі доўгія валасы. Жанчынам забаранялася галіць галаву. Падчас вайны або рытуалаў мужчыны фарбавалі твар. У нашы дні народны строй уключае элементы еўрапейскай вопраткі, з'явіліся пацеркі і металічныя брошкі[2].
Першапачаткова хо-чанк падзяляліся на 12 патрылінейных родаў, якія аб'ядноўваліся ў 2 экзагамныя аб'яднанні родаў неба і родаў зямлі. Але падчас перасяленняў XIX ст. колькасць аб'яднанняў павялічвалася. Найбольш пачэснымі родамі лічыліся роды Мядзведзя і Грому. Кожны род меў асабістыя міфы аб паходжанні, табу, звычаі і цырымоніі. Звычайна ў кожнай вёсцы вылучаліся свае правадыры, найчасцей з родаў Мядзведзя і Грому. Правадыр ад рода Грому займаўся судом і рытуаламі, правадыр ад рода Мядзведзя — ваеннымі справамі. Аднак сустракаліся і выключэнні, калі правадыры з іншых родаў дасягалі поспеху дзякуючы асабістым здольнасцям і заслугам. У XIX — пачатку XX стст. амерыканскі ўрад прызначаў правадыроў, што займаліся размеркаваннем прыбыткаў і знешняй дапамогі. Гэта садзейнічала разбурэнню традыцыйнай сістэмы кіравання, але аўтарытэт прызначаных правадыроў ніколі не быў высокім.
Роды складаліся з пашыраных сем'яў. Яны ўзначальваліся мужчынамі, хаця жанчыны займалі дастаткова высокае становішча, захоўваўся адлік сваяцтва па мужчынскай і жаночай лініі. Пашыраныя сем'і мелі адзінае жытло, але знутры яно падзялялася на куты для кожнай нуклеарнай сям'і. Нуклеарныя сем'і ладзілі свой агмень для прыгатавання ежы.
Ідэальнымі лічыліся шлюбы паміж прадстаўнікамі экзагамных аб'яднанняў, але яны маглі заключацца нават паміж блізкімі сваякамі. Маці лічыліся фармальна адказнымі за клопат пра малых дзяцей. Найчасцей іх выхаваннем займаліся старэйшыя дзеці або бабулі і дзядулі. Пасля сталення сацыялізацыяй юнакоў займаліся дзядькі або цёткі па лініі маці. У выхаванні віталіся шчодрасць, сціпласць, прыніжэнне асабістых заслуг.
Перыяд полавага сталення для хлопчыкаў завяршаўся рытуальнымі іспытамі, што суправаджаліся мроямі. Яны вызначалі будучае становішча ў грамадстве. Напрыклад, мроі пра месяц значылі, што хлопчык належаў да жаночых духаў. Ён павінен быў апранацца і весці лад жыцця жанчыны, у далейшым уступаў у гомасексуальны шлюб. Дзяўчынкі лічыліся сталымі пасля першай менструацыі. Падчас менструальных цыклаў жанчыны жылі асобна, праходзілі рытуалы ачышчэння і мрояў.
Для мужчын асаблівае значэнне мела ваенная культура. Кожны мужчына лічыўся воінам manape. Многія хо-чанк прымалі ўдзел у Грамадзянскай вайне ў ЗША і II Сусветнай вайне. У наш час пачэснай з'яўляецца служба ў амерыканскай арміі.
Фальклор хо-чанк адлюстроўвае рэлігійную міфалогію. Папулярны геналагічныя легенды, казанні пра прыгоды культурных герояў-блізнятаў, казкі пра хітрага Малога Зайца.
Мова
правіцьРодная мова хо-чанк Hotcąk першапачаткова уяўляла сабою дыялект заходне-сіўанскай мовы чыверэ. Ужо ў XIX ст. старая чыверэ набыла выключна рытуальны характар, а мова Hotcąk вызначалася як асабная. Граматыка на аснове лацінкі. Алфавіт складаецца з 37 літар і злучэнняў літар[3].
У наш час выкладаецца ў індзейскіх школах Небраскі і Вісконсіна. Пры падтрымцы ўрада ЗША ажыцяўляецца праграма адраджэння гутарковай мовы.
Рэлігія
правіцьПаводле міфаў хо-чанк, шматузроўневы сусвет быў створаны бажаством Ma'una, якое таксама атаесамляецца з Вялікім Духам Waxop'ini Xetera. Людзі займаюць у ім толькі адзін узровень. Хо-чанк лічаць, што Ma'una мае малы ўплыў на сучасны стан, таму шануюць бажаствоў сонца, зямлі, месяца, духаў прыроды. Традыцыйныя рэлігійныя вераванні значна трансфармаваны пад уплывам пеётызму. У нашы дні многія вернікі спавядаюць хрысціянства.
Зноскі
- ↑ Winnebago, Hocak in United States
- ↑ Hochunk Clothing(недаступная спасылка)
- ↑ Hotcąk
Спасылкі
правіцьХо-чанк на Вікісховішчы |
- Winnebago facts, information, pictures
- Winnebago Tribe Tribalpedia Архівавана 2 красавіка 2017.
- Winnebago Tribe of Nebraska Архівавана 2 кастрычніка 2008.
- Ho-Chunk Nation: Hocak
- Ho-Chunk Indian Culture and History