Ольшанскія могілкі
О́льшанскія могілкі, у беларускіх крыніцах часам Альша́нскія могілкі (чэшск.: Olšanské hřbitovy) — найбуйнейшыя могілкі ў Празе. Размешчаны ў раёне Жыжкаў (Прага 3), станцыя метро «Жэліўскага» (траса А). Найбуйнейшыя могілкі Чэхіі і адны з найбуйнейшых у Еўропе: на іх пахавана каля 2 мільёнаў чалавек, займаюць плошчу больш за 50 га, даўжыня алей складае 42 км.
Ольшанскія могілкі | |
---|---|
чэшск. Olšanské hřbitovy | |
50°04′50″ пн. ш. 14°28′14″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | Прага |
Гістарычны раён | Жыжкаў |
Гісторыя | |
Славутасці | Касцёл Святога Роха , Храм Успення Прасвятой Багародзіцы |
Дата заснавання | 1679 |
Плошча | 50,17 га |
Пахаванні | |
Колькасць пахаваных | каля 2 мільёнаў |
Колькасць пахаванняў | 65 000 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьМогілкі названыя па назве колішняй вёскі Ольшаны каля Жыжкава, вядомай з XIV стагоддзя. У 1679 годзе ўладальнікі маёнтка прадалі гораду частку сваіх зямель, каб хаваць тут памерлых ад чумы[1]. У 1682 годзе пабудаваны касцёл Святых Роха і Разаліі , якія лічыліся заступнікамі цяжка хворых[2]. Калі ў 1787 годзе імператар Іосіф II забараніў пахаванні пры касцёлах у межах горада, прыгарадныя Ольшанскія могілкі, па рашэнні гарадскіх улад, сталі цэнтральнымі для ўсёй правабярэжнай часткі Прагі[1]. Могілкі значна разрасліся і з брацкіх могілак для беднякоў ператварылася ў вельмі прэстыжнае месца, дзе хавалі прадстаўнікоў самых знатных родаў Чэхіі, дзякуючы чаму захавался багатых пахавальняў і раскошных надмагілляў[2].
Вуліца Яна Жэліўскага аддзяляе каталіцкія могілкі ад праваслаўных і яўрэйскіх[2]. Праваслаўны ўчастак гарадскія ўлады вылучылі ў 1905 годзе, дзякуючы клопатам протаіерэя Мікалая Рыжкова, настаяцеля праваслаўнай царквы свц. Мікалая. У наступным годзе сюды перанеслі з ліквідаваных Карлінскіх вайсковых могілак рэшткі 45 «храбрых расійскіх афіцэраў, якія ад атрыманых імі ран у бітве пад Дрэздэнам і Кульмам у жніўні месяцы 1813 года ў горадзе Празе памерлі». Быў таксама перанесены і 7 мая 1906 урачыста адкрыты адрэстаўраваны помнік загінулым[1].
Пасля 1917 года ў Прагу хлынулі эмігранты з Расійскай імперыі. Праваслаўны ўчастак на Ольшанах хутка запоўніўся, і ў 1923 і 1927 яго пашырылі. Выхадцы з Расіі стварылі «Брацтва для пахавання праваслаўных рускіх грамадзян і для аховы і ўтрыманні ў парадку іх магіл у Чэхаславакіі» (скарочана — Успенскае брацтва), якое ўзяло на сябе ўзвядзенне могілкавай капліцы пасля таго, як памяшканне, дзе раней адпявалі праваслаўных, была пераабсталявана ў крэматорый. Храм у неарускім стылі (арх. Уладзімір Брант і студэнты-архітэктараы Пашкоўскі і бар. С. Г. Клот) на галоўнай алеі заклаў 11 верасня 1924 года епіскап Пражскі Сергій (Каралёў). 22 лістапада 1925 года Успенская царква была асвячоная мітрапалітам Яўлогіем (Георгіеўскім) у саслужэнні з прыбыўшым з Сербіі епіскапам Шабацкім Міхаілам, епіскапам Сергіем, архім. Алексіем (Кабалюком) і шматлікім праваслаўным духавенствам з Чэхаславакіі, Францыі, Югаславіі і Прыкарпацкай Русі, у прысутнасці прадстаўнікоў чэхаславацкага ўрада, дыпламатычнага корпуса і мноства гасцей[1]. Царква ўпрыгожваюць мазаікі, выкананыя па эскізах Івана Білібіна. На сцяне храма вісіць дошка ў памяць пахаваных тут воінаў Белай гвардыі[2].
Праект планіроўкі і азелянення тэрыторыі праваслаўнай часткі Ольшанскіх могілак бязвыплатна стварыў чэшскі прафесар К. Машак. Пры гэтым былі высаджаны пароды дрэў, характэрныя для паўночна-заходніх абласцей Расіі[1].
У на праваслаўнай частцы размешчаны тры вайсковыя мемарыялы — чэхам, што загінулі ў час Першай сусветнай вайны, савецкім воінам, якія вызвалялі Прагу (пахаваны 427 салдат), і брытанскім салдатам Другой сусветнай вайны[2].
На поўдзень ад праваслаўнай часткі могілак, за сцяной знаходзяцца яўрэйскія могілкі, на якіх пахаваны Франц Кафка (яго магіла знаходзіцца на ўчастку № 21, каля сцяны)[2].
Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках
правіць- Бернард Бальцана (1781—1848) — чэшскі матэматык, філосаф і тэолаг.
- Аўгусцін Валошын (1874—1945) — першы прэзідэнт Карпацкай Украіны
- Карал Гаўлічак-Бораўскі (1821—1856) — чэшскі палітычны дзеяч, паэт і публіцыст; адзін з заснавальнікаў чэшскай журналістыкі.
- Радала Гайда (1892—1948) — чэхаславацкі военачальнік і палітычны дзеяч.
- Богуслаў Гаўранек (1893—1978) — чэшскі філолаг-багеміст, славіст.
- Яраслаў Гол (1846—1929) — чэшскі гісторык, паэт.
- Клемент Готвальд (1896—1953) — чэхаславацкі камуніст, лідар КПЧ, прэм’ер-міністр (1946—1948) і прэзідэнт (1948—1953) Чэхаславакіі.
- Аляксандр Драйшак (1818—1869) — чэшскі піяніст і кампазітар.
- Ружана Заткава (1885—1923) — чэшская мастачка і скульптар, якая працавала ў кірунку футурызм.
- Вацлаў Кліцпера (1792—1859) — чэшскі пісьменнік і палітычны дзеяч.
- Ян Колар (1793—1852) — славацкі і чэшскі паэт, ідэолаг панславізму.
- Карал Крамарж (1860—1937) — чэшскі палітычны дзеяч, першы прэм'ер-міністр незалежнай Чэхаславакіі (1918—1919).
- Карал Крэйчык (1851—1901) — чэшскі мастак, графік, ілюстратар і карыкатурыст.
- Вілем Курц (старэйшы) (1847—1902) — чэшскі заолаг, педагог і грамадскі дзеяч.
- Алена Ладава (1925—1992) — мастачка, кніжны ілюстратар, сцэнограф і пісьменніца.
- Радаван Лукаўскі (1919—2008) — акцёр і тэатральны педагог.
- Антанін Махек (1775—1844) — чэшскі мастак-партрэтыст.
- Любар Нідэрле (1865—1944) — чэшскі археолаг, этнограф і гісторык-славіст.
- Іржы Ортэн (1919—1941) — чэшскі паэт.
- Ян Отчанашак (1924—1979) — чэшскі пісьменнік і драматург.
- Ян Палах (1948—1969) — студэнт, які здзейсніў самаспаленне ў знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславакіі войскамі Варшаўскага дагавора.
- Карл Франц Піч (1786—1858) — чэшскі арганіст і кампазітар.
- Карал Постл (1769—1818) — чэшска-аўстрыйскі мастак.
- Карал Сабіна (1813—1877) — чэшскі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік і журналіст.
- Францішак Славік (1876—1957) — чэшскі мінералог, геахімік і петрограф, рэктар Карлава ўніверсітэта.
- Антанін Славічак (1870—1910) — чэшскі мастак.
- Ян Сыравы (1888—1970) — камандзір чэхаславацкіх легіёнаў ў Расіі і прэм’ер-міністр Чэхаславакіі.
- Міраслаў Тырш (1832—1884) — прафесар, мастацкі крытык і гісторык, заснавальнік міжнароднай арганізацыі «Сокал».
- Павел Ёзеф Шафарык (1795—1861) — чэшскі і славацкі філолаг, гісторык, паэт; дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.
- Ян Шверма (1901—1944) — Герой ЧССР.
- Францішак Адальф Шуберт (1849—1915) — чэшскі драматург, тэатральны дзеяч, гісторык тэатра.
- Карал Ярамір Эрбен (1811—1870) — чэшскі пісьменнік і збіральнік чэшскага фальклору.
- Ёсеф Юнгман (1773—1847) — чэшскі паэт і філолаг.
- Антанін Янаўшак (1877—1941) — дзеяч чэхаславацкага і сусветнага рабочага руху.
Беларускія дзеячы
правіць- Мікалай Вяршынін (1878—1934) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, консул БНР у Чэхаславакіі. Імя Вяршыніна, праўдападобна, з перасцярогі знікла ў 1950-я гады.
- Васіль Іванавіч Захарка (1877—1943) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Прэзідэнт БНР у 1928—1943 гадах.
- Аляксандр Калоша (1905—1985) — беларускі грамадскі дзеяч. Побач пахаваная жонка Вольга Вяршыніна.
- Пётр Антонавіч Крачэўскі (1879—1928) — беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч. 3-і Старшыня Рады БНР у эміграцыі
- Яўген Аляксандравіч Ляцкі (1868—1942) — беларускі крытык, гісторык літаратуры, даследчык беларускага фальклору.
- Міхаіл Забэйда-Суміцкі (1900—1981) — беларускі спявак, педагог.
Зноскі
- ↑ а б в г д ЦЕРКОВЬ УСПЕНИЯ ПРЕСВЯТОЙ БОГОРОДИЦЫ НА ОЛЬШАНСКОМ КЛАДБИЩЕ. Прага, Чехия.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2017. Праверана 4 сакавіка 2018.
- ↑ а б в г д е Винограды (Vinohrady) — район Праги, находящийся к востоку от Нового города, Чехия(недаступная спасылка)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ольшанскія могілкі
- Беларускі пантэон на Альшанскіх могілках у Празе. ФОТА
- Ольшанскія могілкі ў Празе Архівавана 11 кастрычніка 2010.
- Transcripts of Headstones (англ.)