Узбуйненне БССР
Узбуйненне БССР — павелічэнне плошчы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1924 (Першае ўзбуйненне БССР) і 1926 (Другое ўзбуйненне БССР) гадах.
Тэрыторыя і насельніцтва БССР |
---|
1921: 52,4 тыс. км² — 1,5 млн ч. 1924: 110,6 тыс. км² — 4,2 млн ч. 1926: 126,3 тыс. км² — 4,9 млн ч. 1939: 223 тыс. км² — 10,2 млн ч. 1991: 207,6 тыс. км² — 10,3 млн ч. |
Пасля Рыжскага дагавору этнічна беларускія землі былі падзеленыя на тры часткі — заходнюю ў складзе Польшчы, усходнюю ў складзе Савецкай Расіі (перададзены у склад РСФСР яшчэ ў снежні 1919 года), і частку былой Менскай губерні ў складзе ўласна БССР (6 паветаў — Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, часткова Менскі і Слуцкі).
У 1920-я гады тэрыторыя БССР два разы ўзбуйнялася за кошт усходніх этнічна беларускіх зямель.
Першае ўзбуйненне БССР
правіцьУ снежні 1923 года палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦБ КП(б)Б аб далучэнні да БССР «роднасных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах» тэрыторыі, а менавіта Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні, Віцебскую губерню цалкам і Гомельскую губерню цалкам за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні. Аднак хутка спецыяльная камісія ЦВК СССР перагледзела рашэнне палітбюро. У выніку па-за межамі БССР пакідаліся Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і большая частка Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні. Такім чынам, рашэнне аб узбуйненні было прынята ў Маскве і ў сакавіку 1924 года яно было прынята ЦВК СССР. У склад БССР былі перададзены:
- са складу Віцебскай губерні (па межах старога адміністрацыйнага падзелу): Аршанскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі, Сеннінскі і Суражскі паветы;
- са складу Гомельскай губерні: Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі паветы і Дзёрнавіцкая, Мухаедаўская, Нараўлянская, Дудзіцкая са станцыяй Калінкавічы, Крукавіцкая (Савіцкая), Даманавіцкая, Карпавіцкая воласці цалкам і часткі Аўцюцавіцкай, Юравіцкай і Якімава-Слабадской валасцей па межах вёсак Баравікі, Шупейкі, Какуевічы, Аляксандраўка, Малыя Аўцюцавічы і вёска Дамарка Рэчыцкага павета;
- са складу Смаленскай губерні: Горацкі павет цалкам, Казімірава-Слабадская, Старасельская, Шамаўская воласці і часткі Аслянскай, Бохацкай і Соінскай валасцей Мсціслаўскага павета з горадам Мсціславам[1].
Рашэнне фармальна зацвердзіў VI надзвычайны з’езд саветаў БССР. Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйнення павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек. 70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
Другое ўзбуйненне БССР
правіцьПасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 годзе і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам. Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў НКЗС СССР, які 8 верасня 1926 года прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР. Створаная камісія на чале з Я. Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. Аднак ЦК КП(б)Б здолеў пераканаць ЦК УКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР. 4 снежня 1926 года на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) Мікалай Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. Такім чынам, адбылося другое узбуйненне БССР. У выніку другога узбуйнення тэрыторыя БССР павялічылася на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек.
Крыніцы
правіць- ↑ Постановление ВЦИК от 3 марта 1924 г. О передаче Белоруссии районов с преобладающим белорусским населением // Сборник постановлений и распоряжений Всероссийского центрального исполнительного комитета XI созыва и его Президиума. — № 1: Февраль-апрель 1924 года. — Москва: Красный пролетарий, 1924. — С. 7