Пскоў
Пскоў (руск.: Псков) — горад (з 903 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 187,1 тыс. чалавек (2024). Упершыню згадваецца пад 903 годам.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьГорад размешчаны на рацэ Вялікай (упадае ў Пскоўскае возера) пры зліцці яе з Пскавой.
Клімат
правіцьКлімат Пскоў | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 11,0 | 11,3 | 18,5 | 27,6 | 32,0 | 33,6 | 35,0 | 34,6 | 30,3 | 22,6 | 14,1 | 12,4 | |
Сярэдні максімум, °C | −3 | −2,3 | 2,9 | 11,3 | 18,0 | 21,3 | 23,6 | 21,8 | 16,0 | 9,2 | 2,5 | −1 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,6 | −5,5 | −1 | 6,3 | 12,3 | 16,0 | 18,3 | 16,7 | 11,6 | 6,0 | 0,3 | −3,4 | |
Сярэдні мінімум, °C | −8,3 | −8,8 | −4,9 | 1,3 | 6,5 | 10,6 | 13,0 | 11,6 | 7,2 | 2,7 | −1,9 | −5,8 | |
Абсалютны мінімум, °C | −34,9 | −35,3 | −29 | −14,7 | −4,5 | 0,4 | 3,1 | 1,4 | −3,6 | −12,5 | −23 | −28,2 | |
Норма ападкаў, мм | 48,0 | 35,2 | 35,4 | 34,7 | 54,8 | 87,1 | 75,6 | 90,6 | 65,6 | 62,1 | 53,4 | 47,0 | |
Крыніца: Климат, погода г. Псков |
Гісторыя
правіцьУпершыню ў летапісе згадваецца пад 903 годам. З X стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі, а з XII ст. належаў Наўгародскай дзяржаве. У 1240 годзе горад захапілі крыжакі, але ў 1242 годзе яго вызвалілі войскі наўгародскага князя Аляксандра Неўскага.
Самай старажытнай часткай горада з’яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з XIII ст.) каменныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль, альбо Кром. У плане гэта неправільны шматграннік, абнесены каменнымі сценамі з вежамі, якія складзены з вапняковых пліт шэрага колеру. Найбольш вядомыя вежы маюць назвы Куцякрома (1400) і Смердзя. У сярэдзіне XIII ст. зрабілі каменную паўднёвую частку сцяны Крома, т. зв. Першы ці Персі. Сцяна выходзіць на р. Вялікая, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.
З XIII ст. да Крома прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад. На працягу XIV—XV ст. тут узвялі шэсць каменных храмаў і каменныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жолабаў, абгорнутых бяростай.
У 1309 годзе ўзводзяць трэцяе кола гарадскіх сцен і з’яўляецца ўмацаваны «Сярэдні горад». У кан. XIV — пач. XV ст. гарадскія сцены дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 метраў, а таксама зрабілі 6 вежаў з байніцамі. У другой палове XIV ст. узводзіцца новы каменны сабор св. Троіцы, 20 каменных храмаў у розных частках горада і чацвёртае кола гарадскіх сцен, абнесенае глыбокім ірвом. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы.
У канцы XII ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца, быў узведзены першы мураваны Спаса-Міражскі сабор. Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкай цэглы — плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнымі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор Нараджэння Багародзіцы быў узведзены ў 1310 ў Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменнай пліты і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.
З XIV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можна прывесці царкву Успення ў Мялетаве (1463). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.
Пазней, у XVI—XVII стагоддзях у Пскове будавалі вялікія, у некалькі паверхаў, купецкія дамы з тоўстымі сценамі. У сценах былі лесвіцы, пераходы, нішы і схованкі. Аконныя праёмы рабіліся ў выглядзе амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. З боку двара быў высокі ганак на шырокіх слупах з аркамі (да прыкладу — палаты Паганкіных, збудаваныя каля 1645). Пскоўскіх дойлідаў запрашалі на працу ў розныя гарады, у тым ліку, і ў Маскву.
У XIV—XV ст. расквітнела пскоўская школа жывапісу. Творы маюць павышаную экспрэсію вобразаў, падкрэсленасць блікаў і выразнасць мазка пэндзля (напр., фрэскі сабора Раства Багародзіцы і царквы Успення). Да другой паловы XIV ст. адносяцца ўнікальныя абразы «Сабор Маці Божай» і «Параскева Пятніца, Варвара і Улляна».
У XV ст. ўзнікае славуты пскоўска-пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 збудавалі першую падземную пячорную Успенскую царкву. У XVI ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром каменнай сцяной з 9 вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай. У XVI ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух’ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У XVI—XVII стст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.
У 1465 годзе ўзнікае пятае кола гарадскіх сцен Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў. За межамі горада з’явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў альбо слабод пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.
З 1510 у складзе Рускай дзяржавы. У XVI—XVII стст. горад працягваў стабільна развівацца, узрасла шчыльнасць забудовы ў межах сцен Акольнага горада, асвойваліся ўсе прыдатныя для пражывання ўчасткі. У XVI ст. гарадскія сцены мелі даўжыню 9 км і 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грамячая, збудаваная ў 1524 годзе. За межамі гарадскіх сцен развіваўся пасад. Разам з пасадам тэрыторыя Пскова ў XVI—XVII стст. складала каля 428 га; у горадзе і на пасадзе налічвалася каля 40 парафіяльных цэркваў і 46 манастыроў. Насельніцтва Пскова да сяр. XVI ст. склала каля 30 тыс. чал. У Пскове дзейнічалі Нямецкі (Нямецка-шведскі) і Любецкі (Ганзейскі) гасціныя двары.
Пскоў — адна з баз рускіх войскаў падчас Лівонскай вайны 1558—1583, у кан. 1550-х — пач. 1560-х гг. па загадзе цара Івана IV Грознага ўзмоцнены крапасныя сцены Акольнага горада: з дапамогай драўляных прыбудоў пашыраны старыя вежы, з унутранага боку каменнай сцяны ўзведзена драўляная з забітых зямлёй драўляных зрубаў. Важнай старонкай у гісторыі горада стала Пскоўская абарона (1581—1582).
У Смутны час Пскоў да верасня 1608 г. заставаўся верным маскоўскаму ўраду, восенню — зімой 1607 г. у пскоўскія турмы былі дасланыя 400 удзельнікаў паўстання Балотнікава (1606—1607). З верасня 1608 г. да пач. 1610 ваяводамі Пскова былі стаўленікі Ілжэдзмітрыя II, у гэты час у горадзе перыядычна ўспыхвалі сацыяльныя канфлікты, у траўні 1609 горад пацярпеў ад наймацнейшага пажару. У снежні 1611 — маі 1612 у Пскоў знаходзіўся Лжэдзмітрый III. У 1613 на Пскоў і яго наваколлі здзяйснялі напады шведскія войскі і атрады А. І. Лісоўскага. У 1615 г. горад вытрымаў аблогу шведскіх войскаў пад камандаваннем караля Густава II Адольфа.
У XVII ст. Пскоў займаў важнае месца ў знешнім гандлі Рускай дзяржавы. У горадзе склаліся вядомыя купецкія прозвішчы (Карамышавы, Меншыкавы, Паганкіны, Падзноевы, Постнікавы, Русінавы). Тут адбылося адно буйное гарадское Пскоўскае паўстанне (1650).
Адзін з важных цэнтраў збору рускіх войскаў падчас руска-шведскай вайны (1656—1658) і Паўночнай вайны (1700—1721). У 1701—1705 пад асабістым кантролем цара Пятра I горад умацаваны абарончым поясам бастыёнаў, паўбастыёнаў і іншых збудаванняў, у складзе якіх выкарыстоўваліся ўмацаванні XVI—XVII стст. і царкоўныя будынкі, якія прымыкалі да крапасных сцен. Пасля завяршэння Паўночнай вайны і пераносу дзяржаўнай мяжы на захад Пскоў страціў сваё ранейшае ваеннае значэнне.
Цэнтр Пскоўскага павета і Пскоўскай правінцыі (1719—1776) Санкт-Пецярбургскай (да 1710 Інгерманландскай) губерні (1708—1727), Наўгародскай губерні (1727—1772), Пскоўскай губерні (1772—1776). Цэнтр Пскоўскай губерні (1776—1927; у 1777—1796 Пскоўскае намесніцтва). У 2-й пал. XIX — пач. XX ст. адкрыты рух па чыгуначных лініях: Луга — Пскоў (1859), Пскоў — Востраў (1860), Рыга — Валк — Пскоў (1889), Балагое — Пскоў (1897), Нарва — Пскоў — Полацк (1916; разбурана ў 1941—1944).
З 1915 года ў Пскове падчас Першай сусветнай вайны размяшчаўся штаб Паўночнага фронта.
Савецкая ўлада ўстаноўлена 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 года. 24—28 лютага 1918 года горад заняты германскімі войскамі, якія знаходзіліся ў ім да лістапада 1918 года. 25 лістапада 1918 года заняты часцямі РСЧА, 24-26 мая 1919 года — белымі войскамі (у т. л. атрадамі пад камандаваннем С. Булак-Балаховіча) і ваеннымі фарміраваннямі Эстонскай Рэспублікі. 26 жніўня 1919 года пасля жорсткага бою зноў заняты Чырвонай Арміяй[1].
Адукацыя
правіцьГарады-пабрацімы
правіцьВядомыя асобы
правіць- Мікіта Валер’евіч Васільеў (нар. 1992) — расійскі футбаліст.
- Сільвестр Ваявудзкі (1892—1938) — польскі грамадска-палітычны дзеяч.
- Веніямін Аляксандравіч Каверын — пісьменнік.
- Уладзілен Аляксандравіч Кузняцоў (1931—2008) — беларускі вучоны, доктар геолага-мінералагічных навук (1973).
- Павел Віктаравіч Трамповіч — беларускі навуковец і дыпламат.
- Сяргей Юр’евіч Шавялёў — Герой Расійскай Федэрацыі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пскоў
- А. Трусаў. Пскоўская рэспубліка // Наша Слова № 27 (662) 14 ліпеня 2004 Архівавана 20 лістапада 2008.