Інка
Інка, Інка Капак (кечуа: Inka Qhapaq) — тытул звязанай вузамі крэўнае роднасці вышэйшай знаці ў Імперыі інкаў Таўанцінсую, якая ўяўляла сабой асобую этнакультурную супольнасць. Паўнавартасным інкам мог лічыцца толькі прамы нашчадак Манка Капака ды Мамы Окльё як па мужчынскай, так і па жаночай лініях. Дзяўчаты роду інкаў насілі тытул Н’юста (кечуа: Ñust'a), а замужнія жанчыны — Палья (кечуа: Palla).
Апроч інкаў па крыві, існаваў слой так званых «інкаў паводле прывілею» — людзей ніжэйшага паходжання, што атрымоўвалі права клікаць сябе інкамі ды насіць вопратку інкаў за тыя ці іншыя асабістыя заслугі.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Аб паходжанні інкаў няма дакладных дадзеных, хаця існуе мноства легенд. Аднак усе гэтыя легенды указваюць на ваколіцы возера Ціцікака, што можа быць расцэнена як аргумент на карысць таго, што прарадзімай інкаў сапраўды быў гэты раён. Ёсць гіпотэза, што інкі з’яўляліся спадкаемцамі дынастыі уладароў Ціўанака або, менш верагодна, Ўары (абедзве гэтыя цывілізацыі прыйшлі ў поўны заняпад да канца ХІІ стагоддзя), але ці так гэта насамрэч, даведацца наўрад ці калі-небудзь прадставіцца магчымым.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Хаця ўсе інкі, безумоўна, дасканала валодалі кечуа, паміж сабой яны, паводле сведчанняў многіх храністаў, размаўлялі на асобай мове капак сімі (кечуа: Qhapaq Simi — «мова цароў»), пра якую, на жаль, вядома замала. Найбольш верагоднае збліжэнне гэтай мовы са зніклай мовай пукіна (ісп.: puquina), але, маюцца недаказаныя версіі, што капак сімі быў дыялектам аймара ці уру (сям’я уру-чыпая).
Сацыяльная структура
[правіць | правіць зыходнік]Ачольваў інкаў (ды наогул усю дзяржаву) Сапа Інка (кечуа: Sapa Inka), літ. «Адзіны Інка». Ягоная галоўная жонка паводле звычаю мусіла даводзіцца яму роднай сястрой, яна насіла тытул Куя (кечуа: Quya).
Інкі падзяліліся на так званыя айлью (ад кечуа: Ayllu — абшчына). Кожная айлью вяла свой пачатак па мужчынскай лініі ад таго ці іншага Сапа Інкі; усе сыны чарговага Сапа Інкі (апрача спадкаемцы прастолу) утваралі новую айлью, што насіла ягонае імя.
Атрыманне ў спадчыну прастолу адбывалася па мужчынскай лініі, ды Сапа Інка мог абраць спадкаемцам любога з сыноў, неабавязкова старэйшага. Акрамя таго, ёсць цьмяныя указанні на тое, што Сапа Інка мог быць змешчаны з прастолу воляй іншых інкаў у выпадку, калі ягоная дзейнасць была няўдалай.
Колькасць інкаў падуладных ім народаў (кечуа, аймара) дасягала 10 мільёнаў, з якіх 200 000 служылі ў арміі.