Nothing Special   »   [go: up one dir, main page]

Аларых II (загінуў у 507 годзе) — кароль вестготаў у 484507 гадах.

Аларых II
гоцк.: 𐌰𐌻𐌰𐍂𐌴𐌹𐌺𐍃 (Alareiks) — «Магутны кароль», лац.: Alaricus II
Гравюра XVIII стагоддзя
Гравюра XVIII стагоддзя
кароль вестготаў
28 снежня 484 — 507
Папярэднік Эйрых
Пераемнік Гезалех
Нараджэнне 458 ці 466
Смерць жнівень 507
Род Балты
Бацька Эйрых[d][1]
Маці Ragnahilda[d]
Жонка Тэадэгонда[d]
Дзеці Амаларых[d][2][3] і Гезалех[d]
Веравызнанне хрысціянін арыянскага толку
Дзейнасць брэвіярый[4]
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Пачатак кіравання

правіць

Аларых II быў сынам Эйрыха і Рагнахільды. На момант свайго ўзыходжання на прастол ён, верагодна, быў яшчэ вельмі юны, з прычыны таго, што Тэадорых Вялікі ў 507 годзе называе яго мужчынам у росквіце сіл[5]. З аднго ліста Сідонія Апалінарыя ад 466/467 года зразумела, што да моманту напісання гэтай ліста Рагнахільда ўжо нарадзіла Аларыха, але ён быў яшчэ маленькім дзіцем. 28 снежня 484 года Аларых заняў у Тулузе прастол свайго бацькі. Крыніцы незвычайна скупа асвятляюць гісторыю кіравання Аларыха II, паведамляючы толькі пра найважнейшыя падзеі, якія адбываліся ў гэты перыяд.[6]

Міжнароднае становішча

правіць

Дапамога остготам

правіць

Напачатку кіраванні Аларыха II становішчу Вестгоцкага каралеўства, здавалася, нічога не пагражае. Улада Аларыха распаўсюджвалася на велізарную тэрыторыю ад Атлантычнага акіяна да Альпаў і ад Гібралтарскага праліва да Луары. Гэта было самая вялікая варварская дзяржава ў Еўропе. Перамогі бацькі Аларыха Эйрыха павялічылі прэстыж вестготаў, якія здаваліся непераможнымі.

У 489 годзе роднасны вестготам народ — остготы, на чале з каралём Тэадорыхам Вялікім выступілі супраць Адаакра, які кіраваў у Італіі, і ўварваліся ў гэту краіну. Спачатку остготы параўнальна лёгка пераадолелі супраціўленне арміі Адаакра, але ўжо ў наступным, 490 годзе той здолеў перайсці ў контрнаступленне і нават аблажыў свайго праціўніка ў Тыцынэ (суч. Павія). І тады на дапамогу остготам прыйшлі вестготы. Вестгоцкая армія, якая ў сваю чаргу ўварвалася Ў Італію, дамаглася зняцця аблогі з Павіі, а затым разам з остгоцкай уступіла ў бой з войскамі Адаакра на рацэ Адзе, і тут 14 жніўня 490 года злучаныя гоцкія сілы ўшчэнт разграмілі разнастайнае войска Адаакра і вымусілі праціўніка схавацца ў Равене. Пасля гэтага вайна ў Італіі звялася да аблогі Равены, якая доўжылася два з паловай гады, але вестготы ў ёй, здаецца, ужо не ўдзельнічалі. Калі Тэадорых у 493 годзе стаў бясспрэчным гаспадаром Італіі, ён аддаў сваю дачку Тыўдыгота ў жонкі Аларыху.[7][8] Гэты шлюб злучыў абодва знатныя гоцкія каралеўскія роды Амалаў і Балтаў. Остгоцкае каралеўства ў Італіі станавілася натуральным саюзнікам Вестгоцкага.[9]

Узаемаадносіны з франкамі

правіць

Тым часам змянілася становішча ў Паўночнай Галіі. Калі вестготы авалодалі Паўднёва-Заходняй і нават Паўднёвай Галіяй, а бургунды — Паўднёва-Усходняй, паўночная частка краіны, дзе яшчэ захоўвалася рымская ўлада, была адрэзана ад Італіі. Там практычна самаўладна кіраваў Эгідзій, а праз некаторы час пасля яго смерці кіраўнікоў Паўночнай Галіі стаў сын Эгідзія Сіягрый. Рыгор Турскі нават называе яго «каралём рымлян» (лац.: rех Romanorum).[10] Гэта, вядома, няслушна, і ён хутчэй за ўсё, меў тытул рымскага патрыцыя, як яго называе яго Фрэдэгар у сваёй «Хроніцы»[11], але ён добра адлюстроўвае рэальнае становішча Сіягрыя. Відаць, паміж Сіягрыем і Аларыхам усталяваліся калі не дружалюбныя, то мірныя і, мабыць, узаемавыгадныя адносіны.

 
Аларых II выдае Сіягрыя паслам Хлодвіга

У 481 годзе каралём франкаў, якія ўжо жылі на паўночным усходзе Галіі, стаў ваяўнічы Хлодвіг I, які перамог у 486 годзе пад Суасонам Сіягрыя. Пераможаны бег у Тулузу, дзе Аларых спачатку падаў яму пытулак. Аднак пазней, калі Хлодвіг пад пагрозай абвяшчэння вайны запатрабаваў яго выдачы, вестготы саступілі. Сіягрый быў закуты, перададзены франкскім пасланцам і затым пакараны смерцю.[10] Гэты ганебны ўчынак Аларыха дазваляе зрабіць выснову аб тым, што вестготы ўсведамлялі ваенную перавагу франкаў. Выдача Сіягрыя не прывяла да ўсталявання добрых адносін з франкамі. Вестготы атрымалі на поўнач ад сваёй мяжы новага і даволі моцнага ворага.

Хлодвіг не абмежаваўся заваяваннем Паўночнай галіі, яго мэтай было падпарадкаванне ўсёй Галіі. А для гэтага было трэба знішчыць вестготаў. У наступныя гады, магчыма, адбываліся сутыкненні з франкамі ў вобласці сярэдняй Луары. У 496 годзе Аларых адбіў горад Сент у Хлодвіга. Такім чынам, за нейкі час да перамогі Аларыха ён знаходзіўся ў руках франкаў. Гэты горад знаходзіўся ў самым сэрцы вестгоцкіх паселішчаў у Аквітаніі. Праз два гады, у 498 годзе франкі занялі нават Бардо, дзе яны захапілі ў палон вестгоцкага герцага Суатрыя.[12] Каля 500 года скарыстаўшыся разладамі ў бургундскім каралеўскім доме, Хлодвіг уварваўся ў Бургундыю. Армія бургундскага караля Гундабада пацярпела паражэнне, і сам кароль насілу выратаваўся. Але франкі, вырашыўшы, што яны значна саслабілі Бургундскае каралеўства, сышлі, а Гундабад звярнуўся па дапамогу да Аларыха. І той, цвяроза ацаніўшы становішча, прыйшоў да яго на дапамогу. З дапамогай вестготаў Гундабад разграміў свайго брата Гадэгізеля, якого падтрымлівалі франкі. Франкскіх палонных Гундабад адправіў у Тулузу да Аларыха.[13] Гундабад, які атрымаў перамогу, ва ўзнагароду за дапамогу ў 501 годзе саступіў готам Авіньён. Каля 502 года гэтыя сутыкненні скончыліся. Паколькі Аларых II і Хлодвіг сустрэліся на востраве пасярод Луары ў Амбуаза,[14] мяжа паміж вестготамі і франкамі, верагодна, праходзіла менавіта па гэтай рацэ. Пра што вяліся перамовы, невядома, але цалкам магчыма, гаворка ішла пра ўзаемнае прызнанне ўладанняў.[15][16]

Падзеі ў Іспаніі

правіць

Паўстанне Бурдунела

правіць

У час канфлікту з франкамі вестготы былі вымушаны ваяваць і ў Іспаніі. Сарагоская хроніка паведамляе, што ў 496 годзе ў Іспаніі падняў паўстанне нейкі Бурдунел, які ў наступным годзе быў выдадзены сваімі набліжанымі і спалены ў Тулузе ў медным быку.[17] Пра выступленне Бурдунела вядома вельмі мала. Яго імя — кельцкае, і, хоць само па сабе яно яшчэ не гарантуе яго мясцовага паходжання, робіць яго ўсё ж больш верагодным. Важна і паведамленне хронікі пра захоп ім тыраніі. І ў познеантычных, і ў раннесярэднявечных аўтараў паняцце тыраніі злучаецца не з народным выступленнем (якое звычайна прыраўноўваецца да разбойнага), а з узурпацыяй улады з боку параўнальна высокапастаўленага дзеяча. Таму гаворка відавочна не можа ісці пра народнае выступленне, падобнае да паўстання багаўдаў. Бурдунел трымаўся ва ўладзе даволі доўга. Гэта сведчыць пра наяўнасць у яго нейкай падтрымкі. Можа быць, гэту падтрымку яму аказала мясцовая іспана-рымская знаць, якая спадзявалася з яго дапамогай вызваліцца ад падпарадкавання вестготам. У хроніцы нічога не гаворыцца пра раён паўстання. Аднак, на падставе таго, што ўсе падзеі згадваныя ў Сарагоскай хроніцы звязаны з самой Сарагосай, можна зрабіць выснову, што выступленне адбылося дзесьці ў Тараконскай Іспаніі.[18]

Паўстанне Пятра

правіць

У 506 годзе, як паведамляе Сарагоская хроніка, готы ўзялі Тартосу і забілі тырана Пятра, галава якога была дастаўлена ў Сарагосу.[19] У адрозненне ад імя Бурдунел імя Пётр было ўжо вядомым і даволі распаўсюджаным хрысціянскім імем. Сярод готаў такія імёны распаўсюджаны яшчэ не былі, так што Пятра можна з поўным правам лічыць іспана-рымлянінам. Тартоса размешчана ў ніжнім цячэнні ракі Эбра недалёка ад мора. Такім чынам, арэнай выступлення Пятра была (і цяпер у гэтым ужо нельга сумнявацца) Тараконская Іспанія. Менш чым праз дзесяць гадоў гэта правінцыя (прынамсі, яе частка) ізноў узнялася супраць вестготаў. Не выключана, што Пётр і Бурдунел былі нейкім чынам звязаны з франкамі.[20][21]

Зыход вестготаў у Іспанію

правіць
 
Аларых II — кароль вестготаў. Карціна мастака Карлас Марыя Эсківель (1830—1867). Напісана ў 1856 годзе. Будынак Кангрэса дэпутатаў Іспаніі

Цікава, што Іберыйскі паўвостраў упершыню набыў важнае значэнне ў вачах вестготаў толькі пры з’яўленні франкскай пагрозы. Датуль яны, хоць і падпарадкавалі сабе значную частку Іберыйскага паўвострава, але самі займалі толькі найважнейшыя апорныя пункты; з упэўненасцю можна казаць толькі пра прысутнасць вестготаў у Мерыдзе, дзе ў 483 годзе вестгоцкі герцаг сумесна з епіскапам паклапаціліся пра аднаўленне разбуранага моста праз Гвадыяну. Магчыма, нейкаторыя готы пасялілася ў старажытнакастыльскай Месеце, прыблізна ў вобласці Паленсіі, пасля перамогі над свевамі. Пры рымлянах Іспанія здавалася прыдаткам Галіі. Працэс раманізацыі таксама не закрануў яе (за выключэннем узбярэжжа Міжземнага мора) у такой значнай ступені, як Галію. Пачынаючы з 409 года, гэта краіна надзвычай пацярпела ад нападаў вандалаў, аланаў і свеваў. Хоць пасля знішчэння аланаў (416418) і сыходу вандалаў у 429 годзе, утварыўся пэўны вакуум улады, які не здолела запоўніць Рымская імперыя, вестготы пачалі браць удзел у іспанскіх справах (і то вельмі нерашуча) толькі з 456 года. Пасля гэтага, у другой палове V стагоддзя яны паступова далучылі гэты паўвостраў да сваіх уладанняў. Рух ажыццяўляўся некалькімі хвалямі. Ужо ў 494 годзе Сарагоская хроніка паведамляе, што готы ўвайшлі ў Іспанію[22], а пад 497 годам, што яны атрымалі месцы для паселішча ў Іспаніі[23]. Які дакладны змест маюць гэтыя кароткія паведамленні, спрэчна: адны даследчыкі мяркуюць (і гэта традыцыйны пункт гледжання), што гаворка ідзе пра пачатак перасялення вестготаў з Галіі ў Іспанію, іншыя — пра ваенную аперацыю готаў. Хоць на землях паміж Луарай і Гаронай, якія апынуліся пад непасрэднай пагрозай нападаў франкаў, жыла вельмі невялікая колькасць вестготаў, тым не менш, ужо тады перасяляцца ў Іспанію вырашыліся іх шматлікія супляменнікі з карэнных абласцей вестгоцкіх паселішчаў.[24][25]

Унутраная палітыка

правіць
 
Аларых II. Выява на геме. Вена. Музей гісторыі мастацтваў

Адносіны Аларыха са сваімі падданкамі артадаксальна-нікейскай веры

правіць

Ваенныя дзеянні 90-х гадоў апынуліся толькі прэлюдыяй да вырашальнай сутычкі паміж франкамі і вестготамі. Велізарнае значэнне тым часам набывае рэлігійнае пытанне. Яшчэ ў 90-я гады V стагоддзя Хлодвіг прыняў хрысціянства ў яго артадаксальна-нікейскай форме, а ўслед за ім артадаксальнае хрысціянства становіцца і рэлігіяй усіх франкаў. Гэта давала Хлодвігу перавагі ў яго палітыцы, паколькі вестготы, таксама як і остготы і бургунды, былі арыянамі, у той час як мясцовае насельніцтва іх дзяржаў прытрымлівалася артадаксальна-нікейскай веры. Рыгор Турскі піша, што шматлікія жыхары Галіі тады жадалі быць пад уладай франкаў.[14] Вядома, гэта зразумелае перабольшанне аўтара «Гісторыі франкаў», які жыў да таго ж пад уладай франкскіх каралёў, але ўсё ж у нейкай меры адлюстроўвае настроі артадаксальна-нікейскіх падданак Аларыха і асабліва артадаксальнага кліру. Аларых жа вагаўся паміж антыартадаксальнымі рэпрэсіямі і прыцягненнем нікейцаў да сваёй падтрымкі. З аднаго боку, былі сасланы некаторыя епіскапы, у тым ліку адзін з найвыдатных тэолагаў таго часу Цэзарый Арльскі, які быў сасланы ў Бардо. Яшчэ больш суровым чынам расправіўся Аларых з турскім епіскапам Валузіянам. У яго справе палітычная падаплёка была яшчэ яснейшая: ён быў западозраны ў імкненні перайсці пад уладу франкаў[26], і за гэта ён не толькі быў зняты з біскупскай кафедры, але і адправіўся ў выгнанне ў Іспанію, гэта значыць як мага далей ад франкскай мяжы.[27] Артадаксальна-нікейскае духавенства было пазбаўлена падараваных яму рымскімі імператарамі прывілеяў у падатковай вобласці.

З іншага боку, менавіта Аларых II імкнуўся да наладжвання добрых кантактаў з рымлянамі. Так, магчыма, пры яго садзейнічанні адбылося правядзенне цыркавых гульняў у Сарагосе ў 504 годзе.[28] Арганізацыя гульняў лічылася імператарскім прывілеем; Аларых мог разлічваць паўстаць, такім чынам, перад рымлянамі ў абліччы спадчынніка імперыі. На адной геме мы бачым Аларыха з рымскай прычоскай і па-рымску паголенай барадой. Прымаючы да ўвагі, якое значэнне ў ранняе Сярэднявечча надавалася знешняму абліччу ў якасці знешняга знака прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы, можна па заслугах ацаніць важнасць такіх паводзін Аларыха.[29][30]

Рымскі закон вестготаў

правіць
 
Брэвіярый Аларыха II. Захоўваецца ва ўніверсітэце Аверні. Клермон. Францыя

З імкненнем урэгуляваць адносіны са сваімі раманскімі падданымі звязана і заканадаўчая дзейнасць Аларыха. Прыняты пры яго бацьку кодэкс адносіўся толькі да готаў. Раманскае ж насельніцтва працягвала жыць па старых рымскіх законах. Пры Аларыху быў складзены Рымскі Закон Вестготаў, таксама вядомы пад назвай «Брэвіярый Аларыха». У гэты збор была ўключана большасць законаў з Кодэкса Феадосія, навелы позніх імператараў да Лівія Севера і фрагменты з твораў антычных юрыстаў. Законы, якія больш не адказвалі новым умовам, былі выкінуты. Так, у зборы адсутнічаюць законы, якія закраналі б царкоўныя пытанні і былі б накіраваны на дыскрымінацыю арыянства. Былі выключаны і некаторыя састарэлыя артыкулы пра сенатарскае званне, а да іншых былі дададзены тлумачэнні, якія істотна змянялі іх сэнс. Амаль да ўсіх законаў былі дададзены тлумачэнні, якія часта браліся з вельмі старажытных юрыдычных крыніц і ў некаторых выпадках нават радыкальна мадыфікавалі сам змест артыкулаў. Верагодна, 2 лютага 506 года вестгоцкі граф Гаярых апублікаваў Рымскі Закон Вестготаў перад сходам артадаксальных епіскапаў і знатных рымлян.

 
Залаты трэміс Аларыха II

Складанне гэтага кодэкса не варта прымаць за нейкую саступку Аларыха II у адносінах да рымскага насельніцтва. Хутчэй яно стала следствам суверэннага права вестгоцкага цара. Збор Аларыха II адыграў вялікую ролю ў будучым лёсе рымскага права ў Заходняй Еўропе; на працягу некалькіх стагоддзяў рымскае права было вядома толькі ў той форме, якую надалі яму прававеды вестгоцкага караля. Пад уладай вестготаў рымляне жылі ў вельмі спрыяльных умовах. Гэта, перш за ўсё, адносіцца да ніжэйшых пластоў насельніцтва, якія ў Рымскай імперыі былі прыгнечаны надзвычай цяжкімі падаткамі.

Уводзячы ў сілу новы збор, вестгоцкі кароль пераследваў шэраг мэт. Па-першае, гэтым зборам палягчалася судаводства, бо з гэтага часу суддзі маглі ўжо кіравацца адным дакументам, а не губляцца ў масе разнастайных актаў. Па-другое, замацоўвалася ў прававым плане падзел вестготаў і рымлян, бо цяпер для дзвюх груп насельніцтва дзейнічалі два розных кодэксы: Эйрыха для вестготаў і Аларыха для рымлян. У трэціх, набывалася юрыдычная незалежнасць вестгоцкага каралеўства ад Візантыі, бо з гэтага часу на яго тэрыторыі дзейнічаў уласны збор законаў, і заканадаўчыя акты Канстанцінопаля ўжо не мелі сілы для рымскіх падданых Аларыха. Цікава, што дата ўвядзення ў сілу гэтага кодэкса вызначана паводле гадоў кіравання Аларыха, а не рымскага імператара. Вестгоцкі кароль падкрэсліваў не толькі сваю поўную незалежнасць ад імперыі і юрыдычная роўнасць з імператарам, але і тое, што рымляне, якія жывуць на тэрыторыі яго каралеўства, з’яўляюцца выключна яго падданымі. У чацвёртых, прыцягваючы да заканадаўства рымскіх юрыстаў і раячыся з царкоўнай і свецкай знаццю падпарадкаванага рымскага насельніцтва, кароль імкнуўся паказаць сваю сімпатыю да рымскіх і артадаксальна-нікейскіх падданых.[31][32]

Агдскі сабор

правіць
 
Статуя Аларыха II на балюстрадзе Каралеўскага палаца ў Мадрыдзе

Спрабуючы заручыцца падтрымкай артадаксальна-нікейскага епіскапата гальскай часткі краіны з прычыны пагрозы франкскага ўварвання, Аларых санкцыянаваў сход сабору. 10 верасня 506 года ў Агдзе адбыўся сабор артадаксальнай царквы Каралеўства вестготаў, у якім прыняў удзел 24 епіскапы. Хоць адсутнічалі епіскапы з іспанскай часткі дзяржавы (мабыць, іх пазіцыя ў той момант вестгоцкага караля не цікавіла), мы можам гаварыць аб тым, што гэта быў дзяржаўны сабор: першы ў германскай дзяржаве, з прычыны таго, што епіскапы Франкскай дзяржавы сабраліся толькі ў 511 годзе ў Арлеане, а епіскапы краіны бургундаў — у 517 годзе. Пасяджэнні сабора вёў Цэзарый Арльскі, які яшчэ зусім нядаўна жыў у выгнанні ў Бардо. Ён быў не толькі незвычайна адукаваным чалавекам, уплыў якога на царкоўнае жыццё таго часу немагчыма пераацаніць, але і ў якасці мітрапаліта Арльскага спадчыннікам традыцыі, якая імкнулася да абмежавання рымскага ўплыву на гальскую царкву. З прычыны таго, што высілкі Аларыха II, накіраваныя на стварэнне незалежнай вестгоцкай царквы, супадалі з патрабаваннямі Цэзарыя, апошні мог нават спадзявацца заняць месца першага патрыярха артадаксальнай царквы дзяржавы вестготаў. Пастановы сабора адносіліся да ўрэгулявання практычных пытанняў царкоўнага жыцця; пры гэтым выкарыстоўваліся і раннія царкоўныя юрыдычныя крыніцы, перш за ўсё збор канонаў з Арля.[33][34]

Значэнне палітыкі Аларыха

правіць

У адрозненне ад Эйрыха, які пераследваў артадоксаў-нікейцаў, яго пераемнік Аларых II, прынамсі, да канца свайго кіравання, праводзіў іншую царкоўную палітыку, якая абяцала вялікія поспехі. У нас няма звестак пра першыя гады яго валадарання. І, тым не менш, выданне Рымскага Закона Вестготаў азначала пэўнае паляпшэнне становішча для артадаксальнай царквы, з прычыны таго, што ў кодэкс была ўключана тая частка рымскіх імператарскіх законаў, якая ўсталёўвала яе статус. Гаворка ішла пра ўзаконьванне юрыдычнага становішча царквы. Для характарыстыкі царкоўнай палітыкі Аларыха II характэрна, што ён не дазволіў увесці ў Рымскі Закон Вестготаў 17-ю навелу Валентыніяна III; у ёй імператар на дзяржаўным узроўні санкцыянуе вярхоўную ўладу папскага прастола над гальскай царквой. У гэтым выразна выяўляецца намер Аларыха II ператварыць артадаксальную царкву вестгоцкай дзяржавы ў адасобленую царкву і агарадзіць яе ад старонняга ўплыву.[34]

Значэнне ўсёй палітыкі Аларыха II складаецца ў тым, што ён распачаў шырокамаштабную спробу інтэграваць артадаксальнае насельніцтва ў вестгоцкую дзяржаву. Гэта гаворыць аб тым, што Аларых II ні ў якім разе не быў слабым ці малаважным кіраўніком. Ён ажыцяўляў зусім новую канцэпцыю ўнутрыпалітычнага развіцця, мэтай якой было ўсталяванне гарманічных узаемаадносін паміж артадоксамі-рымлянамі і арыянамі-вестготамі. Кароль намерваўся кіраваць абодвума плямёнамі на абсалютна раўнапраўных пачатках. І ўсё ж царкоўная палітыка, распачатая выданнем Рымскага Закона Вестготаў і працягнутая Агдскім саборам, ні да чаго не прывяла. Перамогі франкаў перапынілі гэты шматспадзеўны працэс. Развал Тулузскай дзяржавы перашкодзіў правядзенню запланаванага на 507 год дзяржаўнага сабору, які павінен быў адбыцца ў Тулузе і ў якім павінны былі ўдзельнічаць і іспанскія епіскапы.[34]

Разгром Тулузскага каралеўства

правіць

Расклад сіл

правіць

Заключаны ў 502 годзе мір з франкамі быў парушаны Хлодвігам. Тэадорых Вялікі згадвае ў адным лісце, напісаным каля 507 года, што франкі занялі вестгоцкую вобласць, і, што ў баях загінуў адзін з членаў каралеўскага роду. Кароль остготаў, дачка якога Тыўдыгота стала жонкай Аларыха II, спрабаваў абараніць свайго зяця, тым больш што гаворка ішла пра падтрыманне пажаданай для Тэадорыха «раўнавагі сіл». Параіўшы Аларыху II нічога не прадпрымаць, ён звярнуўся да Хлодвіга з заклікамі да міру, і прыстрашыў у выпадку адмовы ваеннай інтэрвенцыяй. Заходнім эрулам, варнам і цюрынгам Тэадорых нагадаў пра дабрадзействы Эйрыха, каб тыя аказвалі процідзеянне салічным франкам на Ніжнім Рэйне. У гэтай сітуацыі вялікае значэнне набыла пазіцыя бургундскага караля Гундабада. Яго сын, як і Аларых, быў жанаты з дачкой Тэадорыха, зусім нядаўна вестгоцкі кароль актыўна дапамог яму ў барацьбе з братам, якога не менш актыўна падтрымлівалі франкі. Гундабад, як і Аларых і Тэадорых, быў арыянінам. Франкі былі супернікамі бургундаў у барацьбе за ўладу ў Галіі, а нядаўнія падзеі паказалі, што яны гатовыя пры зручным выпадку ўмяшацца ў справы Бургундыі. Усё гэта, здавалася, павінна было схіліць бургундскага караля да падтрымкі Аларыха ці, прынамсі, да нейтралітэту. Але, з іншага боку, і вестготы былі супернікамі бургундаў, а саюз двух гоцкіх каралеўстваў быў вельмі небяспечны не толькі для Хлодвіга, але і для Гундабада. Ды і сварыцца з Хлодвігам, які усё больш набіраў сілу, было для яго небяспечна. Не меншае значэнне мела імкненне бургундаў захапіць паўднёва-ўсходнюю частку Галіі, якая належала вестготам, каб выйсці да міжземнаморскага ўзбярэжжа. Усё гэта прывяло да таго, што ўрэшце Гундабад далучыўся да Хлодвіга ў вайне з вестготамі. Не выключана, што паміж імі была заключана дамоўленасць пра падзел гальскіх уладанняў вестготаў. Остгоцкі кароль раіў бургундам адмовіцца ад самагубнай кааліцыі з Хлодвігам. Аднак заклікі Тэадорыха засталіся дарэмныя. Цалкам магчыма, што да нападу на вестготаў Хлодвіга падбухторваў канстанцінопальскі двор, бо поспех Хлодвіга азначаў адначасовае паслабленне палітычнага становішча Тэадорыха Вялікага.[35]

Бітва пры Пуацье. Смерць Аларыха II

правіць
 
Хлодвіг I забівае Аларыха II. Мініяцюра XIV стагоддзя, Нацыянальная бібліятэка Францыі, Парыж

Верагодна, Хлодвіг I перайшоў у наступ, з прычыны таго, што вырашальная бітва адбылася ў Пуацье, глыбока ў вестгоцкіх уладаннях. (З нагоды месцы бітвы ідуць спрэчкі. Шырока распаўсюджаная лакалізацыя месца бітвы пры Вуе не падмацавана надзейнымі данымі). У канцы лета 507 года войска вестготаў пацярпела разгромнае паражэнне. Аларых II загінуў у баі, нібы ад рукі самага Хлодвіга.[36][37][38] Пераможцы хутка пракраліся ў цэнтральныя вобласці вестгоцкай дзяржавы і ўзялі Бардо і Тулузу, дзе ў іх рукі патрапіла частка каралеўскай скарбніцы.[36] Памылкова гаварыць аб тым, што ўся каралеўская скарбніца была выяўлена франкамі ў Тулузе. З паведамлення Пракопа Кесарыйскага высвятляецца, што, прынамсі, значная частка скарбніцы была перавезена для бяспекі ў Каркасон.[7] Сын Хлодвіга Тэадорых заняў Авернь; рымская знаць гэтай вобласці ваявала ў бітве пры Пуацье на баку вестготаў. Кіраваў супраціўленнем Апалінарый, сын Сідонія Апалінарыя, які пры Аларыху II быў вернуты з выгнання і прызначаны комітам Аверні.[39] Пазней ён, пайшоў па стопах бацькі, у 515 годзе стаў епіскапам горада Клермона.[30]

Прычыны паражэння вестготаў

правіць

Прычыну разгромнага паражэння, якое прывяло да страты амаль усёй гальскай паловы вестгоцкай дзяржавы, не варта бачыць у напружаных адносінах паміж арыянамі-вестготамі і артадоксамі-рымлянамі, якія нібы жадалі перамогі артадаксальнаму каралю франкаў. Палітыка прыцягнення гальскай знаці, якая праводзіцца, хоць і з ваганнямі, Аларыхам, часткова дала свае плады, што відаць хоць бы на прыкладзе выступлення супраць франкаў Апалінарыя, сына Сідонія Апалінарыя.

Найбольш верагодным здаецца пункт гледжання, паводле якога паражэнне стала следствам ваеннай перавагі франкаў. Тое, што яны маглі выставіць насамрэч вялікае войска, пацвярджаецца іх паспяховымі дзеяннямі супраць остготаў і візантыйцаў у гоцкай вайне. Да таго ж арыентаваныя на блізкі бой франкі маглі быць надзвычай небяспечнымі для вестготаў, для якіх звыклым быў толькі конны бой на адлегласці. У тым, што адно ваеннае паражэнне прывяло да развалу дзяржавы, не апошнюю ролю адыграла смерць Аларыха і адсутнасць абвешчанага сталага спадчынніка; у першыя тыдні пасля паражэння, як відаць, не знайшлося нікога, хто змог бы аб’яднаць сілы вестготаў. Сарагоская хроніка цалкам дакладна перадае наступствы бітвы, калі гаворыць, што «Тулузскае каралеўства было разбурана франкамі».[40] Смерць караля, захоп вобласці паселішча, страта часткі каралеўскай казны тлумачаць і пацвярджае выказванне храніста.[41]

Жонкі і дзеці

правіць

Аларых II кіраваў 23 года.[42].

Дынастыя каралёў вестготаў
Папярэднік:
Эйрых
 кароль вестготаў 
484 — 507
Пераемнік:
Гезалех

Крыніцы

правіць
  1. Аларих II // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. I. — С. 354.
  2. Амаларихъ // Энциклопедический лексиконСПб.: 1835. — Т. 2. — С. 64.
  3. Amalaric // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 1. — P. 777.
  4. Czech National Authority Database Праверана 8 студзеня 2023.
  5. Касіядор, 3, 4
  6. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 28.
  7. а б Прокопий Кесарийский. Война с готами, кн. I, гл. 12.
  8. Іардан. Гетыка. 298
  9. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 179.
  10. а б Григорий Турский. История франков, кн. II, 27.
  11. Фредегар. Хроника, кн. III, 15.
  12. «Капенгагенскі працяг „Хронікі“ Праспера Аквітанскага» Архівавана 24 верасня 2015.
  13. Григорий Турский. История франков, кн. II, 33.
  14. а б Григорий Турский. История франков, кн. II, 35.
  15. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 180.
  16. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 28—29.
  17. Сарагоская хроніка, 496—497 год (электронная версія).
  18. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 185—188.
  19. Сарагоская хроніка, 506 год (электронная версія).
  20. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 188.
  21. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 29.
  22. Сарагоская хроніка, 494 год (электронная версія).
  23. Сарагоская хроніка, 497 год (электронная версія).
  24. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 182—185.
  25. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 29, 51—52.
  26. Григорий Турский. История франков, кн. X, 31.
  27. Григорий Турский. История франков, кн. II, 26.
  28. Сарагоская хроніка, 504 год (электронная версія).
  29. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 189—190.
  30. а б Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 30.
  31. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 191—192.
  32. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 38.
  33. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 190—191.
  34. а б в Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 42.
  35. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 192—193.
  36. а б Григорий Турский. История франков, кн. II, 37.
  37. Гальская хроніка 511 года. 688 [1]
  38. Павел Дыякан. Рымская гісторыя. XVI, 10
  39. Кніга гісторыі франкаў, 17.
  40. Сарагоская хроніка, 507 год (электронная версія).
  41. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 30—31.
  42. Хроника вестготских королей, гл. 10. У запісе аб 485 годзе ў «Сарагоскай хроніцы» таксама гаворыцца пра 23 гады яго кіравання. Рыгор Турскі апавядае пра 22 гады яго кіравання

Літаратура

правіць
  • Григорий Турский. История франков = Historia Francorum. — М.: Наука, 1987. — 464 с.
  • Прокопий Кесарийский. Война с готами // Прокопий Кесарийский. Война с готами. О постройках / Пер. П. С. Кондратьев. — М.: Арктос, 1996. — 167 с. — ISBN 5-85551-143-X
  • Хроника вестготских королей // Опыт тысячелетия. Средние века и эпоха Возрождения: быт, нравы, идеалы / Сост. М. Тимофеев, В. Дряхлов, Олег Кудрявцев, И. Дворецкая, С. Крыкин. — М.: Юристъ, 1996. — 576 с. — 5000 экз. — ISBN 5-7357-0043-X
  • Иордан. О происхождении и деяниях гетов / Вступ. статья, пер., коммент. Е. Ч. Скржинской. — СПб.: Алетейя, 2013. — 512 с. — (Византийская библиотека. Источники). — ISBN 978-5-91419-854-8
  • Хервиг Вольфрам. Готы. От истоков до середины VI века / Перевод с немецкого Б. Миловидов, М. Щукин. — СПб.: Ювента, 2003. — 654 с. — (Историческая библиотека). — 2 000 экз. — ISBN 5-87399-142-1
  • Клауде Дитрих. История вестготов / Перевод с немецкого. — СПб.: Издательская группа «Евразия», 2002. — 288 с. — 2 000 экз. — ISBN 5-8071-0115-4
  • Циркин Ю. Б. Античные и раннесредневековые источники по истории Испании. — СПб.: Филологический факультет СПбГУ; Изд-во С.-Петерб. ун-та, 2006. — 360 с. — 1000 экз. — ISBN 5-8465-0516-3, ISBN 5-288-04094-X
  • Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — СПб.: Филологический факультет СПбГУ; Нестор-История, 2010. — 456 с. — 700 экз. — ISBN 978-5-98187-528-1
  • Западная Европа. // Правители Мира. Хронологическо-генеалогические таблицы по всемирной истории в 4 тт. / Автор-составитель В. В. Эрлихман. — Т. 2.

Спасылкі

правіць